epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дрэва на чатырдагу

Васілю Быкаву

 

Буран над уцёсамі чорнымі

На мёртвых травах іграе,

А ўнізе, а ў прорве — мора...

Без дна, без канца, без краю.

Там жвір пад прыбоем марыць,

Пчолы гудуць закахана,

А тут, дзе маланкі і хмары

І орды вандроўных туманаў,

У пекла прысенні, пад спевы

Хаўтурныя траў з вятрамі —

Расце каравае дрэва,

Абпаленае перунамі.

Стаіць і ў цвіценне верыць —

Адно супраць сцюж і абвалаў,—

Смерць хаваючы ў сэрцы,

Жыццё — ў каранях між скалаў.


сакавік 1967; 17.09.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая