epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Куцька

Ляжыць на двары за дравяніцаю на грудку сена Куцька-шчанюк. Нешта не бярэ яго сон, ці то блохі расскакаліся па голым плямістым пузе, ці то яшчэ нешта, толькі мучыць яго нешта жудаснае, сабачае, тужлівае.

Холадна, працягнуліся ад дома і пуні густыя чорныя сцені, і па-над дахамі выплывае чырвоны месяц, смяецца. І ад гэтага месяца такая ахвота завыць шчанюку, проста жах. І ўсё яму здаецца, што за адрынаю стаіць нехта, шэры і без галавы, і вось-вось накінецца на яго, Куцьку, і пацягне некуды. І на самай справе, пачаў месяц у небе смяяцца і скакаць і ўсё бліжэй-бліжэй да Куцькі. Заціснуўся ён у самы кут, зарыўся ў салому: не так страхліва, калі спіна прыкрыта.

- Ну што, - кажа месяц Куцьку, - сёння маленькага гаспадара за нагу кусануў, костку з кухні сцягнуў? А чыя гэта там, пад сталом, пляма?

Хоча Куцька адказаць, што гэта ён ненарокам зрабіў, што больш не будзе - голасу няма.

- Ну добра, - кажа месяц, - гля-адзі ў мяне. Вось цябе зараз за гэта «нештачка» забярэ.

Дый схаваўся на гэтым за хмарку, канчаткова цёмна стала. І бачыць Куцька, нешта за адрынаю зарухалася, і вось стуль «нештачка» выходзіць, шэрае, як туман, і без галавы.

- А-а-а-а, во-о-ось ён, - і ідзе да яго, растапырыўшы рукі.

Ускочыў Куцька і кінуўся бегчы, але ногі ў яго не рухаюцца - быццам прысталі да зямлі. Заскугліў ён жаласліва, перабірае нагамі. А «нештачка» ўсё бліжэй... А-ай!

Бачыць - нічога няма. Тыя ж сцені ад дома, той жа месяц над дахамі, раўнадушны і спакойны, і сам ён, Куцька, ляжыць на падсцілцы на тым жа самым месцы і яшчэ нагамі рухае. Узрадаваўся. Вось я які храбры, нават «нештачка» спудзілася і ўцякло.

Ззяў месяц, і грызліся блохі.

 


1952?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая