epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дзве вады

Шум горных ручаін за вокнамі маімі

І мора мерны шум. Накатваюць валы.

Салёны Понт не хоча водаў Крыма

І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы.

А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёных

І ломіць іх, хаця ўстаюць сцяной,—

Няма цяплей, радней марскога лона,

Які б там гнеў ні строіла яно.

І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць

І як бы ні была ты халадней ільда,—

Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,

Крыштальная вада і сіняя вада.


29.03.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая