epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Гляджу на тую, што спіць

Шапчу сабе ціха: «Ліліт».

Ў акно — мяккі горны вецер.

Няма прыгажэй на свеце

Дзяўчыны, якая спіць.

 

Ў міг гэты шкада мне ізноў

Сваёй маладосці мілай...

О, колькі па ёй пахадзіла

Чужых і сваіх кіёў!

 

І — хай не ўмірае любоў —

Павінны мы ціха й зажурана

Звыкацца з падношанай скурай

Сябровак сваіх і сяброў.

 

Вецер з гор і зялёны прыбой

На твар твой бягуць і веюць,

І ў сне дрыжаць твае веі...

Лёс, злітуйся над табой.




Беларуская Палічка: http://knihi.com