epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чортаў скарб

У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць, адна хата.

А жыў у гэтай хаце селянін па імені Янка. Здаровы, як зубр, добры і не дужа мудры. Было ў яго пяцьдзесят сыноў, сорак валоў і кошка. Ну, можа, не пяцьдзесят сыноў, а тры, не сорак валоў, а два. Але кошка была, гэта ўжо можаце мне паверыць. Пярэстая. З чатырма лапамі. З адным хвастом.

Араў Янка зямлю, пасвіў каровы і хмары. І жыў бы зусім добра, каб не звалілася на яго бяда.

Было гэта даўно. Так даўно, што на Беларусі тады яшчэ вадзіліся чэрці. І ў кожнага з тых чарцей было сваё месца працы.

Адзін жыў у вадзе, пасвіў шчупакоў, лінёў ды акунёў. Быў зялёны і калматы, вельмі падобны на купу твані. Звалі яго Вадзянік.

Другі жыў у лесе, пасвіў аленяў і быў падобны на аброслы мохам пень. Калі сустрэнеш, то і не адрозніш. Звалі яго Лесавік.

Але быў і трэці, што жыў па хатах і пасвіў цвыркуноў. Гэта быў самы шкодны. Рожкі ў яго былі, як у козкі, зубкі, як часначок, хвосцік, як памялцо.

І аблюбаваў гэты чорт Янкаву хату. І не тое каб са злосці шкодзіў, а проста быў свавольнік. Толькі ад тых свавольстваў Янку аж плакаць хацелася. Дзіва што! Ты ж таксама не ад злосці сваволіш? Ну вось, а бацькі часам плачуць. Кепска!

Не стала ў хаце ад чорта спакою. Пазаплятае коням грывы так, што пасля не расчэшаш, а думаюць на сыноў. Вяршкі з малака зліжа, а думаюць на бедную кошку. Часам узімку так завые ў коміне, што ў людзей мароз па скуры, і страшна на двор выходзіць. Ці забярэцца ў комін, з'едзе па ім і насыпле ў капусту сажы.

А то раніцай вынуць з печы пірог і здзівяцца: на пірагу невялічкі адбітак. Гэта чорт на гарачае цеста адпачываць садзіўся. Грэўся з марозу.

Зусім не стала жыцця. Янка ішоў начаваць, нават у холад, на сена ў адрыну. Ледзь бедных дзяцей не памарозіў. І вырашыў урэшце, праз гэтыя чортавы выбрыкі, забіць хату дошкамі і падавацца з дзецьмі, коньмі, валамі і кошкай некуды за свет. Кінуўшы сваю радзіму, цёмныя пушчы, светлыя рэкі ды чыстыя воды. І стала б на Беларусі меней яшчэ адной сялянскай хатай, каб не пачуліся аднойчы вечарам на дарозе цяжкія крокі.

 

Тупу-тупу-тупу,

Нясе Мішка ступу.

У ступе ўперамешку

Цукар і арэшкі,

Разынкі й цукеркі

У залатой паперцы.

Па шляхах, палетках

Нясе Мішка дзеткам

Салодкую ступу.

Тупу-тупу-тупу...

 

Ішоў павадыр з мядзведзем. Хадзілі яны ад сяла да сяла.

Павадыр песні спяваў і граў на цымбалах. А мядзведзь паказваў, як бабы ваду носяць ды як дзеці гарох крадуць. І гэтым яны з мядзведзем карміліся.

- Здароў, Янка. Ці не пусціш нас з Мішкам пераначаваць? - спытаў павадыр.

- Мне што! Начуйце, - адказаў Янка. - Толькі ж я сам на сене сплю.

- А што такое?

- Ды чорт у мяне ў хаце завёўся. Так сваволіць, што ратунку няма. Верыш, на пірагах адпачывае. У коміне вые. І часам у цёмныя ночы нешта ў падпеччы, як жар, гарыць. Страшна.

- Гэ-э, - сказаў павадыр. - Не ўсе ж такія неразумныя, як твайго бацькі дзеці. Каб гэта павадыр, ды яшчэ з мядзведзем, нейкага там чорта спалохаўся? Не бывала яшчэ такога на свеце.

- То ідзі. Капусты пад'еш. Там яшчэ гаршчок з паранай рэпай ёсць, дык калі нічога за ноч не здарыцца, то раніцай падсілкуешся. А я на сена. Як сцямнее, я ў хату ісці баюся.

Ну вось, пасёрбаў павадыр капусты, пакарміў Мішку ды заваліўся дрыхнуць на лаве. А мядзведзь прымасціўся ля печы і таксама засоп на ўсе насавыя загорткі.

Гэта было так даўно, што тады яшчэ на Беларусі нават бульбы не вадзілася. Сказаць каму - не павераць. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку. І вось спіць павадыр і сніць, як ён заўтра смачна будзе рэпай снедаць.

Толькі глухая ноч запала - чорт тут як тут. Скаціўся комінам, узняўшы цэлую хмару сажы, і пачаў у печы, злодзей такі, шнарыць і мацаць. Як кажуць, ты за парог, а ён за пірог. Узняў накрыўку. Павеяла сытым духам.

«Ага, рэпа. Вось гэта якраз тое, што мне трэба. Я люблю рэпу».

Але ж у печы цёмна, як... у печы. То чорт адсунуў засланку, вывалак гаршчок на прыпечак, сеў, звесіўшы ногі, і пачаў ласавацца салодкай паранай рэпай, а лушпайкі ўніз кідаць.

«Нічога, гаспадыня заўтра падмяце. Трэба ж, каб і ёй работа была».

Упала адна лушпіна мядзведзю на нос, і той прачнуўся. Злізнуў з носа - салодка. І пачаў Мішка ў цемры нюхаць, знаходзіць лушпінне ды чмякаць.

Чорт пачуў, што нехта ўнізе чмякае ды ліжа. А ён жа ведаў, што ў хаце нікога, акрамя кошкі, няма. І вось нейкая там кошка чмякае ды сапе і не дае яму, чорту, чужой рэпы спакойна пад'есці.

Развярнуўся ён ды і піхнуў кошку нагой.

- Апсік! Апсік, гадасць такая!

Ну вось. А мядзведзь гэта табе не кошка. І я табе даваць мядзведзю выспятка ніколі не раю.

Пакрыўдзіўся Мішка. Згроб чорта ў ахапак, сцягнуў з прыпечка і давай яго мяць, давай яго прасаваць, давай яго лапамі валтузіць ды калашмаціць, давай абходжваць, лупцаваць, малаціць ды дубасіць, давай яго за рогі круціць як сідараву казу ды дзерці смяротным боем.

Ледзь вырваўся чорт з мядзведжых абдымкаў Узляцеў на прыпечак. Сяк-так выкараскаўся праз комін. Скаціўся са страхі ды і чкурнуў далей ад хаты. У пушчу, як ашалелы.

А мядзведзь, задаўшы чорту чосу, зноў заснуў як пшаніцу прадаўшы.

Раніцаю ўсе ўсталі і падумалі, што гэта мядзведзь рэпу еў. Здзівіліся, што не пабаяўся лезці ў гарачую печ, і ўзрадаваліся, што з'еў зусім мала. Што ж, мядзведзь не першы і не апошні ў свеце адказваў за чужыя грахі.

Пасля ўсе даелі тое, што заставалася ў гаршку. Мядзведзь нават яшчэ паскакаў дзецям. І пайшлі яны з павадыром зноў ад мястэчка да мястэчка, ад сяла да сяла. Пад сонцам і дажджом.

 

Тупу-тупу-тупу,

Нясе Мішка ступу...

 

Але з таго часу чортава гарэзаванне як нажом адрэзала. Коні здаровыя, сажы ў капусце няма, на пірагах ніхто не адпачывае. У коміне, праўда, нехта часам вые, і з падпечку часта нешта свеціць, але гэта ўжо цярпець можна. Раздумаў Янка кідаць сваю хату.

Толькі на гэтым гісторыя не скончылася, не думайце. Неяк пад восень араў Янка свой клін пад азіміну. Мокра, касы дождж, нізкія чорныя хмары. Аж бачыць, з-пад хмар, з самага акаёму нехта ідзе да яго па раллі. Прыгледзеўся - ага, стары знаёмы, чорт.

Ідзе ўвесь мокры, як цуцык пад залевай. На кожным капытцы па пуду гліны наліпла. Пад носам ад прастуды вісіць вялізная кропля. А насоўкі ж ён не мае. Як ты часам, калі дома забудзеш. А капытом не дужа высмаркаешся. Ідзе такі няшчасны, такі жаласны і ўбогі, што нават Янка яго пашкадаваў

- Ты куды гэта?

- А так, - сказаў чорт. - У свет.

Памаўчалі. Пасля чорт пытае:

- А скажы ты мне, ці ўсё яшчэ ў цябе тая кошка?

Янка быў чалавек не дужа мудры ды і не ведаў, пра якую кошку размова.

- Анягож, - кажа. - Ясна, што ў мяне. Ды яшчэ і шасцёра кацянят прынесла.

- І ўсе ў матку?

- Ага. Усе пярэстыя, з чатырма лапамі, з адным хвастом.

- З лапамі, з лапамі, - сказаў чорт. - Даліся мне тыя лапы. Дальбог, аж шасцёра!

- Ну, то я, мабыць, ніколі да цябе не прыйду, - уздыхнуў чорт. - А трэба было б. Дужа трэба.

- Гэта чаму?

- Ат! Закапаў я ў цябе ў падпеччы казан з золатам. Скарб. І трэба было выкапаць, але як я тваю кошку ўспомню - бр-р-р! - ну яго. Хай прападае.

- Ты, як зусім змерзнеш, прыходзь. Глядзіш, рэпу зварыш, дзяцей пакалышаш.

- Н-не. Кошкі баюся. А рэпы я цяпер да самай смерці ў вочы бачыць не магу.

Ды і пайшоў сабе полем, пад дождж, ледзь цягнучы пудовыя ногі. Такі гаротны небарака.

А Янка даараў клін і пайшоў дахаты. І толькі там успомніў, што нештачка ў падпечку свяціла і чорт пра нейкі скарб казаў

Пачалі капаць у падпеччы - і на табе! - выкапалі вялізны закураны казан з золатам і чырвонцамі. Нібы жар, разлілося святло па хаце. Так ужо свяціла, так паліла, так пякло, што ўсе аж распранацца пачалі.

Чорт пасля таго ў моцныя маразы ўсё ж прыходзіў. Толькі прасіў кошку ў каморку выкідаць. Капусту Янка варыў і дзяцей калыхаў. З таго часу і пайшла прыказка, што «шчасліваму і чорт дзяцей калыша».

А на той чортаў скарб паставіў Янка сабе і ўсяму наваколлю новыя хаты, свірны, адрыны, новыя стайні. Сады пасадзіў, млын паставіў.

Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок, па сорак коней ды валоў. І ўсе хаты як звон... І ў кожнай хаце на акне, на сонейку кошык. А ў кожным кошыку кошка. І ў кожнай кошкі па шасцёра кацянят. Во шчасце дык шчасце!

І таму, калі ты жывеш шчасна і радасна, ніколі не дражні мядзведзя ў звярынцы і не кідай у кошку не тое што каменем, а нават мяккай грудкай зямлі. Бо гэта ж яны зрабілі калісьці так, што табе добра. Ды і наогул ні ў кога нічым не кідай і нікога не дражні.

Тады ўсім будзе хораша на гэтай прыгожай зямлі, што ляжыць крышку бліжэй Сонца і крышку далей ад Месяца. Людзі будуць працаваць, кошкі будуць вуркатаць, а мядзведзі насіць табе і ўсім іншым дзецям салодкія ступы...

 

Тупу-тупу-тупу.

 


20.12.1973

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая