epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Лятаючы дурань

Ў парку, пад ліхтарамі

Клічуць агні да вітрын:

«Палёт дагары нагамі!

Тры рублі за дзесяць хвілін».

 

Прывязаныя як трэба,

Пад крыкі дзяўчат і друзей

Людзі ў чорнае неба

Лятуць па стромай дузе.

 

Штодзённа ў змроку пахмурным,

Звысок аглядаючы свет,

Ў касу прыходзіць дурань,

Важна купляе білет.

 

І выкладае паважна

Схоўшчыку ў мяккі кулак

Грошы ў тугім бумажніку,

Пропуск і партабак.

 

І выкладае ў прыдачу

Дзесяць ключоў да ўсяго:

Ключ ад машыны, ад дачы,

Ключ ад сэрца свайго.

 

З годна падціснутым ротам

Ў неба ўзлятае цень.

Дзесяць мінут палёту:

Хопіць на цэлы дзень.

 

Ў зорным касмічным пыле

Боўтае пяткамі ён,

І за спіной, як крылы,

Драпавы палітон.

 

Па-над зіхоткім і хмурым

Горадам дзіўнай красы

Горды лятаючы дурань

Проста ў хмарах вісіць.

 

З ліпеня 1960 г. Орша




Беларуская Палічка: http://knihi.com