Апоры мастоў, як скалы.
Нявы буркатлівы сон.
Над Стрэлкай, на захадзе алым
Цені рагатых калон.
Бялёса. Блакітна. Шырока.
Халодная ноч, як дым,
І шчасця танюткага крокі
Мяшаюцца з крокам маім.
Ў сініх лугах, на світанні
Ў ззянні вясёлкавым траў
Я вырасціў гэта каханне
І ў рукі твае аддаў.
А заўтра яно знікае
У паўдзённай чужой старане.
Горад, за што ты караеш?
За што забіваеш мяне?
Заўтра мне распінацца,
Тужыць па яму, як калісь,
Бо вежам тваім і палацам
Справы няма да зямлі.
Прыйду наступнаю ноччу,
Пабачу ракі свінец
І сфінкс халодныя вочы
Узніме з вады на мяне.
І скажа: «Цёпла на Ніле,
А тут халодная золь.
Паўсюль аднолькавым пылам
Стаюць каханне і боль.
І людзям вяртацца не трэба
Да любых сэрцу магіл».
«— Сфінкс, мы жывём пад небам,
Небам песні і небам тугі.
Тысячы тысяч світанняў
Я сонца чакаю з тугой.
Ўся мудрасць твайго маўчання
Не варта пакуты маёй».
. . . . . . . . . . . . . . . .
І сфінкс халодны, цвярозы
Схіліць сваю галаву,
Пакоціць каменныя слёзы,
Цяжкія слёзы ў Няву.
Ленінград — Орша
2 ліпеня 1960 г.