epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дэман

Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі,

Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры,—

Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі,

Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў.

Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя,

З іх вандраванняў міжзорных счышчаюць пыл.

Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы,

І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы.

— Хто ты? — спытаў у яго.

— А нашто табе ведаць аб гэтым?

— Што ты?

— Я кветка і зорка. Пагоня і бег.

— Зараз адкуль?

— Я... забыўся на тыя планеты.

Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег.

— Што ты пабачыў?

— Тупых катаклізмаў раскаты,

Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў.—

Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай,

На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі.

— Што ты запомніў найбольш?

— Ледзяныя абшары свабоды,

Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця,

І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя,

А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця.

Ёсць там планета, што Антызямлёй называюць,

Чорная прорва за ёю. І там, у здрадлівай імгле,

На двайніка твайго вораг з кінжалам чакае,

І з антыкуляй, што дрэмле у антыствале.

— Дэман мой, што ж не сабраў ты апошнія сілы,

Каб двайніку майму сніліся вершы, каханне, спакой?

— Але ж цябе на зямлі гэтай, дружа, таксама забілі

Слабай жаночай рукою, каханай рукой.

— Дух дасканалы занадта, ўсю горыч ты зведаў.

Што ж уратуе жыццё? Ратуй мяне, дружа, або

Вырві з мяне ледзяную самоту ўсяведання,

Дай мне няведанне простых і простых любоў.

Ўсё асляпленне кахання, эльбрусы яго і галгофы,

Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні,—

На іх, вазьмі іх сабе разам з гэтымі строфамі,

Што разумеюць усё і нічога не могуць змяніць.

У чалавека ўначы ўсміхнуліся змрочныя вочы:

— Просіш аб чым? Пагасіць твой апошні маяк?

Хлусіш нашто? Ты ж не хочаш збавення, не хочаш.

Лепшаю песняй тваёй стала пакута твая.

Мужна ў цемру глядзі і трызні аб вечнай радзіме,

Трызні аб шары зямным і пакутвай далей і далей,

Пакуль не згасла зямля, пакуль чыстае неба ад дыму.

І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.


13.03.1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан