epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Карадаг

Л. А. Панамарэнка

 

Іліяда мая! Колькі даўніх крылатых стагоддзяў

Ты разрэзала ветразем, вартым людзей і багоў,

Плывучы ў невядомае, ў дальнія тысячагоддзі,

Быццам бронзай акуты «Арго»,

Крутабокі і звонкі «Арго».

Ўвосень чырвань сумаху на скронях тваіх выступала,

Так трымаў ты свой крыж —

мора цяжкага ўдары і гром:

Быццам плакалі скалы, кроўю даўняю плакалі скалы

Пад сухім і траскучым, як Крым, пад цярновым вянком.

Коні сінія з мора імчалі на бурным прадвесні,

Ты хапаў іх за белыя грывы і біў уразлёт

Або слухаў спакойна пелазгаў забытыя песні

І глухія — пад вечар — званочкі авечых чарод.

Іліяда мая! Пасмы чорныя хмар на вяршыні.

Як гекзаметр звонкі, ўдараюць аб бераг валы —

Неўміручыя строфы, што морам прапахнулі сінім,

І сухою травою, і ёдам, і вечным спакоем зямлі.

І за вечную цвёрдасць тваю мора вечнае данню

вялікай

Сыпле дым скамянелы агата табе на далонь,

І крывавыя слёзы забытых багоў — сердалікі,

І празрыстыя слёзы самотных жанок — халцэдон.

Дзе яны, што ахвяры палілі глухімі начамі,

Кантрабанду насілі, багоў павяргалі у жах,

Дзе яны, што ў крылатыя шлемы званілі мячамі

І на ўласнай крыві узрасцілі крывавы сумах?

Я не веру, што зніклі яны... Вось...выходзяць з пучыны

З морам зорным на скуры і соллю ў кучме ільняной —

Лістрыгоны, пяніцелі хваль, заваёўнікі чорных

вяршыняў.

І прыбою гекзаметр гулка ўздыхае ля ног.

Іліяда мая! Вечна морам плыві да свабоды,

Вечны ветразь напяўшы, кіруйся у казачны шлях

Са сваім непакорным, дэльфінападобным народам,

З бурным морам у жылах і сонцам у дымных вачах.


05.04.1965

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая