Калі ў жамчужніцу пылінка трапіць,
Жамчужніца адразу бой пачне
І чужародны боль, што цела драпае,
Жамчужынаю дзіўнай ахіне.
Няўжо былі вы: пушча над азёрамі,
Асенні холад, здзірванелы шлях,
Два небы, дзве маленькіх карты зорных,
Што ззялі блізка ў дарагіх вачах.
Мінулае жыве яшчэ са мною,
Але развеяў шчасце, нібы дым,
Лісток, напісаны рукой чужою:
Ты замужам,
ты знікла,
ты з чужым.
Я вывучаў па вас каханне й радасць.
Я ўдзячны вам і верны да канца.
Не бачыць вам маёй акропнай здрады,
Каханай вочы, боль майго жыцця.
Ствараю дзіўнай прыгажосці перлы,
На дне якіх заснуў нясцерпны боль,
Мая жывая і мая памерлая,
Крыніца шчасця, мук маіх юдоль.
1957 г.