epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Як размаўляюць звяры і птушкі

Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,

Я іду каля хат і росных садоў.

І са мной размаўляюць звяры і птушкі

На дзесятках і тысячах розных моў.

Ў валасы мае вішні свой снег завеялі,

Мне на вуха шэпчуць абшары ніў;

Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш,

У якой бы скуры ён ні хадзіў.

Галубы ў ліловых і сініх барвах,

На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так:

— «Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар.

Крыл не мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак».

Певень, палкай падбіты, скача, як конік,

І здзіўленым курам, як зрынуты бог,

Утрапёна крычыць ад болю і гонару:

— «Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!»

Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю,

Размаўляюць дзве жабы ля соннай ракі:

— «Ку-ума, кума, а што ты вячэраць варыла?»

— «Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі».

Я, напэўна, таксама здаюся ім зверам,

І яны разважаюць у засені траў:

— «Вось ідзе двухногая птушка без пер’яў

Ці мядзведзь, што шубу ў ламбард заклаў».


1954-1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан