epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

І сніў Адам...

Н. Н.

 

Ў той дзень зямля святло і празарэнне

Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,

Не зведаўшы яшчэ грэхападзення,—

Як кветка, як алень, як зоркі спеў.

Травою пахнулі яго далоні,

Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.

А побач верылі дрымотна коні

У вечны свет без бойняў і сядла.

І сніў Адам:

Камета ўстала ў небе

Барвяным страшным зракам — і тады

Крывёю пачала сачыцца глеба

І згінулі эдэмскія сады.

І пакаціўся ён, бяздольны, голы,

Як пералёт, адсохлы на карню,

Насустрач болю і насустрач волі,

Насустрач злу і сернаму агню.

І сніў Адам:

Зямля ў глыбінным лоне

Няволю нараджае для жывых.

Дрымотныя, даверлівыя коні

Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.

І сніў Адам:

Да светлых зор сусвету

Імчыць, як лямант, шматвяковы жах —

Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,

Рагнеды плач і Хірасімы прах,

І дыбіцца шалёны свет гарою

Над цалаванай брызам і вадой,

Карункавай ад сонца і прыбою,

Блакітнаю каралавай градой.

...Туды... сюды...

...Туды... сюды...

Над прыскам,

Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,

Бязгучная гайдаецца калыска,

Як паміж небам і зямлёй труна.

...І плакаў ён,

Хаця ў праменнях сініх

Эдэмская купалася зямля,

Бо лепш у самым чэраве загінуць,

Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.

Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!

Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І Ева падышла і працягнула

Далоні сонных і пяшчотных рук.

І ён з трывогай, з радасцю няпэўнай

І з мужнасцю суровай, як праклён,

Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай,

Бо ён любіў...

Бо добра помніў сон.


09.08.1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая