epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Каложа

Дануце Бічэль

 

Каложа, туга мая светлая!..

Ў чорны Нёман па чорным шкле

Сіняй кропляй спадае ракета,

Быццам зорка ў ціхі Бетлем.

Ў вокны цёмныя заглядае,

Ззяннем бледным шукае кутка,

Дзе хваіна ў грубцы страляе,

Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.

Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,

Не ў цямноцце, не ў соне, не ў драму* —

Ў веліч падае зорка бяздомная,

Ў снег і ў сэрца сыну твайму.

І ў няпэўным хвілінным блакіце,

Ўся адзіная, ўся са святла,

З небам, з Нёмнам, з зямлёю злітая,

З сэрцам нашым — Каложа ўзрасла.

Трохі ў зелень, як пер’е качынае,

Трохі ў бэз і трохі ў гранат,

Уся — крышталь невыказна сіні,

Ўся — як край наш, як сон, як вясна.

Ўскінь далоні тонкія ўгору,

Сыну неба акрэслі шлях,

Каб навекі адбіліся зоры

У тваіх і дзіцячых вачах.

Каб ніколі перуны чужынныя

Не асмеліліся скасіць

Ні цябе, ні Каложы,

дзяўчыны

З ніў і пушчаў Беларусі.

І калі ўзнясе вас над светамі —

Прыгадайце ў вечным святле,

Як самотная зорка — ракета

Ціха падала ў цёмны Бетлем.


1960-1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая