epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дуб

Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай

Ён узвышаўся, як над морам траў.

І кожны жолуд, як радок вялікі,

Для сонца новы парастак раджаў.

І вось цяпер, калі яго быліны

Жывуць у жылах кожнага, як кроў,

З яго драўніны цяжкай робяць клінні

Для пачынаючых мужнець дубоў.

А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі,

Іх важна вучыць,— мудрасці нібы:

«Што ж, дошкі будуць,— гэта ўсё нічога,

Для гэтага ж і існуюць дубы».

Забыў свае змаганні і быліны,

Забыў свае пакуты на зямлі,—

Таму, што першыя свае галіны

Не так, як ён, нашчадкі павялі.

І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы,

Не разумее іх святыя сны...

А будучыня парасткам належыць,

Бо на дубах былых растуць яны.

Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе,

Бо іх карэнням глыб зямлі працяць,

Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў

Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця...

...Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы,

Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці,

Увасобіў да канца «ідэю дуба»

І больш дубам няма чаго расці.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан