Бяроз няма. Адны кіпарысы:
Быццам хвасты наставілі лісы,
Лісы зялёныя, незвычайныя,
Ў горад зайшлі, такія адчайныя.
І ты са мною зусім як лісіца,
Смех на беленькіх зубках іскрыцца.
Смех такі, што кідае ў дрыжыкі.
Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая.
Дурнога ваўка да ільду прымарозіла,
Ды толькі й чакаеш, каб кінуцца ў лозы,
Навесці зялёных братоў-кіпарысаў,
Зялёных лісаў, зялёных лісаў,
Наставіўшы хвост, смяяцца з нябогі,
Якому сястра наставіла рогі.