epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Імпрэсія

Сніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў.

Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы.

Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну,

З цемры згаслыя гукі вярнуў да струны,

ўваскрасіўшы струну.

І яна зазвінела — у явы і сну на мяжы.

І на гэтай мяжы я цябе зберагаў, як агонь трапяткі,

Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм

Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі,

І ад песні дажджу, і ад думкі, што нас сцеражэ.

Бо не ведаў — і ведаў,— што дзень узляціць, як ласо,

І пацягне бакамі мяне па пяску і траве

Да турбот, да жыцця, да шумлівых яго галасоў,

Да згрызот, забыцця, да імклівых дарог і лясоў,

Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве,

І ўпадзеш ты у змрок, як сляза, як згасаючы дзень,

І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вяках

У міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе

Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая