epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Як сканаю — душа застанецца..."

Як сканаю — душа застанецца

Ў ззянні кожнай крынічнай слязы,

У аеру, што з ветрам сячэцца,

Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы,

Ў бадзяках, што мячамі суровымі

Кожны родны вартуюць пляцень,

У шыпшыне, што ля Загор’я

Ля старэнькай капліцы цвіце,

У азёрах паўночных і ў нетрах,

У чырвоным начлежным агні,

Ў пільным флюгеры, што пад ветрам

Над страхою ў каханай звініць.

І аднойчы, на золку бязлюдным,

Уздыхне яму ветрык: «Пара!» —

І павернецца ён, і разбудзіць

І дзяўчыну, і свет, і край.

Будзе сонца.

Пад неба ў блакіце

Дуб-Атлас падставіць плячо,—

І тады вы той флюгер разбіце

Справядлівым і новым мячом.

Досыць мне чуць трывогу начную,

І сачыць, і кружляць на шпілі:

Абцяжарваць памяць зямную —

Не найлепшае на зямлі.

Што да снежня вечнаму маю?

Ціха! Сплю! Да сканчэння дзён

Сплю ва ўсім, што ты ёсць, дарагая!

Вечны ўзлёт табе!

Вечны мне сон.




Беларуская Палічка: http://knihi.com