epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Фантазія

Знову блукаю па вуліцах сініх.

Сэрца кудысьці мяне завяло.

Шыльда над вокнамі: «Клуб адрынутых».

З вокнаў на снег — скупое святло.

Ноччу ў таемныя гэтыя сховы

З блытанай сеці завулкаў глухіх

Часта прыходзіць Людвіг Бетховен,

Здраджаны дбаннем кабет зямных.

Лермантаў тут. І таго не кахалі,

Хто ж тады варты гэтага больш?

Вось ён сядзіць ля каміна ў зале

І ўспамінае свой першы боль.

Геній, каханне, сэрца свабоднае,

Вершы алмазныя з-пад пяра —

Ўсё прамяняла яна на злодзея,

Слаўнага тым, што каштоўнасці краў.

І не рука, што «Мцыры» стварыла,

А пяцярня, што рубіны ўзяла,

Песціла рукі адзінай і мілай,

Доўгія косы яе распляла...

Грукаюць дзверы, і госці новыя

Йдуць у пакой праз халодны туман:

Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч...

Столькі гасцей, што й ліку няма.

Проста да зорак халодных упарта

З комінаў выбіваецца дым,

Сумныя цені Джульеты Гвічардзі,

Лоты і Лесбіі рэюць над ім.

Іскры лятуць і лятуць да світання

Ў цемру і снег, як жывыя чмялі.

Тыя, што варты стакрот кахання,—

Тыя не маюць яго на зямлі.

Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,

Сотні прыгожых дзяўчат і дам

Статуям іхнім рукі цалуюць,

Быццам лягчэй ад таго касцям.


1964?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая