epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чырвоны шар

Калматае сонца зямлю пячэ.

Ў душы ні надзей, ні мар.

Да шчакі маёй, да маіх вачэй

Чырвоны лашчыцца шар.

Ніткай прывязаны за кяліх,

Ён палае чырвоным агнём,

Ляціць ад маіх валасоў да тваіх

Над рэстаранным сталом,

Быццам хоча суцешыць, звязаць, прымірыць,

Мяне з гаспадыняй сваёй,

Што зараз насупраць мяне сядзіць

І ўсё ж не са мной. Не са мной.

Адбівае чырвонага шара палёт

Дрэвы, кветкі, паўлінаў з вальер,

Адбівае непрымірымы рот,

Сумныя вочы твае.

Давай, давай адпусцім яго,

Іначай сэрца кране

І раптам памірыць. І раптам ты

Зноў пакахаеш мяне.

Слова праўды маёй, што прынесла канец,

Я хацеў бы забіць, забыць,

Бо жанчыны панствуюць і ў мане,

А мужчыны і ў праўдзе — рабы.

Немагчыма.

Ляці. Сустракай свой лёс

Далей ад зямных берагоў:

Сумны ў халодным ззянні нябёс,

Як смерць кахання майго.


19.07.1961

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая