epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Энтузіясту

Усё жыццё ён збіраў дыяменты народныя

Па шляхах Беларусі і ў спёку і ў сцюжу,

Ўсё жыццё яго сэрца высакароднае

Працавала няўтомна і білась напружана.

Ў гуках злоўленай песні жыло надзвычайнае:

Шчасце новых гадоў над радзімаю мілай,

Спеў жалейкі над рэчкаю, гукі адчаю,—

Ўсё, чым людскае сэрца вякамі жывілася.

 

Песні сытых дажынак у жнівеньскім садзе,

Кліч купальскіх агнёў здалёку і зблізку,

Песні жніўных палёў, песні гора і радасці,

Песні маці над першай дзіцячай калыскаю.

І не штучнаю кветкай, а кветкай сапраўднаю,

Не ў паперы, а ў гуках, дарагіх і любімых,

Ўстала песня народу простай, як праўда,

І такою вялікай, як гэта магчыма.

 

Ціха ў зале. І твар яго думкай асвечаны.

Кажа ён пра фальклору адценні і фарбы,

Кажа нам пра жыццё, што адному прысвечана —

Збераганню народных, нязлічаных скарбаў.

«Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных,

Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай,

Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну —

Ўсё сплыве, а легенда і песні застанецца».

 

Хай не ўсё у жыцці так як след атрымалася,

Памятайце, настаўнік, што слова плённае

Як зярнятка на добрую глебу ўпала,

І у сэрцах юнацкіх зарунела, зялёнае.

Шмат яшчэ спадкаёмцаў вам трэба выкаваць.

Будзе шлях пераможным,слаўным, бяскрайнім.

На вялікія справы — і сэрца вялікае,

На вялікае сэрца — і лёс надзвычайны.

 

[1955 г. ?]


1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан