epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Гусі-лебедзі ў лугах зялёных..."

Гусі-лебедзі ў лугах зялёных,

Гладзяць крылы белыя блакіт.

Сокал, прагнучы крыві салёнай,

Рвецца у сакольніка з рукі.

Ногі коней грэбуюць зямлёю.

Ярасная сіла ў скакуне...

Адбылося гэта ўсё са мною,

Або гэта сон і яблынь снег.

Але ў сне не вып’еш столькі гора.

Ведаю, што я званіў у шчыт,

Я граміў татар пад Крутагор’ем,

Я крышыў крыжацкія мячы.

Кроў далі мне паплавы і пожні,

Голас — бор дрымучы і чарот.

Я з табою да крыві апошняй,

Мужны мой, адвечны мой народ.

Ты мне даў асеннія світанні,

Ты мне даў ружовы твар вясны,

Падарыў мне цяжкае каханне

Да жанчыны з дальняй стараны.

Роднымі зрабі чужыя вочы,

Шэрыя, як неба над табой,

А пасля пакліч, калі захочаш,

За цябе на самы страшны бой.

І калі ў твае глыбіні лягу,—

Дай мне ціхі спеў тваіх бяроз

За любоў, за веру, за адвагу

Сціплых песняў, што табе прынёс.




Беларуская Палічка: http://knihi.com