epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Як Стажары ў небе заззялі..."

Як Стажары ў небе заззялі,

І ў сяле падаілі кароў,

І з палёгкай палі ўздыхалі,—

Я пад вокны твае прыйшоў.

 

Ты з хітрынкай сказала, мілая,

Прыкрываючы шыю касой:

«Маці спіць. Я таксама стамілася.

Дарагі, прыходзь раніцой».

 

Ты казала так цёпла і ветліва,

Я кахаў цябе так даўно...

Я паверыў і раніцай светлай

Пад тваё прыцягнуўся акно.

 

Зноў з хітрынкаю ты сказала:

«Бач, каровы ідуць на лугі.

Бачыш, маці толькі што ўстала.

Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі».

 

Я чакаў паўдзённай часіны.

З неба сонечны пёк агонь.

Я драмаў у хмызах тры гадзіны

На нагах, як стомлены конь.

 

Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,

Калі зноў я прыйшоў да сяла

І... нікога не стрэў ля хаты,

Бо каханая ў полі была.

 

Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі

На даўжэзную постаць маю,

Калі вечарам шэрым і мяккім

Я прыйшоў на сядзібу тваю.

 

Усміхнулася: «Нельга вечарам,

Нас заўважаць суседзі ў садках.

Любы мой, дарагі, недарэчны,

Ноч наперадзе. Зоры ў вачах».

 

Уначы я свіснуў ля хаты,

І з’явіўся цень у акне:

«Я заснула ад стомы праклятай.

Не шкадуеш, будзіш мяне.

 

Ну і д-добрым ты будзеш мужам...

Не. На вуліцы травы з расой...

Што ты, што ты! Маці нядужая...

Дарагі, прыходзь раніцой».

 

Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!




Беларуская Палічка: http://knihi.com