epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дзяўчаты

На бярвеннях дзяўчаты запелі

Пра вячэрнюю стому сваю.

Песня ў цемры і кофты белыя

Ўсім прахожым іх выдаюць.

Я іх бачыў днём на пракосах,

У вясёлым звоне зямлі.

Нават косы, дзявочыя косы

Падвязаць не было ім калі.

Падарункі іхнія з вілаў

Я хапаў, выводзячы стог,

А яны мяне пакацілі

І жывым закапалі ў мурог.

І цяпер, калі ў росах травы,

Тут, са мною, сядзяць яны

Вельмі ціхія, вельмі ласкавыя,

Як кахання першага сны.

Я пайшоў бы ўдваіх з каторай

Да ракі праз начныя палі

І глядзеў бы з ёю на зоры,

Каб цябе не было на зямлі.

Ледзьве чутная песня точыцца.

Разам з ёю асіны звіняць

Пра вярбу ды пра сінія вочы,

Пра грывастага ў лузе каня,

Пра дурненькую перапёлку,

Што гняздо пры дарозе звіла,

І пра хлопца, што ноччу золкай

Ад сяла ідзе да сяла.

Ў іхніх песнях — уся Радзіма,

А без гэтага чалавек,

Быццам тонкі струменьчык дыму,

Што плыве абалоннем рэк.

 

1960 г.


1954-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан