epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Казка пра Пятра-разбойніка

Валэндаецца па зямлі пракляты Пётр-разбойнік. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.

Шмат часу хадзіў ён на жыр і людзей рэзаў. Пакуль паноў забіваў - усё яму даравалася, а калі ўзяўся за простых - напала на яго чорная хвароба: твар зрабіўся такім, што сітам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпілі цела скуллі, уцякаюць ад яго людзі, баючыся заразы.

Рэжа ён дзень і ноч без просыпу, ды сумлення ні ў якой крыві не затопіш. Забівае ён дзядоў, немаўлят за ногі вешае, толькі пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьці ў другога.

Ішоў ён аднойчы ўноч некуды і стаў на раскрыжаванні шляхоў: страшна яму зрабілася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галінаю сухое дрэва, а на ім пугач сядзіць і вогненнымі вачыма глядзіць.

І зразумеў Пётр-разбойнік - няма яму даравання ад простых людзей, няма і не будзе ніколі.

- Скажы, зямля, - пытаецца Пётр-разбойнік, - як мне ў цябе дараванне заслужыць?

Цяжка ўздыхнула зямля:

- Не, Пётр-разбойнік, не будзе табе даравання. Толькі што... вунь ля разбуранага млына ляжаць на зямлі трохпудовыя жорны. Уздзень іх сабе на шыю і пакуль не сатрэш іх уласнаю шыяю на порах, пакуль не луснуць яны і не разваляцца на тваіх рамёнах - не быць табе дараванаму.

Цяжка ўздыхнуў Пётр-разбойнік, нахіліўся, ускінуў на шыю жорны і пайшоў. І што ён толькі з той пары не рабіў: і зямлю розным бедакам араў, і лясы карчаваў, і паміраючых ратаваў, і гарады будаваў - ні крышачкі не сцёрліся жорны. Няма даравання таму, хто кроў сялян піў, вісіць яна цяжарам вялікім на ім да сканчэння веку.

Зноў прывалокся Пётр-разбойнік пад сухое дрэва, згубіўшы ўсялякую надзею на выратаванне. Плакаў там тыдзень - маўчыць зямля. Пустэча. Прайшлі гады, а наперадзе тая ж цемра. Няма даравання!

Толькі падняўся ён, аж раптам, бачыць, сядзіць нейкі чалавек і на магілу мацеры плюе і зямлю родную лае.

- Гэ-эх, - зітхнуў Пётр-разбойнік, - ну й падла. Забіваў я шмат людзей, дык няўжо яшчэ за гэткую гніду мне на душы граху пабольшыцца. Дай яму напрач сальнік выпушчу, бо, дзякаваць чорту, нож заўсёды пры мне.

Падышоў ззаду да таго, хто на матчыну магілу пляваў і зямлю родную лаяў, ды й пярэснуў яго навотліў нажом. І толькі ён зрабіў гэта, як раптам паліў цёплы дождж і змыў з яго каўтун і балячкі.

Навальніца пачалася, сіняй стралою бліскаўка палахнула, і за громам не пачуў Пётр-разбойнік, як з гулам луснуў камень і жорны на яго рамёнах распаліся на дзве паловы і рассыпаліся ў порах.

І ўпаў тут Пётр-разбойнік на зямлю і заплакаў, бо лепей за ўсё - не быць адшчапенцам мацеры-зямлі і калі трэба - пусціць за яе ў ход нож. І плакаў Пётр-разбойнік, а вакол пасля дажджу блішчэлі лісты і звонка падалі на зямлю празрыстыя кроплі, быццам уся зямля плакала ад шчасця разам з ім.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com