epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Калі паміраюць...

Калі паміраюць дрэвы — яны павольна падаюць

на зямлю,

Больш павольна, чым пушок адуванчыка,—

і застаюцца ляжаць.

Калі паміраюць жывёлы — яны засынаюць у ветрабоі

Або чарнеюць на раллі уздзьмутым жыватом,

А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.

Калі паміраюць гарады —

па анфіладах крочаць рыжыя львы

І слізгоча струменьчыкам ртуці змяя па карцінах,

што ўпалі ў музеі.

Калі паміраюць планеты — застаюцца свінцовыя воды

І свісцячая песня пяскоў у расколінах скал.

Калі памірае каханне... Але каханне не памірае.

Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,

Безнадзейным болем і ненатольнай пяшчотай,

Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разбі.

Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю

ўсмешкай,

Львом куртатым кроч, слізгай самаахвярным змеем

Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу —

Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І смерці няма ў кахання.

Чалавек толькі смертны. Але калі дрэвы не помняць,

Гарады не помняць, не помняць нямыя планеты —

Сэрца помніць каханне і попелам стаўшы з агню.

Аб пушыстым снезе бясконца яно ўспамінае,

Аб слядах на снезе, аб любых заснежаных веях,

Аб журботнай усмешцы і аб горкіх, апошніх,

бязважкіх

Пацалунках у вочы, запясці і вуснаў ражкі...

Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца

І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:

Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых

далонях,

Аб жаданні пакласці жыццё за яе і з успоратым горлам

Прыпаўзці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.

Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца

І кружляе з крыкам перадсмяротнай і ўсё ж

бессмяротнай тугі

Над магіламі мёртвых багоў,

над журботным спакоем зрынутых дрэў.

Над жывёламі, кінутымі на раллі,

Над планетамі мёртвымі і гарадамі —

Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.




Беларуская Палічка: http://knihi.com