epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Лебедзь

Ў старажытным парку графскім,

Над цяністаю затокай

Лебедзь чорны ў дрэме плача

Аб Аўстраліі далёкай.

 

Тут спакой, любоў і радасць,

Сонца ззяе ў добрым небе.

Што ж табе ў тым дальнім краі?

Што ты ўспомніў, дэман-лебедзь?

 

Эўкаліптаў лёгкіх перʼе?

Дынга? Лёт бяроз прыгожых?

Стой... Якія ж там бярозкі?!

Тфу ты... пане ты мой божа!

 

Але ты, няўцешны, плачаш,

Бо далёка рай твой мілы,

Эўкаліпты... і асіны...

І асіны на магілах.




Беларуская Палічка: http://knihi.com