epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Як мяне перакладалі на японскую мову, або летавылічэнне

Па японскім летавылічэнні

1981 год — 2641 (з дня

каранавання першага мікада)

 

Ну, хочуць перакласці японцы — і годзе...

— Калі нарадзіўся?

— Гэх, старасць не радасць.

Ў дзве тысячы пяцьсот дзевяностым годзе...

(Ад каранавання першага мікада.)

— Жартуеце? Ці проста лухту гародзіце?

— Ды зусім не жартую... Адкуль жа знову?..

Ну... Тады ў дзевяцьсот трыццатым годзе

(а сам падумаў: «Ад нараджэння Хрыстова»).

— У тысяча дзвесце сямідзесятым?

(Ён тады — за мікада, я — за новую эру.)

— Зноў жарты? У нас манголы трыклятыя.

— А ў нас з крыжакамі войны за веру.

— Вам дзвесце шэсцьдзесят. Пяцьдзесят,

трошкі болей.

— То што, дзве тысячы дзвесце дваццаты?

А зараз?

— Шэсцьсот сорак першы грымзоліцца

Пад гэтым пяром на паперу клятую.

— Паслухайце, жарты ў вас проста конскія.

Вы, «бака», дурань.— Бяка? — То самае.

— Знаеце,

не хачу гучаць па-японску.

Ў вас «яма» —

«гара»,

а ў нас «яма» —

«яма».

 

26 лістапада 1981 г. 13.35. П. м.


26.11.1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан