epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дзіва на Нерлі

Н. М. Молевай

 

Белая песня ў лугах залацістых,

Кліч адзвінеўшых стагоддзяў зямлі,

Кволая-кволая, чыстая-чыстая,

Быццам дзяўчына, царква на Нерлі3.

Кроў і забойствы ў агні і дыме,

Подласць і жорсткасць у лютым баю,—

Нават яны праходзілі міма,

Пашкадаваўшы нявіннасць тваю.

Ўсім, хто навек адыходзіў к ценям,

Снілася ты на райскіх лугах

З яснай журбою па убіенным,

З ценем усмешкі ў мокрых вачах.

Любы твой брат загінуў на ловах.

Вочы твае для нас збераглі

Літасць, і слёзы, і цёплыя словы,

Што не заб’еш на грэшнай зямлі.

З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы

Чую прызыўны твой галасок:

«Братка мой мілы, братка мой любы,

Выйдзь да мяне на круты беражок».

3 Царква Пакрава на рацэ Нерлі — геніяльны помнік старажытнарускага дойлідства на тэрыторыі Уладзіміра-Суздальскага княства.




Беларуская Палічка: http://knihi.com