epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чуфут-кале

Быццам толькі што вось адбылася Галгофа.

Свет трывожна заціх у барвянай імгле,

І зрываюцца ў бездань, у катастрофу

Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале.

Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы,

І спакой паўстае чыгуннай сцяной.

Быццам толькі што вось яна адбылася...

Быццам толькі што вось... А над кім — ўсё адно.

Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды,

Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей,

Над маім народам, над іншым народам,

Над тваім народам, Чуфут-Кале.

Не зямля, а біблія: скалы, каменні,

Каляіны ў скале і руінаў іржа.

Не хапае толькі авечых ценяў,

Не хапае заранкі, узгорка, крыжа.

Але столькі ва ўсім самоты і гора,

І, ў спакоі забытых, боляў і скрух,

Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячорах

Ўсё канае і ўмерці не можа дух.

А за мурам шляхі ў безнадзейнасць, ў даліну

І даўно струхлелых павозак сляды...

І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна.

Невядома куды.

Ў нікуды.

У нікуды.


19.03.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая