epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Корчмы

Дарогі... Корчмы... Ліра за спіною...

Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром...

Заспее ноч, заспее дзень слатою —

Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом.

У торбе за спіной — пяшчоты словы,

Для песняў клетка, соль, тытунь, цацні,

Кашуля, нож і вышыты, суровы,

Нескарыстаны за гады ручнік.

І горкіх жартаў поўныя кішэні

Замест манет. Хто хоча — той бяры.

А ўцерціся дадуць у кожных сенях,

А не дадуць — абсохну на вятры.

На кожным дрэве — дамавіты свепет,

А я — па людзях мёд разношу свой.

Палі, лясы з няроўным сілуэтам

І крумкачыны грай над галавой.

Пярун злуецца на мае справункі.

Дзьме ў грудзі мне раз’ятраны Пахвіст,

А я нясу на веях — пацалункі,

Ў расколе вуснаў — салаўіны свіст.

Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,

Зямля мая ўстае перада мной,

Высокая і чыстая, як сонца.

Чысцейшая, бо плям няма на ёй,

Бязлітасная, добрая, святая,

Ўся зведаная, як дзядоў палі,

І кожны дзень нязнаная, як тая,

Што не суседзі, а багі далі.

Па ёй іду ад самага світання,

Рукамі гладжу глог і жаўтазель,

Каб кожны вечар за смугой барвянай

Убачыць грыб страхі і журавель.

І сесці пад страхой, што пахне дымам,

І песняю нягучнай ля агню

Аддзякаваць шматлікім гаспадыням

За горкі хмель і вуснаў дабрыню.

Ласкавыя, як жнівеньскае лета,

Адданыя, як спелыя палі,

Глядзяць, на руку ўспершыся, кабеты

І ўспамінаюць, што было калісь.

Трывожныя, няўтульныя, як сломкі,

Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне...

Густыя сцежкі, частыя карчомкі

Па ўсёй сваёй азёрнай старане.

І што мне недзе за высокай брамай

Чырвоных, прагных вокан каламуць,

Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі,

І думаюць, што з часам праглынуць?

Што мне яны, калі, як дар адзіны

За тую песню, што нясу ў карчму,

Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны

Мне свецяцца — не ведаю чаму.

Калі за простую прыпеўку тую

Ва ўсіх хацінах у маіх краях

Мяне, здаецца, песціць і цалуе

Уся зямля мая. Зямля мая.

Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі

Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне.

Густыя сцежкі, частыя карчомкі

Па ўсёй маёй азёрнай старане.




Беларуская Палічка: http://knihi.com