«Калі ты ведаеш, на што здатнае каханне,
і калі ты мужчына, пашкадуй мяне, не
кажы «не» і дай мне ўвайсці...»
Надпіс па муры ў Пампеях
Надпіс моліць. Журба скамянелая,
Быццам рана, гарыць на сцяне.
. . . . . . . . . . .
Даў ён шчасце, якога хацела?
Ці кахаў? Ці паспеў?.. Ці не?
Невядома. Ўсё сцерлі крыкі,
Знішчыў полымем судны час.
Засталася крыўда вялікая,
Крык аб літасці.
Гром у адказ.
Як на смерць гэты дзень вязу я:
Горад марыў і мрэла гара,
Калі рынуў з глоткі Везувія
Божы гнеў, божы гром, божы град.
Гэтым гневам абезгалоўлены,
Волат выплюнуў страшны салют,—
Серны грыб, крывавы, суровы,—
Як пергамент раздзёршы зямлю.
Адбягала вада ад берага,
Ў бухце трушчачы караблі,
Злівы з попелу, гразі, серы
Проста з неба на горад плылі.
На герояў, ад жаху спешаных,
На раба, што жадаў забыцця,
На дзяцей аднадзённых, бязгрэшных,
І на ўсіх, нявартых жыцця.
Дэман чорны, чырвоны, агністы
Прагна падаў з хмары, як крук,
На твае валасы залацістыя,
На клубы, на сцябліны рук.
О, няўжо гэты воін ці мытар
Не суцешыў цябе ў журбе?!
Я б цябе і з Везувія вытаргнуў,
Я б і з пекла вывеў цябе.
Позна. Ў зыркіх маланках над ліўнямі,
Ў гэтым д’ябальскім блісканні вей
Ў поўдзень дваццаць дзевятага жніўня
Ўпала ноч на зямлю Пампей.
Ну, схлусіў бы!.. Хаця б перад лютай
Гэтай смерцю, халодная кроў,
Перад ноччу на двое сутак,
А пасля на дваццаць вякоў.
Камні гэтыя сочацца болем
Горай страшнай пякельнай смалы...
Дык чаму ж твой прызыў непатолены
Больш за ўсё ў маім сэрцы баліць?
Вось агонь гуляе святынямі,
Гіне ў выбухах гор града...
. . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі нешта і зараз загіне,
То адной любові шкада.
Спапялёны такімі ж мукамі
І патоплены ў той жа крыві,
Да цябе я працягваю рукі,
Твой двайнік па смерці й любві.
Праз мільёны ўдараў і ранаў,
Заступаючы шлях журбе,
Мая даўняя, мая жаданая,
Не крыўдуй, я іду да цябе.