epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Данеслі добрыя людзі..."

Данеслі добрыя людзі

(А я спакойны чамусь),

Што жыццё пачало паскудзіць

Былому Каханню майму.

Колькі ж годных яна абсмяяла!

Колькі чыстых на сметнік звяла!

Піравала яна, гуляла,

Ў божы рай па трупах ішла.

Гэта толькі пачатак гісторыі:

Будзе ёй яшчэ на зямлі

Безвыходней куды і горай...

Так, як мне праз яе калісь.

Сёння плачуць слязой яе вочы.

Заўтра — кроў яна з іх пралье...

Але гэта не я ёй адточваю.

Гэта лёс ёй спаўна аддае.

Б’е за шчасце маё, і за мукі,

І за ўсё, што аддаў сатане...

. . . . . . . . . . . .

Але, божа,

анёл ці гадзюка —

Ўсё ж была яна часткай мяне.

Твой закон, і права, і сіла,

І таму не малю за сябе...

. . . . . . . . . . . .

Бог даруй, бог — цябе памілуй,

Хай сабе і ў смяротнай журбе.




Беларуская Палічка: http://knihi.com