epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Глухі геній (Гойя)

Сон розуму пачвар раджае,

І панствуюць яны над ім,

Паветра крыкам запаўняюць,

Вішчаць і кідаюцца ў дым.

І вар’яцее мозг ад плачу

На самай праведнай з планет.

Чуць не магу!!! Ўглядаю. Бачу

І мацаю каравы свет.

Што з ім? Які смяшлівы д’ябал

Зямлёй гуляе, як мячом?

Чаму аднога ўладай вабіць?

Чаму другога б’е мячом?

У ведзьмы на грудзях звісае

Дух цемры, злосны і тупы.

Свет забівае і ўмірае.

Хто не асёл — той нетапыр.

І хто паверыць, нават з кроўных,

Што цяжка мне ўзнёсласць мар,

Дзіцячую сваю любоўнасць

Хаваць за жорсткасць і кашмар?

Іначай нельга, бо адразу

Раздражніш лютую змяю...

Іначай схопяць і абразяць,

І граззю ў душу наплююць.

У царстве смерці і трывогі

Ёсць для мяне адзін маяк,

Што асвятляе мне дарогі...

Іспанія, зямля мая!

Ахутаная ў сан-беніта

З дурацкім вострым каўпаком,

Равучым полымем абвіта,

Ў турме задушана шнурком.

Вайна!

Забілі маці ў полі.

Нясуць. А захад дагарэў.

Дзіцёнак сіры, бедны, кволы

Ідзе за ёй і вочы трэ.

Не бачылі бы лепей вочы

Вось гэта:

новай смерці цень,

Маленькую фігурку ноччу,

Кранаючую, як прамень.

Хто высушыць дзіцяці слёзы?

Хто ён, загублены ў хмызах?

Язміну кветка на марозе.

На веях мёртвага сляза.

«Матуля, бедная!

Як гэта вытрымаць?!

Якая мужнасць!»

Суцэльны крык ірвецца з горла,

Крык фарбы, крык іглы ў турме.

І ўрэшце: «Ісціна памёрла!»

Памёрла пад вясёлы смех.

Глухім жыву і паміраю,

Глухім крычу пад градам куль,

Глухім, бо слухаць не жадаю

Хлусню, што панствуе паўсюль.

Пакуль пад гукі новай песні,

Харалу, што залье палі,

Святая праўда не ўваскрэсне,

Ўсё ж уваскрэсне на зямлі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Тады — пачую.




Беларуская Палічка: http://knihi.com