epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Маці ўрагану

Трагедыя ў трох дзеях, дзевяці карцінах

Дзея першая
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Дзея другая
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая
Дзея трэцяя
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
  Карціна дзевятая


Становішча ў сумежных краінах і ў самой Рэчы Паспалітай, уключаючы Беларусь пад час паўстання Васіля Вашчылы.

 

НЕКАЛЬКІ АПОРНЫХ ПУНКТАЎ ДЛЯ РЭЖЫСЁРСКАЙ КАНЦЭПЦЫІ

 

Сялянскія хваляванні ў Крычаўскім старостве, вельмі доўгія і зацятыя, выбухнулі ў 1743—1744 гадах вядомым паўстаннем Вашчылы, накіраваным супраць адміністрацыі староства і супраць арандатараў, якім Геранім-Фларыян Радзівіл аддаў староства ў поўную ўладу (уласна кажучы, на паталоку й разрабаванне).

Арандатар плоціць пэўную суму — а колькі ён пасля выб’е з мужыкоў, рамеснікаў і купцоў (якім, дарэчы, дазволена гандляваць толькі з арандатарам) — нікога не датычыцца.

Так, за гадавую арэнду (1719—1720) Уладзіслаў Пятровіч выбіў з насельніцтва дадаткова 3500 талераў. Ваўкавіцкія (з 1725 па 1727 год) выбралі звыш нормы больш за 100 000 злотых.

Асабліва пагоршылася становішча за час арандатарства братоў Гдаля і Шмуйлы Іцкавічаў. Гэтыя з 1736 па 1740 год выбралі звыш паложанага каля 700 тысяч злотых, а ўсяго за час арэнды аднялі (звыш інвентарнай нормы) і паклалі ў сваю кішэнь 1 298 909 злотых, 120 270 коп пянькі і г. д. і г. д.

Звыш гэтага пасіліліся паншчына, рабунак, гвалт. Збівалі людзей, забаранялі скаргі. Хто ішоў са скаргай да князя — таго збівалі, катавалі, даводзілі да жабрацтва штрафамі, кідалі ў турму, мучылі да калецтва, часам забівалі да смерці. Іцкавічы сатанелі ад даступнасці здабычы і ад бяскарнасці, забыўшыся на ўсякую асцярожнасць і здаровы сэнс. І сяляне забыліся на «сваіх» ваўкоў, якія рэзалі ўсё ж па выбары, а не ўсю чараду, не ўвесь статак.

...Акрамя гэтай дзікай і сатанінскай навалы разаралі народ і пастоі войск, «харугвій» (крыху раней — у 1689—1690 гг. за год харугвія Іосіфа Слушкі выбіла з сялян на ўтрыманне 73 008 злотых. Было мноства калек і сем забітых).

Шукаць суцяшэння ў богу? Ну так. У вёсцы Горны ў 1744 г. за пахаванне селяніна Андрэя Вароні поп з Бесавічаў (а яшчэ кажуць, што няма прозвішчаў, якія самі за сябе гавораць...) патрабаваў добрага каня. Каня не было. Нябожчык тры дні ляжаў у хаце, а пасля быў пахаваны без царквы і папа, які толькі пасля пахавання злітаваўся і ўчыніў на магіле «адпяванне» за асьміну пшаніцы.

Усё ж на каго магло спадзявацца паўстанне, акрамя як на свае стыхійныя, разрозненыя сілы? На якую дапамогу?

Давайце паглядзім. Што такое былі «свае», мы ўжо крыху ведаем і скажам аб гэтым пасля (самой п’есай і характарыстыкай дзеючых асоб). Што такое былі суседзі?

Расійская імперыя, да якой Крычаў будзе далучаны ў 1772 годзе, праз дваццаць восем год пасля паўстання, як кажуць, з агню ды ў полымя.

На троне Елізавета, «кроткая Петрова дщерь». На час нашых падзей ужо два гады як на прастоле. Зрынула дварцовым пераваротам Браўншвейгскую фамілію («законны» прэтэндэнт на трон Іаан Антонавіч быў зняволены, а пасля забіты), выпісала з Галштыніі пляменніка, Карла-Ульрыха (Пётр ІІІ), якога аб’явіла наследнікам (пасля, на радасць рускім, была выпісана са Штэціна нявеста яму, Сафія Ангальт-Цэрбская (пазней Кацярына ІІ).

З польскім дваром — трэнні за Курляндыю, таму дагаджаюць і заігрываюць, і таму, ясна ж, напляваць Пецярбургу на крычаўскіх «адзінаверцаў».

Пасланнік Кайзерлінг — гетману Патоцкаму: «Республика граничит с четырьмя сильными соседями, и потому надобно смотреть, какое соседство ей особенно может быть полезно. Разумеется, русское, потому что императрица находится в особенной дружеской склонности к республике и желает большего утверждения ее тишины и спокойствия» (С. М. Соловьев. «История России», т. ХІ, ст. 194).

Каму была справа да прыдушанага беларускага народа? Каго прасіць аб дапамозе, калі ў імперыі занятыя тым, што ловяць беглых сялян, калі па Волзе, Мядзведзіцы і Карамышу паўстанні мардвы. І гэта нават не мардва, а «старыя рускія ідалапаклоннікі, па-мардоўску гаварыць не ўмеюць, а гавораць яраслаўскаю гаворкаю» (архірэй ніжагародскі Дзмітрый загадаў разарыць іхнія старыя могілкі. Таму і выбухнула паўстанне). У 1741 — 1742 гадах у дзяржаве схілілі (сілком) да хрысціянства 17 362 чалавекі. Раскольнікі спальваюць сябе або бягуць ледзь не ў мясціны нашага паўстання. Іх патрабуюць вярнуць назад, а не тое каб прымаць уцекачоў з Беларусі. Іх, гэтых уцекачоў ад пакут і смерці, і выдаюць, калі ў таго, хто спаймае, няма сумлення.

Караюць людзей, якія дрэнна гавораць аб паводзінах імператрыцы, шкадуюць аб зрынутым урадзе (справа Лапухіна). Бізун і ссылка з адразаннем языкоў, не шкадуючы і жанчын (тры Лапухіны і Ганна Бястужава), што ў адносінах да некаторых жанчын было б проста дабрадзейства.

Чым занятая імператрыца якраз у дні, калі паўстанцаў адбілі ад Крычава і збіраюцца садзіць на палю, завостраны кол? Яна кіруецца ў Маскву і разглядае справу аб тым, што толькі з аднаго Ноўгарада трэба выбіць нядоімак мытных і карчомных 476 888 рублёў, а канцылярскіх — 13 270.

Якая ёй справа пра чужы народ, даведзены да смяротнага адчаю, калі ў свайго народа няма солі (С. М. Соловьев. «История России», т. ХІ, ст. 250), «ад чаго многія хварэюць». 9 лютага 1744 г. (нашых паўстанцаў у гэты дзень катуюць) генерал-пракурор ездзіў у Маскве да крам у адзінаццатай гадзіне, але ўжо прадажы солі не застаў: «В Москве... казённую соль... крестьянство и прочие подлые люди едва ли могут купить». Ён «нашел у лавок крестьян и прочей подлости многое число, которое ему объявили, что уже несколько дней не могут добиться купить соли».

«Для честного труда рабочих рук не было; а между тем столько рук были заняты нечестным промыслом» (С. М. Соловьев, т. ХІ, ст. 254).

Па правінцыях пануе адкрыты разбой, нават недалёка ад Масквы. І не па маёнтках, а нападаюць на вёскі і паляць іх (атаман Кнут, напрыклад, у Сакольскай воласці); кн. Хаванскі даносіць, што разбойнікі «приходили многолюдством в суздальское село его Пестяково: церковь, его двор и крестьянские дворы выжгли, пять человек крестьян убили до смерти, четверо лежат при смерти».

Разбой па ўсёй Ацэ, ад Калугі да Ноўгарада. Нават у самой Маскве якраз у тыя дні спайманыя тры разбойнікі і адзін атаман.

І паўсюль сялянскія бунты.

І паўсюль нецярпімасць і адсутнасць свабоды сумлення. У Казанскай акрузе з 536 мячэцяў зламалі 418 і спынілі барацьбу толькі таму, што пабаяліся, а як на гэта паглядзяць суседзі ў дзяржавах мусульманскага веравызнання.

Імператрыца занята не тым, не лёсам простых людзей — яна занята прыездам чатырнаццацігадовай дзяўчынкі, будучай Catherine le Grand, пры якой рускім і нярускім падданым будзе яшчэ саладзей.

...Ну, а Украіна? Дапамогі таксама чакаць дарэмна. І таксама дарэмна туды ўцякаць. Калі бегчы ў Правабярэжную Украіну — гэта значыць зноў бегчы пад уладу тых самых паноў. А наколькі салодкая была тая ўлада — сведчаць паўстанні гайдамакаў у 1734, 1750 і найбольшае з іх, «Колиивщина» (1768 год, праз 24 гады пасля Крычава), якое актыўна дапамагла задушыць Кацярына ІІ.

А бегчы ў Левабярэжную і Слабадскую Украіну — азначала бегчы пад уладу буйнога феадальна-старшынскага землеўладання. Старшыны гвалтам захапілі сялянскія і казацкія «грунты». Гетманскі універсал 1701 г. узаконіў двухдзённую паншчыну, забараніў адыходзіць на Слабоды і ўцякаць у казацкія палкі.

У гетмана Мазепы, напрыклад, больш за 100 тысяч залежных сялян. У 1709 г., пасля Палтавы, Сеч Запарожская разбурана (беглыя аселі ў Алешках, у нізоўях Дняпра, пад уладай Крыма). З 1722 года, калі памёр гетман Скарападскі, краем кіруе Маларасійская калегія: рускія афіцэры кантралююць часовага гетмана і старшыну.

У 1734—1775 гг. існуе новая Сеч (казакі вярнуліся з Алешак). Прыгону ў ёй, праўда, не было, але сяляне і радавыя казакі былі на становішчы наймітаў. Ад масы беглых страшэнна дзешавелі рабочыя рукі.

«Злачынцаў» старшына магла і выдаць, не жадаючы псаваць адносіны з суседзямі. Выдалі б магнатам і Вашчылу, ды ён памёр ад хваробы страўніка (існуе падазрэнне, што атруцілі, мучыла «сумленне», ведалі, чым скончыцца выдача Радзівілу сялянскага кіраўніка).

Ну, а наконт «сваіх» раскажа п’еса.

Поўная безвыходнасць панавала над крычаўскімі паўстанцамі. Няма выйсця. Нідзе.

Але чалавек не можа пагадзіцца з гэтым. Зламаць шыю лёсу, нават калі сам пры гэтым зломіш шыю. Адказваць безнадзейнай барацьбою на безнадзейнасць, уласнай загібеллю на безвыходнасць становішча.

Нават самім паражэннем перамагчы — гэтага чалавеку не можа забараніць ніхто.

У гэтым пафас паўстання, як яго разумее аўтар, які просіць рэжысёра-аднадумца таксама зразумець гэта.

Характарыстыкі некаторых гістарычных асоб п'есы, зробленыя для тых акцёраў, якія, ствараючы свой жывы вобраз, хацелі б стварыць яго па максімальна дакладнай гістарычнай канве.

Лагер паўстанцаў, на мой погляд, асаблівых заўваг не патрабуе. Тут усё больш-менш ясна. І тыпы, і характары. Хіба што патрабуюць тлумачэння некаторыя адрозненні ў сацыяльным становішчы, скажам, Вашчылы, Карпача або братоў Ветраў. Гэта не звычайныя сярэднія сяляне, гэта сялянская эліта, людзі пісьмовыя і сяк-так абазнаныя ў падзеях, што робяцца ў свеце, на Беларусі і ў старостве.

Вашчыла — войт вёскі Селішча і крыху гандляр (а гандляваць дазволена толькі з арандатарамі, і толькі пасля паўстання Радзівіл адмяніў гэта). Ездзіў скардзіцца на Радзівіла ў Варшаву, па вяртанні атрымаў ад арандатараў 150 бізуноў, цяжка хварэў. У 1731 годзе зноў скардзіўся (у Мір ездзіў, быў затрыманы слугамі Гдаля, «тыранскі» збіты і кінуты ў крычаўскую турму).

Іван Карпач, унук Змітра Карпача, бурмістра Крычава (яго імем была названа адна з вуліц горада), сын гарматніка мешчаніна Ільі. У 1696 г. дзед, бацька і ўнук абвінавачаны ва ўзброеным выступленні супраць харугві Рыгора Агінскага. Іван складае скаргі сялянам, сам засноўвае на зямлі двор і гаспадарку. З 1741 г. бурмістр крычаўскі.

Васіль Вецер (не блытаць з братам, мешчанінам) сын панцырнага баярына, што ўдзельнічаў у 1696 годзе ў разгроме харугві Агінскага. Пазней загінуў. Герой наш пісьменны і нават на свой час начытаны, ведае латынь. Гэтым, акрамя прыроднай дабрыні, і тлумачыцца яго насцярожанасць да грубасці і казацкай разбэшчанасці паўстанцаў, нянавісці іх да ўсякай «кнігі», бо ў ёй або даўгі запісаны, або данос, хлусня і паклёп. І тая ж крайняя дабрыня, мяккасць і спачуванне болю людскому прымушаюць яго ўступіцца, зусім не спачуваючы метадам сяброў. Мала таго, ненавідзячы ўсякія боль і забойства, быць ледзь не самым смелым воінам гэтай няшчаснай і цёмнай, хаця і па-дзікунску сумленнай, масы.

Поп з Бесавічаў хутчэй выключэнне з правіл. Большасць свяшчэннікаў, што ўдзельнічалі ў паўстанні, былі святыя людзі, хаця і лаяцца маглі добра, і кулакі мелі моцныя, і выпіць пры выпадку маглі.

Як поп Антох Крапіла. Бо гэта былі бедныя папы бедных парафій, якія касілі і аралі побач з сялянамі, ведалі іхнюю бядоту, іхняе гора, іхнюю безвыходнасць і спачувалі ім.

Такія ж почасту галодныя і бяспраўныя, як мужыкі, яны не схільныя былі адбрэхвацца «байкамі аб райскай канюшыне», ведалі, што шчасце павінна быць у чалавека і пад гэтымі зямнымі стрэхамі, ні ў якім разе не былі дуалістамі, якія лічаць, што Сатана — роўны Богу злы пачатак і, значыць, зло вечнае. Наадварот, у падтрымку сваім мяцежным парафіянам яны высунулі прынцып, што Сатана створаны Богам, ужо тым самым ніжэйшы за яго і таму неадменна павінен быць калісь пераможаны разам са сваімі паслугачамі, «сільнымі і магутнымі людзьмі розных народаў». Таму яны і свяцілі нажы, таму не пакінулі сваіх, калі тым давялося піць смяротную чашу. Таму і былі пакараны смерцю.

Цяпер пра ворагаў. Яны збольшага таксама ясныя. Трэба сказаць толькі некалькі слоў увогуле пра жыццё некаторых з іх. Жыццё, якое не ўлазіць у абмежаваныя часам рамкі п’есы. Што яны рабілі да і пасля паўстання, як некаторыя з іх скончылі свой век. Магчыма, гэта дадасць на палітру акцёраў некаторыя дадатковыя фарбы і адценні.

Князь Геранім-Фларыян Радзівіл. У часе, калі пачынаецца дзеянне (сцэна ў Бельску), яму дваццаць восем год (нар. у 1715 годзе ў Белай). Правёў пяць год (1730—1735) за мяжой, адкуль вывез кепскае веданне нямецкай мовы і свяшчэннае захапленне ўсім нямецкім. Асеў у Белай Падляшскай удзельным князем, які пляваць хацеў на ўсе законы і самога караля. Ён — падчашы, пасля харунжы Літоўскі, вялікі пан, але абсалютна абыякавы да грамадскіх спраў. Бязмерная амбіцыя, неўшанаванне законаў боскіх і людскіх», паляванне, распуста. Чалавек дзікі, злы, здольны да зверства, жорсткасці, бесчалавечнасці.

Яму 28 год, але выглядае старэйшым. Абліччам самы брыдкі (не таму, што адмоўны герой, а па гісторыі так). Лысы, заіка (я не люблю гэтага бяздарнага прыёму: надзяляць нягоднікаў яшчэ і фізічнымі недахопамі — я ведаў шмат такіх, з недахопамі, якія былі вартыя сотні Апалонаў і герояў-каханкаў, але гэта так было, сапраўды, быў заіка), целам каляны.

Па п’есе смяецца два разы, і больш, бадай, ніколі не смяяўся ў жыцці, заўсёды пануры і смутны.

Двор амаль нямецкі, асабістая служба — таксама, хаця збіваўся з нямецкае мовы на польскую і яшчэ больш ахвотна на «хлопскую». У «войску» ўсе ступені, аж да генерала: немцы, курляндцы. Мясцовых не надта любіў, бо не было ў іх безварунковага паслушэнства.

Ну і немцы, не вытрымаўшы, уцякалі, і тады — пагоня ў некалькі сот (а то і тысяч) салдат. Урэшце вырашыў рабіць афіцэраў са «сваіх» і таму заснаваў кадэцкі корпус. На манер караля французскага сфарміраваў «Аддзял Гран Мушкецёраў»—асабістую ахову.

Адзін з найбагацейшых уладцаў краю, але скупы і багацее з дня на дзень. Не шкадуе грошай толькі на асабістае войска. Акрамя гарнізонаў — шэсць тысяч умундзіраванай і вымуштраванай пяхоты, плюс кавалерыя і артылерыя. Амаль удзельны манарх. Ніякіх распараджэнняў караля не слухае, падаткаў не плоціць.

Пад замкам — вялізныя склепы. Стараўся, каб былі перапоўненыя. Енкі тых, каго катавалі, называў «найлепшымі спевамі».

Уся справа ў тым, што быў несумненны вар'ят. Памешаны на ўсіх пунктах: грамадскім, рэлігійным, палавым. Не лепшы, чым сваяк Марцін-Мікалай (хаця той не адказваў за свае ўчынкі, а ў гэтага вар’яцтва было ад бязмернай распушчанасці).

Іцкавічаў выгнаў не таму, што абакралі на мільён з трэццю (яны яму былі выгадныя, бо ўносілі інвентарныя грошы адразу), а са злосці, бо вышэйпамянёны Марцін-Мікалай раптам увераваў у перасяленне душ, выбраў у якасці рэлігіі юдаізм, пачаў вучыць ідыш і іўрыт, скрупулёзна выконваў шабасы, на якіх сядзеў у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.

Геранім раззлаваўся. Дабіўся апякунства, «брата» затачыў, гарэм ягоны разагнаў (а свой меў, і вялікі). Але грошы Марцінавы забіраў, так што дзеці апошняга хадзілі ў рызманах. Абдзіраў і іх.

Верыў у чарадзейства, быў забабонны.

З жанчынамі яму, ясна ж, не магло шанцаваць пры такіх добрых якасцях. Шалёна зайздросны і, адначасова, нейкі абыякавы, сепаратны, «сам не дужа гам і другому не дам».

Жанаты быў тройчы. У час, калі адбываецца дзея п’есы, першая жонка Тарэза Сапяжанка (ажаніўся ў 1740) ужо ўцякла (у 1742). Ветлівы, але халодны, ён трымаў жонку ледзь не ў турме — толькі візіты мужа і пана, ды ў акно глядзець на вязняў і пакараных смерцю.

У час дзеяння п’есы князь абыходзіўся палюбоўніцай і гарэмам.

Другая жонка, Магдалена Чапская, вытрымала яшчэ менш (1747, і ледзь не ў наступным годзе ўцякла).

Трэцяя, Ангеліка Мянчынская, вытрымала аж чатыры гады прысягі, а пасля ўцякла і пайшла замуж, як і папярэднія.

Ні ад адной не было дзяцей.

Другую жонку трымаў як у турме, нават у Варшаву не ўзяў, выдумаў, што цяжарная, а пасля яе ўцёкаў дарэмна прасіў аб вяртанні (нейкія неймаверна нудныя і рыпучыя лісты: «мая душка», «пакорлівасць» і г. д.): лепей воля без мужа, чым з ім — няволя. Лепей разбойнік, чым гэткая лютая і цягучая, нудная казіная смерць.

Хацеў экспатрыявацца ў арыстакратычнай Аўстрыі, спадзяваўся на яшчэ большы абшар да сваволі і манархічных капрызаў. Не атрымалася.

...Памятаць трэба, што ён быў разумны (каб жа ж не неабмежаваная ўлада) і не баязлівец (у 1752 годзе, скажам, зваліў за месяц 26 мядзведзяў, 17 дзікоў і 126 ваўкоў). Толькі што ўсе дадатныя якасці лютасцю і разбэшчанасцю ператварыў у адмоўныя.

Памёр у 1760 годзе (вязень Марцін у гэты момант сказаў варце: «Геранім не жыве»), у Белай падчас імшы, ад апаплексіі. Пайшлі набажэнствы, панегірыкі, вершы, «Вялікі муж Айчыны», «нязмерная страта», «Айчына аплаквае добрага грамадзяніна і энергічнага, дзельнага мужа». Словам, як казалі вярхі нават пра Іуду Іскарыёта: «Нябожчык вызначаўся шчодрасцю, непадкупнай сумленнасцю і адданай любоўю да радзімы».

Прароцтва Агны Вецер, такім чынам, спраўдзілася: памёр, абкружаны холадам і нянавісцю, і ўсе ягоныя скарбы дасталіся людзям, якіх ён ненавідзеў.

Вось такому чалавеку было аддадзена Крычаўскае староства. Вакол яго, як і належала чакаць, рабы.

Палюбоўніца — звычайная метрэска, у меру дурная, юрлівая, як кошка, і прагная, бо ведае, што яе становішча — часовае.

Палкоўнік Пястжэцкі. Не трэба забываць, што хаця і палкоўнік, а значыць, неймаверная на той час улада, але Радзівіл можа загадаць яму ўсё. Ён у тым жа стане, што і

...Губернатар Цялецкі, да якога Радзівіл звяртаўся як да «Яснавяльможнай Мосці пана Губернатара», але заўважаў, што як не ў тэрмін прывязеш транспарт гарэлкі ў Слуцк, то «будзеш цешыцца прэзентам няхібным сотні кіёў». І падпісваўся «вытанчаны (свецкі) Яснавяльможнага Пана слуга».

Піліп Каршук — раскошная абалонка пры поўнай нікчэмнасці, як амаль ва ўсіх канцлераў пры тыране. Веданне этыкету і перабольшаная стараннасць у выкананні яго. «Міністр унутраных і замежных спраў», якія ідуць сабе, не звяртаючы ніякай увагі на яго існаванне.

Грабоўскі — пасол ад князя Марціна-Мікалая Радзівіла, сваяка Гераніма, «браткі» ягонага (таго самага, што трымаў жонку і дзяцей у турме, верыў у перасяленне душ, выбраў у якасці асабістай рэлігіі юдаізм і хадзіў у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі; пазней трапіў у апеку да «браткі» Гераніма і замкнёны ім у турму). Фаварыт Марціна, але фаварыт таму, што выканаўца самых дзікіх ягоных збродняў, нават забойства (забіў у карчме падсудка брэсцкага Збароўскага, удушыў па загаду князя яго палюбоўніцу, забіў шляхціца Кукаўскага з жонкай, падпальваў двары і г. д.). Асуджаны «на горла», але пляваў і толькі калі прыгразіў, што заб’е гараднічага брэсцкага Грабоўскага,— той са сваякамі і стральцамі схапіў яго і скутага завёз у Пётркаў, дзе дэкрэт быў выкананы.

Але цяпер да гэтага яшчэ далёка, і Грабоўскі трымае сябе паўсюль нахабна, як дзікі гун.

Гдаль і Шмуйла Іцкавічы — браты-адкупшчыкі, непасрэдная прычына Крычаўскага паўстання. Адносна дробная сволач у параўнанні, скажам, з Геранімам Радзівілам або пробашчам Пёкурам — яны, аднак, ухітрыліся разарыць цэлы край. Навучыліся ад пана-старасты бяскарнай разбэшчанасці, прагнасці, садызму. Грошы выбівалі турмой, збіццём, падпаламі, забойствамі. І Вашчыла і Карпач паспыталі на сабе іхнюю руку. Дзікая помслівасць і самавольства, людзі са староства бягуць (колькасць пустых надзелаў павялічылася за час іхняга праўлення ў 2,5 разы; «выбілі» звыш інвентара ў сваю кішэнь 1 298 909 злотых). Часам нават Радзівіл стрымліваў іх універсаламі, але тыя іх палілі, а скаржнікаў збівалі і садзілі ў вязніцу.

Камісары былі купленыя імі, і ім баяліся скардзіцца. Збіралі падатак (без квіткоў) і знікалі, а Гдаль тады здзіраў другі падатак.

Палкоўнік Данаван. Яму, як немцу, няма чаго шкадаваць прыгнечаных людзей чужой крыві. Але ён усё ж салдат і трымаецца сякіх-такіх рэштак кодэкса гонару. Салдат павінен жыць коштам абдзёртага насельніцтва — так тады думалі ўсе. Але як стаў сведкам нечаканай высакароднасці «быдла» (да свайго лёсу абыякавы, але з ім быў сын), калі немінучая смерць падарыла сыну жыццё, пачаў сяк-так варушыць рэшткі сваіх мазгоў і знайшоў тую парушынку сумлення, каб адмовіцца ад разбою і служэння злу.

Пробашч бельскі Пёкур — адна з самых важных асоб п’есы. І адна з самых страшных. Уплывам на людзей (толькі ён можа прымусіць князя, які карае п’яных, нажэрціся, як свіння), для якіх ён жывое апраўданне на небе подлых зямных спраў. Але самае важнае не гэта. Ён бачыць да апошняга, дзе святло, а дзе цемра. Ён самы зоркі і самы сумленны, бо бачыць наскрозь мярзотнікаў і іх мэты і пагарджае імі. Але ён свядома пагарджае сумленнем, бо «ідэя» — раз ужо яна ягоная ідэя — павінна выжыць і трыумфаваць. І дзеля гэтага трыумфу ён пойдзе нават па трупах. «Яны за святло і праўду — тым горш для іх».

 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Агна Вецер.

Васіль Вецер — збройнік, вольны землеўладца, яе сын.

Надзея — ягоная нявеста і потым жонка.

Васіль Вашчыла — войт вёскі Селішча,

Іван Карпач — уладца двара, унук крычаўскага бурмістра і сам бурмістр, сын «гарматніка»,

Васка Вецер — мешчанін, стрыечны брат Васіля Ветра - З 1731 года завадатары беспарадкаў, а ў 1743— 1744 гадах — кіраўнікі паўстання ў горадзе Крычаве і Крычаўскім старостве.

Ілья Карпач — Іванаў бацька, крычаўскі гарматнік. Сын бурмістра Змітра.

Бачко — сын аднаго з правадыроў, пісар і сакратар паўстання.

Магда Мякенькая — карчмарка,

Лаўрэн Каўбаса — яе ўздыхальнік, крычаўскія мяшчане.

Айцец Анцівох (Антох) Крапіла — поп-мяцежнік.

Яўхім Хмыз — дудар, усякай музычнай справы майстра.

Мендл Кеймах — каваль.

Пракажоны.

Поп з Бесавічаў.

Князь Геранім-Фларыян Радзівіл — харунжы літоўскі, староста крычаўскі, уладар бельскі.

Аліцыя Гайдаловіч — каханка князя.

Грабоўскі — пасол ад сваяка Радзівіла, князя Марціна-Мікалая Радзівіла, ягоны фаварыт, «нож» Марцінаў.

Пёкур — ксёндз, пробашч бельскі.

Капітан Аддзяла Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя.

Пан Піліп Каршук — «канцлер дзяржавы» Радзівіла, так бы мовіць, «міністр замежных і ўнутраных спраў».

Павел Цялецкі — губернатар крычаўскі, старшыня суда над паўстанцамі.

Войт вёскі Ківаверцы.

«Нечаканы сяржант» — воін з аховы.

Гайдук.

Гдаль Іцкавіч,

Шмуйла Іцкавіч - браты-адкупшчыкі староства.

Камісар-Крэатура — паслугач Гдаля.

Палкоўнік Данаван — кіраўнік саксонскіх наёмнікаў.

Раймунд Данаван — ягоны сын.

Палкоўнік Пястжэцкі.

Кат.

 

Першая дзея адбываецца ў наваколлі двара Ветра, другая і трэцяя — увосень г ўзімку 1743 — 1744 гадоў у Белай Падляшскай, Цэркавішчы і Крычаве.

 

Дзея першая

 

Карціна першая

Ноч, поўная трывогі. У цемры парывае вецер, і адказваюць яму дрэвы. У адну з ціхіх хвілін далятае здалёк і пасля нарастае пошчак конскіх капытоў: нехта страшэнна спяшаецца. А пасля з’яўляецца і мацнее стрыманы, нібы праз зубы, Голас. Песня-рэчытатыў. Такая самая шалёная, як конскі намёт. З глоткі.

Хрыпата. Праз зубы.

 

Сэрца каня ірвецца,

У сэрцы конніка боль:

Радзіма твая прадаецца,

Кожны псяр над ёю — кароль.

Прадаюцца жанчын нашых вочы,

Прадаюцца калыска і храм,

Прадаюцца ўсім, хто захоча:

Ворагу й хцівым сябрам.

 

Пытанне. Стой! Хто скача?!

Адказ (голасна). Ганец ад арандатараў Іцкавічаў да іхняй высокасці яснавяльможнага князя Радзівіла.

Першы голас (голасна). Праязджай! (Ціха.) Ну і кампанія!

Адказ (ціха). Саб-бакі.

Ізноў ноч, і галоп наўскапыт, і песня.

 

Прадаецца з бязмежкам дубовым,

З продкавым ачагом,

Прадаецца з золатам мовы,

З былым і будучым днём.

І кожны баіцца хоць слова

У абарону яе сказаць.

Дый як? На якой такой мове?

На чужой? На сабачай, пся маць?!

Прадаецца ўся і па частках,

За грошы і напавер.

І дзе скажуць: «Айчына» — там пастка.

І дзе скажуць: «Хрыстос» — там звер.

І сумленне, і воля святая Дрыжаць на апошняй струне...

Што там недзе зямлю расцінае?

Гэта

Расце

Гнеў!

 

Шалёны конскі намёт.

Падвор’е Агны і Васіля Ветраў. Злева, праз яблыні — далёка,— цьмяная стужка Сожа. Пасярэдзіне чыстага двара, бліжэй да левага боку сцэны, вялізны дуб. Справа, крыху наўскос — хата. Ад яе, углыбіні, за плятнём і дрэвамі, арчатая галерэя драўлянага лямуса. На двор выходзіць ганак на слупах. Вокны між ім і лямусам асветленыя. Вокны між ганкам і краем сцэны — цёмныя. Гэта вокны бакоўкі, якая асветліцца, калі дзея перанясецца ў яе. З асветленых вокнаў далятаюць спевы, і жанчына на ганку — яна ўся ў чорным — нібы слухае іх... Зноў далятае здалёк тупат капытоў, замірае недзе за дубам. Чуваць пырханне каня, голас: «Дур-ры ў мяне». Пасля адтуль выходзіць і ідзе паўз пляцень да ганка Васіль Вашчыла. Песня выбухае з новай сілай:

 

— Чаго ты, лосю, чаго ты, сівы,

Так да сяла прыпадаеш?

Ды ці ты, лосю, ды ці ты, сівы,

Ліхую зіму чуеш?

— Чую не чую, добра ведаю,

Не будзе, як лецечка.

— Чаго, Надзейка, чаго, малада,

Так жалосненька плачаш?

Ці ты, Надзейка, ці ты, малада,

Ліху свякроў чуеш?

— Чую не чую, добра ведаю:

Не будзе, як мамачка.

 

Вашчыла. Вечар добры. Гэта Ветрава падвор’е?

Жанчына. Так.

Вашчыла. Што гэта ў вас?

Жанчына. Перадвясельная ноч у сына. Я Агна Вецер.

Вашчыла. Скажыце яму, што яго выклікае Васіль Вашчыла.

Агна. Можа, пойдзеце да іх?

Вашчыла. Не трэба, каб мяне бачылі. Я пачакаю на двары.

Агна. Тады лепей хадзіце сюды.

Вядзе Вашчылу на ганак, пасля — у бакоўку, прыносіць аднекуль каганец. Пайшла. Вашчыла аглядаецца: печ, стол, крэсла з падлакотнікамі, ложак пад самаробным пакрывалам. На стале дзесятак кніг, чарніліца з пяром. Вашчыла ўзяў адну кнігу.

Вашчыла. Де рэвалюцінібус орбі-юм (гэта па складах). Колы нейкія. Мудрагеліць Вецер. Не да «колаў» — была б жывая душа... Гм... Жэніцца. Знайшоў час. Хай жэніцца — больш старцоў будзе.

Жанчына прыносіць пару місак з ежай і «ўдаву» — бутэльку ў выглядзе абаранка.

Агна. Вось мірона смажаная... Вось траўнічак... Падмацуйся, госцейка. Я сказала сыну, што нейкі лёзны чалавек яго пытае. Ён зараз выйдзе. Радуюся я за яго. Надзея ягоная — пані, а не дзеўка. А вы скуль? Хто?

Вашчыла. Сына вашага ведаю з Крычава. І зараз адтуль.

Агна. Дык чаму туды не пайсці? Узрадаваўся б як?

Вашчыла. Мне туды нельга.

Агна. Сын даўно не быў у Крычаве. Прыехаў — а тут яна. Сірата зусім, як ён напалову сірата. Яшчэ са снежня року божага тысяча семсот васемнаццатага. Калі Карпач кашу заварыў. Дваццаць шэсць год мінула. Не, меней. Нашы загінулі праз тры гады. Ох, божа! А мой нябожчык як напрошваўся на бяду. Гэта ж яны яшчэ ў шэсцьсот дзевяноста шостым харугву Агінскага гетмана пабілі.

Вашчыла. Слаўная была справа.

Агна. Добра, што Васіль нявесту тут сустрэў і зараз тут і застанецца. Зараз ехаць небяспечна. На дарогах ловяць людзей. Што гэта будзе? Адзін воўк здае староства на водкуп другому. Рабуюць простых. Гора!

Вашчыла. А чаго гэта вы са мною так адкрыта, сястра?

Агна. Бачу мазалі на вашых руках... Не, хай ужо зараз тут сіроты мае.

Далятае песня. З сіроцкіх вясельных»:

 

А хто ж там каля рэчанькі гукае?

Малады малойчык,

Маладая дзеўка свайго татачкі шукае.

— Ды прыйдзі, прыйдзі, мой ойчанька, блізенька,

Паклонімся табе тройчы ды нізенька.

— Не прыйду, маё дзіцятка, не прыйду,

Не прыйду, маё роднае, не прыйду.

Дзіцятка маё роднае,

Хай цябе бог гадуе,

Долю, шчасце гатуе.

Ой, не магу я ўстаці

Да свайго родна дзіцяці:

Сасновы дошкі сціснулі ножкі —

Не скрану,

Жоўты пясочкі засыпалі вочкі —

Не ўзгляну.

Шэра каменне лягло на грудзі —

Не ўздыхну.

Ды злажылі ручкі на шчырым сэрцы —

Не здыму1.

 

Вашчыла. Што людскія сіроты? Зямля наша — сірата. Толькі чалавечым сіротам — бог абаронца. А пра зямлю нашу ён забыў.

Агна. А вам што, так конча бог патрэбен? Постаць у вас магутная, рукі жылаватыя, галава ёмістая.

Вашчыла (іранічна). Угм... дзеўкі мяне любяць.

Агня. Сябры любяць... І дзеўкі. І пад старасць у такіх, як вы, не менш за дзесяцёра дзяцей.

Вашчыла. Тут не ведаеш, нашто іх заводзіш? На жабрацтва? Бізун? Турму?

Агна. Спіны моцныя. Здужаем.

Вашчыла. На гэтай вось маёй магутнай спіне ад арандатараў, братоў Іцкавічаў, за скаргу князю сто пяцьдзесят бізуноў. Ледзь не памёр ад гэтага.

Агна. Куды скардзіцца ездзілі?

Вашчыла. У Варшаву. Восем год назад.

Агна. А цяпер прыехалі сюды. Ці аднымі бізунамі цяпер справа пахне?

Вашчыла. Цяпер так ці інакш кепска пахне справа. Забіваюць да смерці, гойсаюць па шляхах слугі арандатараў. Няма жыцця так і так... А пра вас відаць, праўду кажуць, што вы ў місцы з вадою бачыце ўсё, што мае адбыцца.

Агна. Вядзьмарка? Не. Няма вядзьмарак на свеце. Проста бачыла многа, ведаю людзей. І чую, што шчасця паменее, сірот пабольшае.

Песня:

 

Прашу цябе, матухна, прашу, родная,

Да мяне на вяселле ды на сірочае.

— Весяліся, дзіцятка, весяліся, маладое,

І з панам богам, і з добрымі людзьмі.

Я к табе прыйду ў суботу ўвечар.

Я на двор сыду дробным дожджычкам,

Я ў сенцы ўвайду ясным сонейкам.

Я за сталом сяду табе на параду,

А як будзе трэба — стану да пасаду.

 

Агна (насцеражылася, прыслухоўваецца да чагосьці). Едуць.

Вашчыла. Хто?

Агна. Едзе нехта шляхам... Што за часы — як тупат конскі, дык чакай бяды?

Вашчыла. Не чую.

Агна. Я чую. Наслухалася за жыццё. Ешце, госцейка... А як звернуць конныя сюды — гасіце агонь. Далей ад ліха.

Пайшла. Вашчыла налівае чарку, пачынае закусваць. За сцэнай нехта завёў — госці, відаць, падпілі ўжо— ні з пушчы ні з поля:

 

— Ці не нявесту вязуць?

— Нягож каго!

— Чаго яна не плача?

— Чорт чаго!

— Ды няхай той плача

І рвецца,

Хто яе ў гэты дом

Дажджэцца.

 

Пасля чуваць рогат і голас Лаўрэна Каўбасы: «Лепш ехаць па сена, чым на такое вяселле». Голас: «Сват — сабачы брат».

Лаўрэн: «Сват не сват, а добры чалавек».

 

Адзін сват жонку хваліць,

Што харошы абед варыць,

А другі сваю судзіць —

Што ні зварыць, то спаскудзіць.

 

Гоман. У дзверы ўвальваецца падпіты Лаўрэн Каўбаса, абвіты ручніком.

Каўбаса. А каб вам, госцейкі, пабіцца, а мне на вас падзівіцца. Не п’яны, не драны — называецца, на вяселлі быў... А вяселлейка бог нам даў: ажаніўся пяхцер, торбу ўзяў... Абвёў вакол елі, і чэрці ім пелі. (Заўважыў Вашчылу.) Стой! Хто такі? П’е! Закусвае! Чам-му адзін сядзіць, як пацук? Устаць слупам! Сват Лаўрэн Каўбаса прыйшоў!

Вашчыла. За саплівым сватам не находзішся з платам. Сціхні... сват.

Каўбаса. Чаму не між людзей?!

Вашчыла. Каб не ведаў войт Аўдзей.

Каўбаса. Унь як? Хі-ітры. Сцеражэцца. Хто такі?

Вашчыла. А гэта, сваток, не табе ведаць. Не табе ведаць, каб з бядой не абедаць.

Каўбаса. Цік-кава. Стой, а я цябе недзе бачыў. Ці часам не ў Селішчы? Ці часам не ты гэта пакаштаваў Гдалевага ды Шмуйлавага крапіла? Ці часам не ты...

Вашчыла. Кума пытала, а пасля язык кусала. Менш ведаеш, сваток, менш балбочаш, а то бізун гаваркіх лю-убіць.

Каўбаса. С-служкі паўсюль па дарогах. Ноччу ездзіць нельга. Нас многа, дый тое са зброяй ехалі. А ты, па ўсім відаць, адзін...

Вашчыла. І тут, сваток, не твая справа, убрыкні цябе камар. І не сунь ты сюды, сваток, свой нос, каб табе на старасць кот яйка знёс.

Урываецца Магда Мякенькая, таксама крыху на падпітку.

Магда. А во ён дзе, барыла гэты, авечка гэтая блудная! Чаго ад людзей уцёк?

Лаўрэн. Я да чалавека... а ён ісці не хоча.

Магда. Не хоча, дык не хоча, ягоная справа. А ты ідзі, апівашына гэткая, валацуга, атрута мая.

Лаўрэн. А ты на мяне не крычы. Не асядлала пакуль.

Магда. Цябе асядлаеш. Адна паспрабавала, дый прамым ходам да бога ў рай.

Лаўрэн. Ты ўжо маўчы сама, апсюганка. Другога мужа данасіла дый на мяне мецішся. А яшчэ клічуць Мякенькая? Як кій дубовы.

Магда. Патрэбен ты мне, атрутнік гэткі, гламазда, гіцаль, прабыдла ты няшчаснае, акаянная твая паганая сіла. Мякенькая, ды не для цябе.

Лаўрэн. Ну-ну-ну, ну-ну-ну. Бач, абрыда, бач, бабішча непралюдная (валтузяцца, Магда хоча выпхнуць Лаўрэна за дзверы), булава ты бязмозглая!

Магда. А хадзі-хадзі, мой каточак. Хадзі, балдавешачка ты мая любая-ненаглядная, роднае ты маё аб’еддзе блашынае.

Лаўрэн (пручаючыся). Баба! Не смей! Гасцявыя людзі!

Магда. Смею, любенькі, каб цябе так чэрці любілі.

Лаўрэн. А-ёй, каб табе жаба цыцкі дала.

Магда выпхнула яго. Вашчыла наліў чарку.

Вашчыла. Н-ну-у. Прапаў, сваток. Паплачуць па табе твае сабакі, паходзяць па табе яе каты. (І раптам прыслухаўся, пачуў тое, што значна раней чула Агна: часты і шматлікі пошчак капытоў, які набліжаецца і набліжаецца.) Ну й слых у кабеты. У варту б яе — цаны б не было. Дзьмухнуў на каганец. Цяпер ён толькі слабы цень, які прыпаў да акна і выцягнуў з-за паяса пісталет. Асветлены цяпер толькі ганак, на якім стаіць Агна Вецер, і — цьмяна — двор. З левага боку глухія ўдары ў браму.)

Голас камісара. Гэй, адвальвай браму! Гэй, пускай конных, ваўкі вас еш! Чый двор? З дарогі збіліся, увесь свет прападзі акрамя пападдзі! Чый? Двор чый? Хвёдара Барана?! Адчыняй, каб вам на тым свеце хаціну збудавалі! Паны-арандатары Іцкавічы, Гдаля і Шмуйла.

Агна. Не крычы, камісар. Гэта не Бараноў двор. І рабіць тут Шмуйлу з Гдалем няма чаго. Гэта двор вольнага землеўладцы.

Гдаль. Якога яшчэ вольнага?

Агна. Удавы панцырнага баярына Агны Вецер і яе сына, Васіля Ветра.

Шмуйла. Ну, Ветра, ну, Ветра. Адчыняй.

Агна. Каралю, а значыць і князю тут усё заплочана да апошняга шэлега. То і няма чаго тут рабіць яго папіхачам.

Шмуйла. Баба... не каштаваў гэты двор бізуна?

Агна. А госць няпрошаны не каштаваў бязмена ў лоб?

Гдаль. Спакойная ты, кабета.

Агна. Спакойная. Як хочаце па-добраму — не ламіцеся ў браму, пакіньце сваё воўчае мяса за агароджаю і пеша, як ветлівыя госці, ножкамі, ідзіце ў двор. Унь лава пад дубам. Чарку вам вынесуць сюды.

Гдаль. А што там у хаце за гвалт?

Агна. Вяселле... на якое вас не клікалі. А сілком дзерціся на чужое свята — не раю.

Маўчанне. Пасля пырханне коней. З’яўляецца камісар, а за ім браты Гдаль і Шмуйла Іцкавічы ў суправаджэнні варты.

Гдаль. Уй, Ветрыха. Грубіяніш. Хто да цябе лезе ў хату на тваё вяселле, на тваю трэфную ежу?

Агна. Прабач, бацюхна. Каб ведала — кошарнага прыпасла б дзеля такіх дарагіх гасцей. А ў хату? У хату не запрашаю. Няма чаго ясну панству Іцкавічам баляваць са свіннямі.

Камісар. Захочуць — самі ўвойдуць. Вашага не будуць есці, а й вам не дадуць жэрці.

Шмуй л а. Так, пані. Мала што вольныя вы і ваш сын. Мала, што выплацілі інвентары. У нас — арэнда. І фактычна-такі пабор звыш чыншу мы браць-такі будзем. І ссыпка жыта, і грашовыя паборы — меты — возьмем і не спытаемся.

З’яўляецца Лаўрэн з Магдаю, заўважыў прыхадняў, штурхнуў яе назад.

Лаўрэн. Бяжы па людзей.

Шмуйла. І выберам гіберну і іншыя плацяжы. А калі чынш заплацілі — дзе вашы квітанцыі?

Агна. Што ж, у другі раз браць будзеце?

Гдаль. Па паперах дзе відаць, што вы плацілі?

Агна. Якія паперы? У нас заўсёды — на слова.

Гдаль. Гэта раней было — на слова.

Лаўрэн. Ой, падавішся, пёс!

Камісар. Цяпер — вось вам ваша слова (паказвае дулю). А будзеце бараніцца — возьмем сілаю. Усё возьмем. Бізуноў захочаце — будуць бізуны. Турмы — будзе вам турма. Нам вашы кароль і князь — не ўказка. Псом яснага пана Гдаля абазваў — псам тваё падла кінем.

Гдаль. Ну і нашто лезці і гарлаць? Ціхенька скарыцеся — і не будзеце пасля доўга хварэць, а мо і паміраць.

З хаты пацягнуўся на ганак і галерэю лямуса натоўп: Стаіць пакуль што, у пагрозлівым маўчанні.

Ну і што? Вось Вашчыла ездзіць па наваколлі — мала яму паўтараста плётак. Ён хоча на кол сесці. І на палі не дапаможа яму ані Хрыстос, ані хто.

Шмуйла. Не было тут злодзея Вашчылы, басякі-і? Не ў хаце ён?

Лаўрэн. Гэта мы басякі? Ану зайдзі, зайдзі ў хату, тварына паршывая.

Шмуйла. І што заходзіць? Нашто мне заходзіць? Унь у вёсцы Гарбовічы сем забітых. Унь у Вепрыне шмат калек. Ім хочацца ў пакутнікі? Я-ткі ім зраблю, пакутнікі.

Лаўрэн. Сабака, змоўч!

Гдаль. А што, пры Пятровічу, пры сваім арандатару, вам лепей было, музікі-і?

Агна. Праўда, не лепей. Відаць, толькі падлюгам падмога і ад нашага, і ад вашага смуроднага бога... Ідзіце адсюль.

Гдаль. Гэта невядома, хто пойдзе.

Агна. Ты што, басурманская душа, жэрці гэтыя грошы будзеш? Здохнеш — няма ў твайго савана кішэняў.

Гдаль (філасофскі). Што ты ведаеш аб грошы. Гэта — усё. Мы гэта разумеем. Для караля з князем яны ўсё. Для нас яны — адзіная абарона супраць вашых дурных паноў. Адзіная ўлада над вамі, брудныя свінні з неабрэзанымі вушамі.

Магда. Вось мы вам галовы абрэжам, кручанымі вяроўкамі гадзіць прымусім.

Гдаль. Гэта яшчэ хто каго прымусіць. Наша цяпер сіла, нам уладу аддалі. І мы ўжо лейцы з рук не кінем. Не, не палянуемся тут дымам усё пусціць. Выведзем, як клапоў.

Лаўрэн. Лупіш ты па краі, як конь па градах. Не дачакаўся б ад нас...

Шмуйла. Што, пугі?

Лаўрэн. Не. Молатам у лоб, як на бойні.

Гдаль. І пуга і молат — у таго, у каго грошы. А вы іхняй карысці, іхняй сілы не ведаеце. Мы ведаем, у каго яны ў руцэ.

Агна. Сцеражыся, Гдаль. Устануць людзі. І адказваць за твае паскудствы будуць тыя з тваіх супляменнікаў, што грошай у вочы не бачаць, што не вінаватыя. Ты ўцячэш, я ведаю. А тыя?

Гдаль. А перад кім адказваць? Стрыечны брат твайго Васіля, Васка Вецер, палохае гэтых бедных, грошы ў іх адбірае, пагражае пагромам і вымагае ад іх гарэлку. А твой сынок сядзіць тут. І твае супляменнікі і мае цяпер кажуць: Васіль Вецер, справядлівы,— увесь выйшаў. Застаўся разбойнік Васка.

Агна. Адкажаш ты за абразу гэтага дома, паршывы д’яблаў вырадак.

Магда. А дом твой — карчма пасярод дзярма.

Гдаль. Слухай, камісар, дзе твая ўлада? Тутэйшыя шлюхі, самадайкі паноў сваіх абражаюць.

Камісар. А мы іх пагрэем.

Уздымае паходню да дваровай страхі. Напятая цішыня, потым Лаўрэн дастае з-за апаяскі два пісталеты і страляе з аднаго проста над галавою Гдаля, у шату яблыні. Адтуль падае да ног Гдаля яблык.

Гдаль (камісару). Ты што? Апусці сваю капцёлку, халбер той... А ты, басяк, што страляеш? Яблыкі зялёныя яшчэ.

Лаўрэн. Так, маленькія яшчэ, ясны пане. Бо як вырастуць, то яны ў нас вялікія, не раўнуючы, з вашу галаву... У такое пацэліць — гэта раз плюнуць.

Шмуйла. Ён як гаворыць?!

Гдаль. Змоўч, Шмуйла. Вой, і пажартаваць нельга з гэткімі людзьмі. Ну, едзем ужо. Але хай на вашу каросту батагі — з вамі яшчэ такі пагавораць. Запомні, маці Ветра.

Агна. Запомні і ты, сын кабана і сукі.

Іцкавічы аддаляюцца і знікаюць з вартай. Пасля далятае пошчак капытоў.

Не скончыцца дабром гэта.

Магда. Так. Не скончыцца. Для іх. Бо апошнія ўжо кроплі цярпення...

Госці паволі ідуць у хату.

Лаўрэн. Вось табе, матка, за смеласць жменю медзі, каб унукі былі, як мядзведзі.

Песня:

 

Аж у нашага свата

Ды сасновая хата,

На двары сады цвітуць,

На стале мяды цякуць.

 

Усе знікаюць у хаце. Вашчыла ў сваёй бакоўцы адарваўся ад акна, сеў за стол. Нехта ўваходзіць. Чуваць голас Ветра: «Дзе тут госць?» Пасля — іскры ад крэсіва. Запальваецца губа, а пасля каганец.

Вецер (аслупянеўшы пры выглядзе Вашчылы). Ты? Чаму ж маці не сказала?

Вашчыла. Мусіць, забылася імя.

Вецер. Добра, што прыехаў. А ў мяне шчасце.

Вашчыла (сумна). Бачу. Няўчаснае шчасце.

Вецер. Што так?

Вашчыла. Твой двор толькі што наведалі Іцкавічы.

Вецер. Мужыкі не пусцілі мяне да іх. Госці.

Вашчыла. Ну вось. А каб не госці, ты, свабодны чалавек, які чысты ад даўгоў, але не мае распіскі аб уплаце, бо верыць, як усе мы, на слова...

Вецер. Ну?!

Вашчыла. Ты, свабодны чалавек, ляжаў бы, адхвастаны да паўсмерці, як сотні людзей у старостве, быдла тваё было б зведзена, хата абдзёртая, як ліпка, і спаленая.

Вецер. Князь збіраецца адабраць арэнду ў Іцкавічаў і аддаць свайму.

Вашчыла. А ты ўспомні свайго. Пятровіча. Лягчэй было?

Вецер. Ну, усё ж свой.

Вашчыла. Угм. Гэта і праўда лягчэй, калі табе родны брат зубы выб’е, а не траюрадны.

Вецер. Цэрквы, прынамсі, бурыць не будуць.

Вашчыла. А папы, за выключэннем самых бедных і простых, накшталт Антоха Крапілы, таксама не нашы, каб ім на вежы сем год гойдацца.

Вецер. Што ты шуміш, Вашчыла? Нам усё ж лягчэй. На захадзе зямлі беларускай паншчына непрыкрытая, а ў нас заплаціў грошы — і ты вольны. Баяцца ўсход занадта чапаць. Мы — на мяжы з Масквой, мы, у выпадку чаго, і да яе.

Вашчыла.А там паншчына горш за нашу. Людзі адтуль да нас бягуць. А што лягчэй, дык зразумей і ты, што ў цябе ўмова з панам, у цябе крыху волі, у цябе ёсць час падумаць. І ясна, што пры такім стане будзе казак, а самастойнаму казаку лягчэй паўстаць, чым рабу. І... меней на гэта трэба прычын.

Вецер. Няма ў мяне на гэта ніякіх прычын.

Вашчыла. Ой-ёй! А Іцкавічы? Іцкавічы, што дзя-

руць вышэй інвентара? Узялі староства ў арэнду, на водкуп. І грабуць з нас вышэй пісанага, вышэй таго, што народ павінен. Князю мы колькі павінны былі выплаціць? Дык яму самому лень было выбіваць, ён нас гэтым цмокам перадаверыў. А тыя за час арэнды, звыш паложанага інвентару, выбілі і паклалі ў сваю кішэнь амаль мільён трыста тысяч злотых, ды звыш ста дваццаці коп пянькі, ды падаткі, ды адработкі, ды штрафы. Толькі грашыма з чалавека лішніх па шэсцьдзесят злотых у бяздонную, у нясытую гэтую сваю глотку. Гэта не клоп. Гэтыя браткі, пакуль усю кроў не высмакчуць,— не адваляцца. А не заплоціш — б’юць да паўсмерці і да смерці і хаты паляць. А ўцячэш — доўг твой здзяруць з таго, хто застаўся. А яшчэ на вайну аддай. А воінскія пастоі? А жаўнеры, якія рабуюць? Адна харугва Слушкі з нас семдзесят тры тысячы злотых выбіла. Пасля іх, сваіх, як пасля варожай навалы. А скардзішся — б’юць, і ёсць мёртвыя, і шмат калек.

Вецер. Нашто ты мне гэта?..

Вашчыла. Умова парушана — і ўсе абурыліся. Бедным падзёншчыкам трэба жыць, нам, багацейшым, трэба гандляваць. А з кім? З усімі, акрамя арандатараў, клапоў гэтых, забаронена. Вяжа нас рабства, бедных людзей, па руках і нагах. Каму чаго ў нас купляць, калі трыццаць двароў з сотні памірае з голаду, а грошы нясуць не табе за хлеб, а Радзівілу на хлеб, Іцкавічам — чорт ведае на што.

Вецер. Князю на іх скардзіцца. Князь — наш.

Вашчыла. Ну так. Мы бацьку ягонаму належалі, пасля — маці, пасля — сыну. Я скардзіўся. Сто пяцьдзесят бізуноў на маёй спіне і турма. А паршывы Гдаль хваліцца, што «плявала на вас улада, што як дам тысячу або больш талераў, то камісія будзе за мяне, а не за цябе, смярдзючае беларускае быдла».

Вецер. Масковія?

Вашчыла. Там панскае дзікунства без прасвету.

Вецер. Кароль?

Вашчыла. Аўгуст наш трэці? Ён Рэч Паспалітую і Беларусь прапіў, давёў да ручкі. Каралёўская ўлада ляжыць, як п’яная баба за карчмою, і ўсе магнаты, хто захоча, яе топча... Мы ім цікавыя толькі як паўстанем, як сала за шкуру зальем. А тое, што мы кожны дзень, кожную гадзіну бубнім, варочаемся, супраціўляемся — ну, гэта іх не абыходзіць. Пісьме-енныя, вучооныя! Што ім да таго, што хлоп думае? Мы — беднае бесславеснае быдла. Мы хлеба кавалка не можам купіць, не паведаміўшы Гдалю са Шмуйлам.

Вецер. Гандаль? Ну ясна. Не вера, не незалежнасць, а прагнасць і своекарысце. Грошы яны ў нашых гандляроў перабілі.

Вашчыла. А што вера? Поп багаты, пакуль не абдзярэ — адпяваць не будзе. Што ж нам, гэткіх умацоўваць? За іх біцца супраць уніі? Няма чаго казаць — варта дзеля такога дзярма ліць кроў лепшых людзей.

Вецер. Што ты мне казані чытаеш? Я ўсё гэта і сам ведаю, а ты не поп і не ксёндз. Кажы проста, чаго трэба?

Вашчыла (з вялікім значэннем і вельмі важка). Мы пачынаем, Вецер.

Вецер. Толькі Крычаў?

Вашчыла. Крычаў — кацёл з варам. Але не толькі ён. Усё староства. Цярпець больш немагчыма.

Вецер. Хто ды хто?

Вашчыла. Я, Стэсь Бачко, Іван Карпач.

Вецер. Род славуты.

Вашчыла. Род падобны на твой. І стан такі... Ну і яшчэ твой стрыечнік Васка Вецер.

Вецер. Ветрагон, занадта любіць гуляць.

Вашчыла. А ты занадта любіш жыццё. Ну вось, пашлем ганцоў. Ты павінен быць у Крычаве. Ты вельмі пісьменны чалавек, без цябе цяжка. І табе вераць збройнікі і многія астатнія людзі... Мы ім, прабыдлам, сухалом на іх, справім Хмяльніччыну.

Вецер. Пры ім паўстала ўся Беларусь. З намі былі казакі. І ўсё ж нас разбілі. А тут адзін маленькі Крычаў і мужыкі з косамі. Мы немінуча загінем.

Вашчыла (тужліва). Я ведаю, браце. Ды лепей паступіцца жыццём, чым сумленнем. Ведаю, справа толькі ў часе. Можа, мы не пратрымаемся і месяца, можа, нас хопіць на некалькі год. Ды бывае так, што трэба гінуць. Мы зараз як жабяняты, якіх нават зайцы палохаюць. Нас катуюць, як жадаюць. Памяць іхняя каціная: наторкаюць носам, а яны зноў за тое самае. Хутка забылі, як ад жаху скавыталі перад намі. Трэба ім напомніць, каб асцерагаліся чапаць нас. А мо і перамога? Яны ж прагнілі, як бурак.

Вецер. Што, крывёю Крычава купіць адносны спакой усім?

Вашчыла. Трэба пашкадаваць, трэба дужа пашкадаваць сваю радзіму, Вецер.

Вецер. На ёй зараз цішыня, хай няпэўная. Пашкадаваць — значыць выклікаць вецер. Ураган. Знішчыць гэты няпэўны дабрабыт, гэтае слабае шчасце. І чужое, і... сваё. Ты бачыш, сёння...

Вашчыла. Праз год ці два будуць дзеці. Думаеш, будзе лягчэй? А шчасце? Унь яны вывелі людзей з Ліпічна ва ўрочышча Філазопаўскі грунт і загналі ў дрыгву... з малымі дзецьмі. І смяяліся, калі да іх працягвалі дзяцей. І ты будзеш смяяцца разам з імі... ад шчасця? Будзеш араць, калі яны самое месца вёскі зааралі?

Вецер. А ўздымем бунт — загінуць усе дзеці ва ўсіх вёсках. Усе жанчыны. І мая Надзея таксама. А тут яна смяецца ад зелені, сонца. Бачыш, якая справа. Я абяцаў ёй усё добрае, а аддзячу самым злым. Магілай.

Вашчыла. Ты абяцаў не толькі ёй. За ўсё ў жыцці трэба плаціць, Вецер.

Вецер. Ведаю. Я не баюся... Я проста не магу. Раней мне было ўсё адно. Але тут з’явілася яна. І ўсё стала іншае. Зямля стала прытульная, узгоркі зрабіліся такія сытыя, вочы ў аленяў добрыя... як у яе. Нават кот такі пульхны і мяккі. Калі прыходзіць такое — нельга ліць кроў, нельга несці смерць іншым... і ёй. І чалавек жа створаны для любові, я зразумеў гэта. Для шчасця.

Вашчыла. Шчасця няма. Ваўкі вакол.

Вецер. Ёсць шчасце. Няпэўнае, але вайна знішчыць яго. Людзі загінуць немінуча. Ваўчыная моц, ваўчыная жорсткасць яшчэ не былі дасюль пераможаныя. А тут ёсць свае сцены, зброя ў руках... і яе вочы. Я не магу здрадзіць ёй.

Вашчыла (пасля паўзы). Сынок, будзь сумленны і не чапай яе. Хадзем. Светлую памяць зберажэ яна пра цябе, пра твой голас, валасы, гэтыя вочы, гэтыя моцныя рукі. (Паўза.) Ведаеш, мы часам павінны ахвяраваць сабой той маці-зямлі, што прыняла ў сябе тваю пупавіну і з часам прыме цябе. Можна жыць без жонкі і дзяцей, нават без бацькоў. Але немагчыма жыць без Радзімы, яна ў цябе адзіная, сынок. І ёй плююць у вочы...

Вецер. Я не баюся бітвы. Але ўва мне зараз такая любоў да ўсяго. Ходзіш па цёплай зямлі і павінен яшчэ хадзіць шмат год — а тут схопяць і пераб’юць ногі. Спяваеш, п’еш віно, цалуеш — а тут кладуць у рот жар. І ноч перад плахай — а ёсць змярканні, ранкі марозныя... і трава ў срэбры. І ўсяго гэтага... А-ах!

Вашчыла (устаў). Ну так, ты не баязлівец. Ты давёў гэта. Але хапіла бабы і... Я не думаў, што можа быць чалавек, які ціскае жонку, калі ягоных братоў ціснуць кляшчамі. Які глядзіць у неба, а народ ягоны ў гэты час глядзіць у вочы катам і думае апошнімі думкамі, хто яшчэ тыцне яму пікаю ў бок. Трасца з табою... (Запіхвае пулгакі за пояс.)

Вецер. Вось пулгакі... Пісталеты... Яны нясуць смерць. А я пакахаў. І зразумеў: любоў не можа несці смерць. Стаяць жывыя лясы... Дымяць жывыя хаты... Смяюцца і спяваюць у іх жывыя людзі... Грэюцца на прызбах старыя... Бегаюць дзеці... І на ўсё гэта я праз вашую дурасць выварачу загібель, тло, агонь. І вы і яны будзеце забіваць, рэзаць, граміць, як ашалелыя, а пасля пакінеце вялізныя могілкі. Вось чаму яшчэ я не з вамі, а з жыццём. Людзі, Надзея і я. І, можа, ты скажаш, як гэтым людзям, як мне перамагчы жаданне жыць? Я люблю, ува мне ўсё неба, а ты клічаш загібель... Чалавек створаны для любові.

Вашчыла. Правільна. І адзін такі, што даў сябе распяць за нас, сказаў: «Няма любові большай за тую, як нехта душу сваю паложыць за друзі свая».

Паўза пасля гэтых слоў доўгая і страшная.

Бывай. Я жыццём рызыкаваў, едучы да цябе. Бачу, дарэмна... Я шкадую таксама, што еў і піў тут... у доме здрадніка... На!

Адчыніўшы дзверы, ён кідае на стол манету — яна заракатала між місак — і выходзіць... Праз хвіліну ўваходзіць Агна Вецер.

Агна. А сыночак, а што ж гэта ён крычаў пра дом здрадніка, гэты вар’ят?

Вецер. Чула?

Агна. Дзіва што. Крычаць, аж у Крычаве чуваць... Што гэта такое?

Вецер. Тое, што ён сказаў.

Агна. Пры тваім бацьку ніхто б не насмеліўся сказаць такое.

Вецер. Чаму?

Агна. Ведаў, што, пасля таго як пакіне нашу зямлю,— не пражыве і хвіліны. І потым... людзям не было прычыны казаць такое.

Вецер. Кінь, матуля. Гэты чалавек... ягоная праўда.

З двара шалёны пошчак капытоў. З месца ўзялі ўнамёт.

Агна. Што ж, расказвай тады, як ты зганьбіў сваю хату, сыне.

Вецер. Яны рыхтуюць бунт. Мноства людзей не пойдзе на яго, калі не пайду я.

Агна. Ты даў слова?

Вецер. Я даў слова.

Агна. Значыць, павінен быў ісці да канца. Наш род ніколі не кідаў слова свайго ў гной.

Вецер. Тады я не думаў пра Надзею. А тут зразумеў: жыццё, любоў — варожыя крыві, пагрому, забойству, смерці. Я стаў іншы, а яны ўсё яшчэ не разумеюць: чалавек не павінен пэцкаць рукі ў крыві. І калі ён забівае — ён перш за ўсё забівае сябе.

Агна. Мне зараз кепска. Змяя цябе малога ўкусіла — я адсмактала атруту. Пошасць была — я ўратавала цябе. Зараз ты ведаеш такі верх зямной прамудрасці, як лаціну, а тады казаў, што вецер дзьме, бо дрэвы калоцяцца... І вось... Гэты чалавек, якога я ненавіджу, бо ён не насіў і не ратаваў цябе, кідае нам, Ветрам, такі дакор. Каб ім ягоныя дзеці ў голад давіліся.

Вецер. Не лай Вашчылу.

Агна. А хто вінен, што я яго лаю, што наш агонь зняважылі? Што гэты чалавек праз тваю віну зганьбіў твайго дзеда, бацьку, мяне. Мы — панцырныя баяры. Мы храбрасцю ў войнах здабылі сабе права нікому не цалаваць рукі і насіць меч... І ты яго годна носіш. Чыншавыя сяляне — і тыя не церпяць. Сто год не церпіць гэтая зямля. Забілі калісь войта Мікіту Звягу; пяцьдзесят год назад пабілі харугву Канажэцкага.

Вецер (іранічна). Ну-у. «Каламі і рушніцамі ў спіны штурхалі і пад нос маскоўскія дулі торкалі».

Агна. І там быў твой дзед. А ў шэсцьсот дзевяноста шостым харунжага вялікага княства Агінскага за разбой іхні разбілі. І там ваявалі Зміцер і Ілья, дзед і бацька Івана Карпача... І твой бацька, зусім малады. І тры гады назад Пжылэнцкага разбілі. І атрад карны Янкоўскага разбілі, аб чым ты і сам ведаеш. І кожны раз людзям рабілася крыху лягчэй дыхаць. А зараз прыціснулі іх, і дыхаць няма чым, а ты...

Вецер. Ма-ці, я проста не магу зараз, пакахаўшы, праліваць кроў. Усё раўно чыю кроў. Гдаля, Радзівіла, Шмуйлы. Яна святая, бо яна чалавечая. З часам усе зразумеюць гэта, нават яны.

Агна. А пакуль льюць нашу кроў, як ваду.

Вецер. Я не магу сам наклікаць час вялікай крыві. Я шчаслівы і добры, як ніхто.

Агна. Ты ведаеш, як памёр твой бацька? Што ж, час расказаць. Балабановіч угаварыў яго быць сватам да дачкі шатнага ў паляўнічым палацы князя. Бацька сказаў: «Ён накраў золата, а ты — вольная галота». Ну, Балабановіч угаварыў бацьку... на пагібель. Перад ганкам людзі шатнага запатрабавалі ад іх першай ганьбы: зняць шаблі і выпрагчы коней. Бацька адмовіўся. Не трэба было ім ісці далей. Але бацька зірнуў на Балабановіча... і яны пайшлі. І за сталом ім разам паставілі гуся, парсюка з чорнай падлівай і гарбуз. Адмовілі. І ТАК, што лепей бы плюнулі ў твар. І тады бацька сказаў: «Што ж, ад гусей і парсюкоў іншага нельга было і чакаць». Шатны сказаў: «Панцырнікі сватаюцца да шляхты, ганіце іх». Бацька сказаў: «Усе ад Адама. Але я здабыў волю мужнасцю, а ты — распустай свайго невядомага бацькі».

Вецер. Ну так, незаконны сын Радзівіла. Але што мне да гэтых смешных крыўдаў, да прымхаў, да дурных звычаяў? Я вышэй іх. Я люблю жыццё і не хачу ліць крыві.

Агна. Бацька адаслаў Балабановіча па падмогу, а мы рыхтаваліся. А пад ранак маршалак і шатны са шляхтай абступілі і пасля перастрэлкі падпалілі дом. Мяне выцягнулі з агню. А бацька страляў з гэтага вогнішча, а потым пулгакі, пісталеты стралялі ўжо самі.

Вецер. Гэтыя людзі памёрлі. А іншай крыві я не хачу.

Агна. Ратуючы ад хваробы, не ўратавала ад ганьбы. Шкада... Ветры — пасмешышча зямлі.

Вецер. Я не жадаю крыві. Ува мне зараз неба. І я так палюбіў жыццё і Надзею, што трэба баяцца, як бы я не зганьбіў сябе яшчэ горш... Вось схопяць... Ты можаш зрабіць так, каб я не пахіснуўся, каб смяяўся ім у вочы, каб не стагнаў ад успамінаў у апошнюю ноч? Я не жадаю даць ім гэтае ўцехі. Я не хачу чужой крыві і не хачу ліць сваю! Ратуй мяне. Зрабі, каб я не шкадаваў іхняга жыцця і свайго. Ратуй мяне ад ганьбы!

Вецер стаў на калені.

Агна. Усе чамусьці думаюць, што маці ўсё сцерпіць, і таму просяць у яе такое, нібы яе сэрца з жалеза.

Цяжкая паўза.

Каб не казалі, што мы — ад Іуды. Каб не плявалі нам у твар...

Паўза.

Добра. Я дапамагу.

Вецер. Хутчэй. Гэта сапраўды страшна, калі на цябе плююць. І страшна ліць кроў.

Агна. Едзь у бок Ківаверцаў. Пасля, па лагчыне, на Зорны Кол ад Вялікага Каменя. З паловы шляху звяртай на Імшаны Яр. Там, дзе ён упадае ў раку, убачыш на адхоне пад вялікім дубам капаную пячору. Прыйдзі зацямна і не палі святла. Там — Чалавек... Будзе гнаць — не ідзі. Скажы яму: «Мне гэта трэба. Я ўсё ведаю і нізавошта не пайду». Не палі святла. Паеш з ім у цемры, а раніцай едзь дадому... Ідзі. Дай табе бог сілы ў апошнюю, у клятую гэтую гадзіну.

Вецер накідае плашч.

Толькі помні. У самы страшны час... У гэтым лесе... У яры... у гэтай нары без святла — Чалавек. Помні, там Чалавек.

І зноў цемра, і ноч, і шум дрэў, і галоп наўскапыт.

 

Дрэвы пяюць пад ветрам,

Дождж як варожы свінец.

Конь скача ў дзікія нетры,

Дзе ноч чакае мяне.

І конь безнадзейнасць чуе,

Што схопіць нас у яры...

Як кроў праліваць мне людскую,

Калі Сонца ўва мне гарыць?!

Мне Любові трэба пазбыцца,—

Бо на пласе народ мой ляжыць.

Як мне з раю светлага ў пекла спусціцца?!

Безнадзейнасць!

Безнадзейнасць!

Памажы!

Памажы!

Памажы!!!

 

Аддаляецца пошчак капытоў.

 

1   Калі актрыса ведае лепшыя «сірочыя вясельныя» ці такія, што лепей кладуцца на яе голас, яна мае права, нават абавязана выканаць іх замест прыведзеных тут.

Карціна другая

Ноч. Пячора. Яна асветлена толькі жарам у дальнім яе закутку ды святлом зор за шырокім уваходам. Таму ўсю першую палову карціны замест людзей мы бачым толькіх іхнія цені ды чуем іхнія галасы. У паўцемры ледзь можна ўгадаць абрысы пня, які замяняе стол, ствол дрэва замест лаўкі, ды шырокае ложа, засцеленае шкурамі. За атворам-уваходам сілуэты дрэў і за імі — месячная дарожка на паверхні ракі. Здалёк — тупат капытоў. Пасля ён сціхае, і ў атворы з’яўляецца цень. Гэта Вецер.

Вецер. Гэй, гаспадар... Ёсць тут хто-небудзь? (Уваходзіць, наляцеў на пень стала, ледзь не скінуў нейкі гарлач, але падхапіў яго.) Вогнішча, значыць, нехта ёсць... Гу! Ёсць нехта? (Паўза.) А ўрэшце, трасца яго бяры, гэтага невядомага. Проста трэба ў Крычаў. Проста трэба было добра пратрэсціся на кані, а то заседзеўся. Проста трэба знайсці сілы трымацца да канца. Захоча Надзея са мною — хай ідзе. А не, то будзе яна скора вольная. Каб не абяцаў маці — не трэба было сюды ехаць... То вярнуся дамоў. Няма гаспадара.

Нечы Цень засланіў уваход. Пасля далятае адтуль спалоханы голас.

Цень. Нашто ты прыйшоў, чалавек? Пакуль не позна, пакуль не сядзеў тут — бяжы адсюль. Бяжы хутчэй. Сюды прыходзяць толькі...

Вецер (узвіўся). Толькі смялейшыя, ты хочаш сказаць? А хто табе даў права лічыць мяне горшым за іх?

Цень. Я прашу цябе, уцякай... Бяжы стрымгалоў... Адсюль дарогі няма.

Вецер (зухавата). А я яе й не шукаю. А ўцякаць? Ну не.

Цень. Ты не ведаеш, што я...

Вецер (перабіў яго). Чакай. Я не пытаюся ў цябе, хто ты і што ты. А я — ведай — я збраяр панцырных баяраў Васіль Вецер з Крычава. Я шукаю прыстанішча на ўсю ноч. І таму — мне так сказалі: «Не палі агню, не кажы нічога. Я і так усё ведаю».

Цень. Ты б лепей ішоў прэч, чалавеча. Тут толькі адна жанчына прыносіць ежу і пакідае на пні за добрую сотню крокаў. Я зусім адзін ужо шмат год.

Вецер. Ты гоніш госця?

Цень. Да мяне ў госці прыходзяць толькі тыя, якім нічога ўжо не патрэбна.

Вецер. Ну вось, а мне якраз гэтага і трэба. Зразумеў? Залазь сюды.

Цень. Ідзі. Прашу цябе найменнем маткі тваёй.

Вецер. Яна сама і паслала мяне.

Цень. Са-ма-а?

Вецер. Так. І хопіць балабоніць. Лезь сюды. Будзем вячэраць.

Ён вымае з сакваў і раскладае на пні ежу. Вялізны чорны Цень палез у атвор і прысеў да стала.

Еш, чалавеча.

Цень. Смачна. Я амаль ніколі не ем свежага, бо і адкуль? Толькі як жанчына прынясе. А так — ем карэнні, стаўлю пасткі на зайцоў... Цяжка робіцца на зямлі. Вялікая навала ідзе на край. Я даўно не бачыў людзей, але сёння зноў білі гакаўніцы недзе над Сожам. Уцекачы бягуць некуды, але сюды яны не заходзяць, не... Гэта першы. І дзе толькі людзі не шукаюць спакою?.. Так, білі гакаўніцы... І нешта гарэла, языкі шугалі ў паветра.

Вецер. Дай руку... Не бойся, брат.

Цень. Можа-а...

Вецер. Не бойся, брат. Я з табою. Дай руку.

Цень. На, брат мой... Бог мой, хатняе сала!.. А ў мяне няма хатняга сала. Бо ў мяне няма кабана. Бо і адкуль? У мяне ж і хаты няма. У мяне нара. Я ад мовы адвыкнуў. Няма ў мяне суседзяў, каб па-свойму з імі пагаварыць. Суседзі ў мяне — совы ды ваўкі. З імі па-беларуску не пагаворыш. Я зусім бедны... Во, соль... А ў мяне няма солі. Я зусім бедны... А хлеб... такі мяккі, так пахне, такі пульхны. А я не магу нават пасеяць свайго хлеба, а каб пасеяў, то яго стравілі б дзікі... А каб не стравілі — дзе б я яго змалоў, дзе тая печка, у якой бы я яго спёк? Я не адзін такі. Усе браты і сёстры, увесь мой народ такі. Але мне горш за ўсіх. Хата... сала (голас яго сарваўся)... хлеб (плача).

Вецер. Супакойся... Ну... ну... ну што ты такі няшчасны? (Бярэ яго за руку.) Ты ўсё ж вольны тут.

Чуваць тупат капытоў. Пасля ён сціхае і ў атворы з’яўляецца некалькі постацяў. Гэта Камісар, пара служак і браты Іцкавічы.

Камісар. Гэй, барсук!

Цень. Вось яна, мая воля.

Камісар. Вылазь з нары... Войт з Ківаверцаў данёс, што да цябе прыскакаў нейкі чалавек.

Цень. Дайце мне спакой. Я і так няшчасны і бедны. Чаго вы хочаце? Чаго вы здзекуецеся з мяне так? Што я вам зрабіў? За што! За што!

Гдаль. Аддай чалавека. Ходзіць ноччу — значыць, ён такі мужыцкая басяцкая морда і бандзюк. Наваколле й так бочка з порахам.

Шмуйла. Ну!

Цень. Не чапайце мяне. Я нікому не перашкаджаю.

Шмуйла. Мы й не зачэпім. Жывеш там — ну і жыві. Але гэтага аддай. Небяспека. Служкі яго прыстрэляць і закідаюць жарам.

Цень. Не.

Гдаль. Мае людзі міт стрэльбы. Будзем страляць у пячору.

Цень. Злітуйцеся, добрыя людзі. Што я зрабіў? Я хачу толькі памерці тут.

Шмуйла. У твой час — і ты памрэш. Але гэты туляга памрэ зараз.

Цень. Літасці.

Вецер. Чакай, я ім зараз адкажу.

Шмуйла. О! Яшчэ голас. Выдавай!

Цень. Не (бярэ каля атвору лук і калчан)... Гэта я ім зараз адкажу, калі яны хочуць узяць у мяне нават госця. (І тут мяккі, слабы і ласкавы ягоны голас раптам загрымеў, як труба.) Вы! Вось тут у мяне лук! Па наканечніку кожнай стралы я праводжу рукой. Вы ведаеце, што гэта значыць: нават драпіна ад такой стралы. Вы здохнеце. Не адбірайце. Пакіньце нам нашы норы і магчымасць здохнуць у іх. Ёсць такое, што нельга адабраць нават у нас.

Пускае ў атвор стралу. Енк.

Гдаль. Вуй! Трапіў?

Камісар. Не.

Вецер. Чакай, мы асветлім іх.

Кідае ў вогнішча лаўжы. Бярэ галавешку і кідае ў атвор, адначасова стрэліўшы.

Шмуйла. Наперад, служкі!

Цень. Не страляй, госць. Мае стрэлы страшнейшыя. Камісар, служка, Іцкавічы, смярдзючае адроддзе пекла. Вы памрэце. На! На! На!

Ляцяць стрэлы. За ўваходам у пячору ўжо рык і выццё.

Гдаль. І нашто такі банкет?!

Шмуйла. Назад! Назад! Кадохес на вашыя галовы!

Камісар. Уця-кай-ма!!!

Шалёны тупат капытоў раздзёр ноч. Сціхнуў. Вогнішча зырка асвятліла пячору. І стала відаць, што ў Чалавека чорныя аблічча, шыя і рукі.

Чалавек. Вось, я не даў ім цябе, брат.

Вецер (весела засмяяўся). Правільна, браце, не даў. Як мы іх! І як-к яны! Але ты малайчына! Але ты... (прыгледзеўся). Ты што, ніколі не ўмываешся? Ну хаты няма, хлеба, солі. У многіх так. Яны хочуць, каб усе мы так. Але ўжо не ўмывацца? Ну й мурза!

Чалавек (робіць да Ветра крок... і другі). Браце! Дык ты, значыць, нічога не... Ды як жа так?.. Ды я ж гнаў цябе!.. Ды што ж ты нарабіў, браце?! Ды ты ведаеш, што ты на сябе наклікаў?!

Вецер (робіць крок да Чалавека). Ну й мурза! Ну й пэцкаль! (Яшчэ крок... яшчэ... і раптам у Ветра падагнуліся калені.) Гэта не гразь...

Чалавек (шэптам). Так... Так...

Вецер (у дзікім жаху, калі дыбарам устаюць валасы). ПРАКАЗА!!!

Абодва стаяць ашаломленыя.

Пракажоны (з добраю вінаватай усмешкай на твары, які падобны на львіную маску). Што ж ты спалохаўся, чалавеча? Хіба я не гнаў цябе? Чаго ж ты прыйшоў? Чаму ты так пакрыўдзіў мяне, сказаўшы: «я ведаю»? Ты думаў, што я нейкі схімнік ці варажбіт? А я думаў, што гэта табе бязмерна, да крайняй мяжы трэба. Часам жа чалавеку трэба... не чакаць ад жыцця нічога.

Вецер. Я не ведаў. Мне параіла... відаць, тая самая жанчына, што пакідала табе ежу на пні.

Пракажоны. Ды якое ж гэта трэба мець сэрца?!

Вецер. Трэба мець вялікае да людзей сэрца. Гэта мая маці.

Пракажоны. Ды не можа... не можа...

Вецер. Можа. І пакуль у нас ёсць такія — з намі нічога не зробяць, мы не памром... Сядзь, чалавеча. Давай канчаць вячэру... на роўных. Я зараз не лепшы. Такі самы няшчасны, як ты. Не магу пацалаваць маці, жонку, паціснуць руку другу. Гэта нічога. Яна ведала: чалавеку часам патрэбна безнадзейнасць. І мужнасць. Да канца. Як бы ні было нясцерпна і горка жыць... Як гэта здарылася з табою?

Пракажоны. Сам не ведаю. Аднойчы бачыў пракажонага. Той ішоў у балахоне, бразгаў бразготкай. З ім быў здаровы (ён здаровы і дагэтуль), які торкаў кіем у тыя рэчы, якія былі патрэбныя хвораму. Яны прайшлі каля мяне ў дзвюх сажнях. Той здаровы, а я... Трэба было пасля той сустрэчы стараніцца людзей, але ж мінула шэсць год. Я ажаніўся. У мяне была самая цудоўная жонка. І дзеці, Ян і Сабінка. І нам было ўдосталь хлеба свайго, і ў нас была страха. І мінула дзесяць год, і я ўбачыў на плячы пляму ў выглядзе белага матыля. Гэта белы матыль лянотнай смерці сеў на мяне. Я пайшоў да сябра, войта з Ківаверцаў, і папрасіў сабе лапік зямлі ў пушчы, каб не дыхаць з дзецьмі адным паветрам. І каб я сеяў, а жонка прыходзіла жаць. Але і ксёндз і поп крычалі, што гэта развод. Я сказаў ім, што нават Рым дазваляе развод, калі адзін захварэў праказай. А яны данеслі Камісару і Іцкавічам, і тыя пачалі крычаць, каб мы забіраліся ў пушчу і дрыгву і здыхалі там. Я пайшоў шукаць месца, а калі вярнуўся — служкі Іцкавічаў абкружылі хату і нікога не пускалі, а хата палала. І з агню даляталі крыкі. Яны і зараз днём і ноччу ў маіх вушах... Па мне пачалі страляць, калі я рваўся туды. І страха рухнула і пахавала крыкі. І вось я ў яры, як звер. У мяне няма хаты, жонкі, дзяцей. Я жыў літасцю адной невядомай жанчыны. Няма ў мяне ні сала, ні солі, ні хлеба.

Вецер. Як і ў твайго і майго народа.

Пракажоны. Але я яшчэ й хворы. Кепска рухаюся. Двойчы за гэты час на нас рабілі аблавы, калі абрыдала паляванне на ваўкоў. Панская забава! Я самы адрынуты, самы загнаны.

Вецер. Як твой і мой народ. Без хлеба, без страхі, без волі, без мовы, зацкаваны, як звер, загнаны ў нару (паклаў пракажонаму руку на плячо).Ты не плач. Маці ведала, што рабіла. Можна жыць асобна і біцца асобна... Праз некалькі год праказа з’явіцца на лобе ці на плячы. Яна не дасць мне пацалаваць жонку і маці, падаць руку другу. Але нават праказа не забароніць мне ўсе гэтыя гады біць, душыць, рэзаць, паліць гэтых мярзотнікаў. Нішто не шкодзіць і пракажонаму загінуць як след. Бо лепей загінуць нават у катоўні, нават у агні, чым згнісці жыўцом.

Пракажоны.Чаго ты хочаш?

Вецер. Я ведаў, чаго хачу я. Працаваць у сваім двары, любіць дзяцей і суседзяў. Нічога гэтага не дадуць, як не далі табе. Цяпер я ведаю, чаго хачу. Смерці гэтых гадзюк,каб не паганілі зямлі.

Пракажоны. Чаго яны хочуць ад нас? Чаго яны ўсе-ўсе хочуць ад нас?!

Вецер (устае). Не плач, браце. Ніводная сляза твая не застанецца без помсты. Бывай, брат.

Абдымае яго і цалуе.

Маці сказала праўду: «У гэтым лесе... У яры... У гэтай нары без святла — Чалавек. Помні, там Чалавек».

Ноч. Стомлены тупат каня.

Песня:

 

Супраць іхніх пякельных законаў

Коннік ляціць у агонь.

З ім — загнаны народ ягоны,

І бог на сцягах у яго...

Безнадзейнасць вачыма сталёвымі

Ў вочы мае глядзіць

З кожнай роднай пахмурнай дубровы.

Нельга жыць. Але што ж, будзем жыць.

 

 

Карціна трэцяя

Тое самае падвор’е, што і ў першай карціне. Толькі агні ў хаце згаслі. На ганку стаіць Агна Вецер. Здалёк далятае і сціхае ля брамы конскі тупат. Пасля з’яўляецца з цемры, асабліва густой перад світаннем, Васіль Вецер.

Агна. Было?

Вецер. Было.

Агна. Ненавідзіш мяне?

Вецер (спакойна). Ужо не.

Агна. Чаму?

Вецер. Разумею цябе. Гэта сапраўды жахліва, калі маці Ветру, а сын у яе не Вецер, а такі вось баязлівы вусень. І кожны мае права плюнуць...

Агна. Не, не зразумеў ты мяне. Не баязлівы — ты знайшоў бы ўрэшце сілы. Але нас давялі да краю, нас загналі ў норы. І калі ўжо лепшыя паўстаюць за свой аб’яўлены пракажоным народ...

Вецер. Ну.

Агна. То нельга, каб чалавек, які носіць прозвішча Вецер, не быў лепшы з лепшых. Мы для гэтага зашмат пакутавалі. Мы пакутамі купілі права на гэта. І калі іншыя ў бунце могуць быць проста ветрам, то шэлег табе цана, Вецер, калі ты не будзеш ураганам.

Вецер. Я і гэта разумею. Цяпер муру паміж мною і ворагам няма. Але ёсць мур паміж мною і табой. Учора я абдымаў цябе ў апошні раз. І не ведаў... Але пра гэта хопіць. Ты толькі помні, што яны паплоцяцца і за цябе, а ты заўсёды будзеш са мной. І вось што... скажы пра ўсё жонцы. Мне цяжка будзе растлумачыць Надзеі ўсё. Я лягу тут.

Агна. Дурны ты. Добра. Падумай яшчэ.

Павярнулася і пайшла ў хату. Вецер сцеле пад дубам плашч. Пайшоў у хату і ўзяў з падвокання пляшку. Вяртаючыся, запнуўся аб Лаўрэна, які спіць пад прызбай. Той узвыў праз сон:

 

Як якому смаркачу —

Я й за грошы не хачу.

Як якому блазну —

Па зубах я бразну.

 

Замармытаў і сціхнуў. Вецер сядае на плашч. П’е.

Вецер. Зоры... Як бы гэта сказаць: «Коціцца зорамі ноч. Вечны абег сусвету. Даўно насяляць я пакінуў анёламі неба гэта». Кепска.

Падае знічка.

Упала нечае шчасце. Маё. (П'е). Бог хоча прыкуць шчасце толькі да неба. А мятлушкі хапаюць яго і нясуць да людзей. Толькі са шчасцем маёй зямлі яны нешта замарудзілі. А, выдумка... Небу няма канца. (П'е.) І я такі малы перад гэтай безданню. Толькі каханне рабіла так, што цёпла. А зараз і яго няма. Памру і развеюся... ільдзістым пылам. І сусветы памруць. Якая ж я пясчынка, выключаны з сусвету... Будзе бітва. Яны палягуць або мы... і кожны будзе нас ганьбіць. Што да гэтага зорам? Пройдуць тысячы год. Што тут будзе тады? Напэўна, ніхто не будзе адбіраць у іншага хлеб і гонар. Не будзе большага і меншага, эліна або іудзея. І кожная мова будзе панскай, а таго, хто яе саромеецца, будуць закідваць багном. (П'е.) Не можа быць, каб яны не зразумелі нас, зняслаўленых і абылганых. Яны ж будуць... як багі, як лебедзі, як людзі. (П'е). І я буду сярод іх, хворы, замучаны, адрынуты. А пажадаю — буду дзе хачу. (Ён плача, а вусны ўсміхаюцца.) Хто сказаў, што я малы? Сусвет у вачах, зоры ў мозгу, галасы ўсіх людзей у сэрцы. Я пажадаю — і хутчэй настане час людзей, што магутныя, як багі.

Засынае. Аднекуль здалёк, з-за саду, голас вядзе дрымотную песню, і пад яе гукі Надзея Вецер сыходзіць з ганка, схіляецца над Васілём і цалуе яго.

 

— Ай, ходзь мая Надзеечка, да мяне,

Ай, ходзь, ходзь, мая мілая, да мяне:

А ў мяне караватачка нова,

А ў мяне ды пасцелька пухова,

А ў мяне абдыманнейка цесна,

А ў мяне цалаваннейка ўцешна.

 

Надзея (цалуе ягоныя рукі). Спіш. Не чуеш.

Вецер (праз сон). Сітнягі шапочуць. Зоркі спяваюць... Ты? (Абдымае яе.) П’яны я. Ой, п’яны я! (І раптам ўзвіўся на ногі, як уджалены.) Ой... Божа... Надзея! Ты чаго тут?

Надзея. А дзе мне быць?

Вецер. Ды ты ведаеш?.. Ды ты ведаеш? Пень дурны!!!

У бяспамяцці ён ударам збівае яе на зямлю.

Ой, што ты нарабіла? Ой, што ты на-ра-бі-ла?!

Яна дацягнулася да яго на каленях і моцна абхапіла ягоныя ногі. Захлынаецца слабы, сіплаваты, безнадзейны голас.

Надзея. Ну бі, бі мяне. Забі мяне. Сваёй рукоЙ. Я ўсё адно не пайду ад цябе. Усё адно, цяпер ужо позна. Цяпер ужо позна і ўсё адно.

Ён стаіць, як саляны слуп.

Вецер. Я ж так не хацеў. Я ж так не хацеў. Пры чым тут ты?

Надзея. Пры тым, што поп казаў мае словы: «На шчасце і на гора». Не ўсё ж мёд — трэба часам і мякіну разам есці.

Вецер. У цябе адразу пачалося з мякіны. І мёду не будзе. Нашто? Нашто ты так?!

Надзея. Я выпадкова пачула. Я чакала, пакуль ты заснеш. Бо ты ж бы прагнаў мяне. Цяпер я ўжо з табой. Усё адно якія зробяцца твае рукі — яны песцілі мяне ў добрую гадзіну. А сэрца тваё гэткае ж велікадушнае. Чаго б гэта я была вартая, кінуўшы цябе аднаго ў такой бядзе?.. Ну набі ж ты мяне. Можа, я цябе, змея, тады менш кахаць буду. Зараз жа ўсё адно.

Вецер паваліўся перад ёю, цалуе ёй рукі.

Вецер. Даруй мне... Даруй мне... Даруй мне...

Яна закінулася.

Я вечны... вечны... вечны з табою... Я так абразіў цябе.

Цалуе. І ў цемры голас.

Няма зараз. І потым не будзе. Я вечны... Вечны з табою...

Ціхая песня здалёк:

 

Пакінь, мілы, чарнабровы,

На сівым кані лятаць:

Ідзі ка мне маладой,

Вячэраньку вячэраць.

Я думала, маладзенька,

Што адна спаці лягла,

Аж я свайго міленькага

Правай ручкай абняла.

 

Зашумеў ад перадранішняга ветру дуб. Святлее стужка заранкі. Пачалі азывацца вакол птушкі. Вецер устае з-пад плашча і слухае іх. Птушкі аж разрываюцца. І Вецер адказвае ім.

Вецер. Жыць! Жыць! Жыць! (Гэта — птушынаму хору ў шатах дуба.) Жыў! Жыў! (Гэта — вераб’ямза плотам.) Жывы вы? Жывы вы! (Гэта — кнігаўцы, што закрычала недзе на лузе за садам.) Ну так! Ну так! (Гэта — салаўю, які спрабаваў сцвердзіць у хмызах, што ён жывы.) Жыў! Жыў! Чуеце вы? Жыў.

Маці з’явілася на ганку, убачыла Ветра і Надзею, што абхапіла ягоныя калені. У гэты момант здалёк даляцеў тупат ног і песня:

 

У агародзе ячмень,

А ў полі жыта.

Прыйшлі звесці да мілае,

Што мілы забіты.

Забіты, забіты,

Пахаваны ў жыце.

Чырвонаю кітаечкай

Лічыка накрыта.

Прыляцела пава,

У галоўцы пала,

Як адкрыла кітаечку

І зашчабятала:

— Ці ты, мілы, упіўся,

Ці з каня зваліўся?

Ці ты па мне, маладзенькай,

Сільна затужыўся.

 

На падвор’е ўвальваецца мужыцкі атрад, узброены косамі, сякерамі, стрэльбамі. На чале — Іван Карпач. Мужыкі цягнуць з сабою войта вёскі Ківаверцы.

Карпач. Іван Карпач. І людзі твайго наваколля, Васіль. Ты ідзеш начале, Васіль Вецер?

Вецер. Цяпер — іду. Пачакайце трохі. (На Надзею.) Яна ідзе са мной. Зараджаць стрэльбы ўмее добра.

Карпач. Збірайцеся хутчэй (да Лаўрэна, які сеў на бервяно і ачмурэла круціць галавою). А ты што, Каўбаса?

Лаўрэн. Вы на папойку, а галава баліць у мяне.

Карпач. Што, хваробы сабе купіў на жаніховы грошы? Гэ, ды ў цябе і сіняк пад вокам. Набілі. Нічога, свята без мучаніка не бывае.

Лаўрэн. Чарку — і на край свету.

Магда. Ты, лабідуда гэткі, пойдзеш і на край свету, абы чарку.

Лаўрэн. Ба-а-ба! Тут справы мужчынскія, думаць трэба. А ты пакуль з лаўкі ляціш, дык семдзесят дум перадумаеш.

Магда. Чапяла па табе мала хадзіла, ёмашнік стары.

Лаўрэн (выпіў). Во цяпер і пайду. І ты збірайся. А то ў Крычаве твая карчма згарыць. Хаця...

 

Уся вёска згарэла —

Карчма ацалела,

Яе пагасілі,

Што чарачку пілі.

Ўся Орша згарэла...

 

Магда. Сціхні ўжо, дзярыглотка, мачыморда гэткі. Добра, пайду і я, а то вайна будзе на першым сметніку.

Лаўрэн. А дзе ж тая вайна? —

Пасярод лайна.

Магда. Ідзі-і ўжо, ідзі-і.

Вецер. Людзі! Слухайце ўсе! Ідучы на цяжкую гэтую справу, даў я перад богам, і святымі, і людзьмі, і зямлёю страшнае абяцанне. Да самай нашай перамогі або да самай маёй загібелі ніхто не павінен дакранацца да мяне, акрамя маёй жонкі. І я ні да каго не павінен дакранацца, акрамя як да яе.

Агна. І да мяне.

Уладна абхапіла ягоную галаву, прыцягнула яе да сябе і пацалавала сына ў лоб.

Карпач. Што ты яго, як на крыж?

Агна. Так. І да мяне. Толькі вось яна і я маем права дакранацца да яго, падводзіць яму каня, падаваць яму ваду. Толькі мы маем права нават выцягнуць яго параненага з бітвы. Астатнія — не.

Вецер. Што ты яшчэ нарабіла?

Агна. А ты што думаеш, я кіну цябе аднаго?

Вецер. Астатнія — не. Я даў страшнае абяцанне, страшную і апошнюю клятву. Я да каго дакрануся ці нехта да мяне дакранецца, акрамя вось іх,— той чалавек памрэ. Або тут жа, на месцы, уражаны небам. Або павольна, за гады, жыўцом згніе! Чуеце?! Або на месцы, або жыўцом?! І клятву гэтую ўмацавала перад вялікім богам зямлі нашай мая маці. І хто здрадзіць нам, хто прадасць нас — на таго я накладу руку і той згіне! І клятву тую ўмацавала мая маці.

Цалуе зямлю ля яе ног.

Мы попел размяцем ад іхніх дамоў і палацаў. Клянуся, гэта праўда. Як праўда, што далонь мая нясе ворагу смерць!

Карпач. Чары? А хлуслівыя ці праўдзівыя?

Вецер. На жаль, праўдзівыя.

Лаўрэн (з-за спін, дурасліва). Быць ет-тага не можа.

Надзея. Праўда. І мая таксама. Рука. Нясе.

Лаўрэн. Ет-тага быць не мож-жа.

Агна. Праўда, як тое, што смертаносная цяпер і мая рука.

Лаўрэн. Ды н-не мож-жа ет-тага быць.

Агна. Мы трох далі гэтае абяцанне.

Лаўрэн. Ды ет-тага быць...

Магда (нечакана сур'ёзна). Сціхні, звяга. Тут нешта сур’ёзнае.

Карпач. Чым вы давядзеце гэта?

Вецер. Ну, па-першае, чалавек можа згнісці і праз год. А па-другое, хто гэта насмеліцца, толькі каб давесці, забіць чалавека?

Карпач. А гэта гледзячы якога чалавека. Людзі! Гэтага сюды!

Мужыкі падвялі да іх войта з Ківаверцаў.

Вось войт з Ківаверцаў. Апошні кавалак шкуры, што не здзёрлі Іцкавічы,— здзёр ён. Правер на ім сваю клятву, Вецер.

Войт (дужа спалоханы). Якое права?! Хто тут падбухторвае? На плаху захацелі?!

Карпач. Гэтай ноччу ён данёс Іцкавічам, што нехта хаваецца ў пракажонага.

Вецер. Ну а каб і хаваўся... Каб, скажам, ён... або я... (набліжаецца да войта). Каб, скажам, я? Якая яму справа?

Войт (цьмяна прадчуваючы нешта). Не смееш! Не сме...

Вецер. Да каго дакрануся — той чалавек памрэ.

Карпач. А за некалькі год гэта ён данёс на друга, і тыя спалілі хату няшчаснага з жонкай і дзецьмі.

Вецер. Або згніе, або — на месцы, уражаны небам.

Войт. Не! Не! Не хачу! Пусціце! Не магу-у!

Карпач. А тады — мог. А за многа год да таго вёў служак на хату твайго бацькі. І дом таксама гарэў, з чалавекам.

Агна. То гэта ён. Дакраніся, Вецер. А пасля я.

Войт. Імем бога! Не-а! Не-а! Брудныя свінні! Не трэба чапаць мяне.

Вецер. І далонь мая нясе ворагу смерць.

Войт. Не-е-е-е!!! (У панічным жаху.) Ён не клятву! Ён!..

Вецер нібы прыпячатаў далонь яму да лба. Крык абарваўся. Усе глядзяць, як войт пакінуў звівацца, стаў як скамянелы, а пасля рухнуў на зямлю, як падсечанае дрэва. Мёртвая цішыня.

Карпач (падышоў і варухнуў яго наском чобата). Гатовы... То ты што, на самай справе?

Агна. Ён на самай справе. Хто дакранецца нас... хто дакранецца яго,— я змацавала, а ён даў слова,— той памрэ.

Вецер. О божа! З аднаго страху... (Уголас.) Куды гэтага?

Агна. Кінуць яго ў тварыла з нягашанай вапнай... Не будзе яго — не будзе і праклёну.

Народ стаіць, як уражаны Перуном.

Добра. Бывайце, дзеці. Не заклінаю вас ад стрэлу чужынскага, ад сухоты агнявой, ад корда, і шаблі, і пісталета, і доўбні, і ад стралы. Калі вам і мне суджана памерці — мы памрэм іначай. Але на ворага вашага перад бітвай нападзе трасенне ступіц і жылы падкаленнай, і нядужасць рукі, і цемра ў вачах, і жах смяротны, як у гэтага... і ён памрэ таксама верна, як вось гэты, што ляжыць перад вамі.

Карпач. Не цалую тваёй рукі. Мне яшчэ трэба жыць. Але людзі! Людзі! Гэта маці Ветра... Хіба яна маці Ветра?.. Яна маці нашага ўрагану!

Мужыкі моўчкі падымаюць зброю ўгору.

Маці ўрагану.

Цемра, тупат ног і пошчак капытоў.

 

Захрабошчуць пад доўбнямі латы.

Звон на могілках поўнач прабіў.

Скача ў цемры помста на катаў.

Вый, магнат. Замахніся! Бі!

 

 

Дзея другая

 

Карціна чацвёртая

Вялізная святліца ў карчме Магды Мякенькай. Злева — паліцы з сулеямі і пляшкамі, бочкі. Перад усім гэтым — стойка. За стойкаю — ачаг і дзверы ў кухаварню. У дальнім левым куце — дзверы на вуліцу. Тры акенцы ў задняй сцяне, адно — у правай. За імі роў, валы і над імі драўляныя муры і цагельныя, «бутавыя», вежы Крычаўскага замка. Пад сценамі доўгае «Г» стала, лавы вакол яго. Стаяць дзве-тры бочкі ў якасці дадатковых сталоў. За стойкай Магда, ля яе дудар Яўхім Хмыз. За вялікім сталом сядзяць у кампаніі з куфлямі поп з Бесавічаў і поп Антох Крапіла.

Антох. Іцкавічы — цю-цю! Няма іх. Свой у нас цяпер арандатар.

Поп з Бесавічаў (сербануўшы). А табе што, ойча? Яны, як іудзеі, да цябе, папа, справы не мелі. Ты што пры іх, што пры Храптовічу наліжашся, як папова свіння, дый канец.

Антох. Ну і ты ледзь не кожны дзень п’яны як гразь. Але ты з распусты п’яны. А я — з жаласці да людзей, да парафіян сваіх.

Поп. Мялі, млын. Проста яны, абдзёртыя, табе за хрышчэнне ды адпяванне заплаціць не могуць, вось ты і точыш зубы на Іцкавічаў.

Антох. Бо ў мяне сумленне. Яно не дазваляе з голага ўзяць. А ты як? Ты з сыноў жабрака добрага каня вымагаў за адпяванне. А не было яго, то нябожчыка пахавалі неадпетага, як сабаку. Тры дні людзі на каленях стаялі, пакуль не згадзіўся магілу адпець... за мерку пшаніцы.

Поп. А чаго ты п’еш са мною? Унь як зямля напіўся.

Антох. Гэта ты падсеў. Праўда, людзі?

Магда з Яўхімам. Так... Анягож... Падсеў.

Антох. Падсеў. І лепей бы я з бесам піў, чым з папом, які з Бесавічаў.

Поп. Ой, заклею я твой вобраз.

Антох. Паспрабуй, асёл Валаамаў.

Магда. Цыц!

Яўхім. Не хапала яшчэ, каб папы пабіліся.

Магда. У мяне не паб’юцца. Я іх — жыва.

Яўхім. І праўда. У цябе бойка толькі, пакуль ты не ўмяшаешся. Гэта ж за дзесяць год ніводнага членапсавання.

Антох. Дзіва што. Грудзі — як дзве машыны сценабітныя... Азадак — вось як гэтыя дзве бочкі. А мы што? Мы людзі звычайныя, дзе ўстаяць?

Магда (улешчаная). Добра-добра. Толькі без бойкі.

Яўхім. Няма чаго сварыцца. І новы арандатар тут, і дзярэ, як свой. І пры тых, і пры ім на азадках нашых як ячмень малацілі.

Магда. Іцкавічам усё заплочана. І хай коцяцца.

Антох. У тым і справа...

Яўхім. ...Што не ўсё заплочана. Што яны яшчэ тут і нейкія рэшткі выбіваюць. І як бы гэтыя рэшткі не былі апошняй нашай кашуляй.

Магда. Ветра зваць трэба. Не п’янюгу Васку, а Васіля. Ён ім толькі руку пакажа — жыва нагостраць лыжы.

Поп. Забабоны ерэтыцкія! Язычаскія. Хто гэта, акрамя бога, можа... дотыкам рукі?..

Магда. А ты нас з Лаўрэнам спытай, як войт з Ківаверцаў, нібы ад Перуна, рухнуў.

Поп. За вашыя супрацьзаконныя намеры вас з Лаўрэнам трэба... у вязніцу.

Магда. А ты з намі, ці што, быў, што ведаеш, намеры там у нас або ўжо нешта больш сур’ёзнае? Ці мо ляжаў з намі?

Поп. Цьху, бясоўскае адроддзе.

Магда (прыўзняла яго за шкірку). Хто тут бясоўскі? Хто з Бесавічаў? Я ці ты?

Поп. Ай, эпіцім’ю накладу.

Антох. У порткі ты накладзеш. Ды кінь ты яго.

Магда. Ужо кінула.

Яўхім. Ай, баба! Ай, баба, як Пярун!

У карчму ўвальваюцца браты Іцкавічы з вартай, Камісар і Павал Цялецкі, крычаўскі «губернатар».

Гдаль. Ай, б’юцца. Ну, як бараны. Ну, як пеўні.

Шмуйла. Здароў, Магда.

Магда. Здаровы былі. Нашто завіталі?

Шмуйла. Скора з’едзем. А пакуль — даўжок за табой.

Магда. Што-о? Які даўжок?

Гдаль. Апошні даўжок перад тым, як новы арандатар даб'ецца таго, чаго мы не дабіліся, і прымусіць гэтую карчму па бервяну разнесці.

Магда. Я-ак?

Цялецкі. А так. Пабудова пры рове. Значыць, бліжэй чым дзесяць сажняў ад замка. А гэта значыць вораг можа яе разнесці і з яе праз роў мост накідаць.

Магда. Калі вораг прыйдзе — ён і за пяцьсот сажняў бярвенні паднясе. Ён не задумаецца і ўвесь горад на мост разабраць. Але верна і тое, што, як вораг прыйдзе, я гэтую карчму сваёй рукой падпалю.

Яўхім Хмыз непрыкметна выбраўся з-за стойкі ў дзверы.

Цялецкі. Добра, пра гэта пасля. А цяпер ты кажы, камісар.

Камісар (хавае вочы). Доўг за табой, Магда. А які — хай скажа вельмішаноўны пан Гдаль.

Магда. Ой, камісар, не крыві душой. Яны пойдуць — ты застанешся.

Камісар. Ведаю, але... паднявольны.

Гдаль. Семдзесят злотых з цябе.

Магда. Гда-аль!

Гдаль. Вочы мне лопні, скула мне на язык.

Магда (дастае і кідае на стойку некалькі драўляных планак). Вось насы, біркі. Давай твае паловы. Складзем і паглядзім, што на носе зарублена.

Шмуйла. Няма ў нас ніякіх насоў! Адкуль насы?

За вокнамі ў гэты момант зараўла трывожна дуда.

Антох (падпявае).

 

Дуды над хлопцамі выюць трывожна.

Над полем бітвы спявае рог.

Тапчыце зямлю, легіёны божыя!

Наперадзе — вораг! Над вамі — бог!

 

Цялецкі. Гэта што?

Гдаль. Гэта значыць — хутчэй грошыкі, Магда. Адна ты тут не паддалася са сваёй карчмою. Напаследак — паддасіся.

Поп. Размячыце, размячыце гэты вярцеп.

Магда. Ах ты, выпоўзіна.

Поп. Хто гэта — божыя легіёны? Тыя галадранцы? І бог наш — з імі?

Антох. Тапчыце зямлю, легіёны божыя!

За вамі ваш край. І з вамі — ваш бог!

Магда. Вось біркі!

Цялецкі. Біркі не папера. Дзе папера?

Магда. Ды былы камісар Гарноўскі ўзяў. Сказаў, што ўсё скасаванае,— і ўзяў.

Гдаль. Гарноўскі? А я такі што да яго маю?

Шмуйла. Узяў і ўзяў. Што, мы ўзялі? Рукі нашы адсохні, як мы тыя паперы ад вас забіралі!

Антох. Падстаўны камісар!

Камісар. Змоўч!

Магда (бярэ, як меч, востры пожаг). Паспрабуйце толькі крануць чаго.

Гдаль. Варта! Вазьміце яе, загаліце ды пасадзіце ў ачаг, калі не адумаецца.

Магда ўзняла пожаг. Антох палез з-за стала на выручку. У гэты момант увальваюцца ў дзверы мяшчане на чале з Вашчылам, Лаўрэнам, Іванам Карпачом, Ільёй, ягоным бацькам, пісарам Бачко і Яўхімам.

Вашчыла. Так, каго гэта тут — у ачаг?

Магда. Мяне. Унь біркі, а ён доўг заплочаны патрабуе, карчму пагражае размятаць.

Шмуйла. Доўг не заплочаны! Паперы дзе? Пра камісара вярзе нешта.

Вашчыла. Ведаем пра даўгі. Той падстаўны камісар квіткі аб уплаце сабраў. А квіткоў тых за ўплочаны чынш было на дзвесце тысяч. Дый знік з імі.

Гдаль. Не чуў пра квіткі. Вінен мне горад дзвесце тысяч. Пакуль не атрымаю — не пайду.

Карпач. У кішэні яны ўжо ў цябе. Другі раз выбіваеш!

Магда. Біркі засталіся!

Ніхто не бачыць, што поп з Бесавічаў перадае «насы» Шмуйлу і той цішком кідае іх у ачаг.

Карпач. І той падстаўны камісар даў пісьмовае распараджэнне на абарону жыхароў ад гвалту.

Спыніўся ў дзвярах Вецер з узброенымі людзьмі.

Ілья Карпач. Але Шмуйла пасля ўцёкаў камісара тую паперу ў прысутнасці мужыкоў падзёр.

Гдаль. Квіткоў аб уплаце няма. І бірак няма.

Ілья. Біркі ў людзей пабоямі паадбіраў.

Магда. Біркі! Дзе мае біркі?

Лаўрэн (дастае з ачага абгарэлы пучок, узмахнуў ім — на канцы заскакаў агеньчык). Вось яны, твае біркі.

Магда. Бо-о-ожа! Што ж рабіць?Аспіды. Васіліскі!

Лаўрэн (рушыў з пучком на арандатараў). Нічога! Я ім зараз агнём на мордах уплату той пазыкі выкарбую... Каб памяталі на ўсё жыццё.

Гдаль. Камісар той быў часовы, а я — заўсёдны. І плаціў грошы князю згодна кантракту. Таму калі й душу дастану з мужыка — адказваць не буду.

Лаўрэн (насоўваецца). А гэта мы паглядзім, галава карэлая! Бачыш, агеньчыку з пекла табе прынёс.

Шмуйла. Гвалт!

Бачко. Камісары гэтыя — толькі расходы!

Ілья. На іх і на світу!

Бачко. І нічога добрага, акрамя гною пасля іх!

Яўхім. Нічога не далі камісары! І надзей не пакінулі!

Ілья. Яшчэ дзвесце тысяч! Не ўратуюць скаргі!

Бачко. Мужыкі! Супраціўляйцеся! Біцеся!

Лаўрэн (паднёс агонь да аблічча Гдаля). Ну-у...

Вецер. Ці-ха, мужык! Ці-ха! (Цішыня.) Та-ак, другую шкуру дзераце, манюкі? Вось ён, мужыкі, пачатак пачаткаў. (Спакойна.) Не рабунак, не здзек, нават не біццё. Падман узняў нас на ногі. Адыдзі, Лаўрэн. Ну, давай, Гдаль. Валі адсюль. Чаго адступаеш? (Гдаль паспрабаваў прарвацца да дзвярэй, але Вецер перагарадзіў рукамі калідор з людзей.) Не, браток. Не атрымаецца. Ты адсюль не як сумленны п’янюга выйдзеш, не праз дзверы. Мае людзі сёння ў дзесяці дварах даўгавыя кнігі спалілі. Чуеш, Вашчыла? У растаўшчыка Аляксандра Вуці. І ў іншых растаўшчыкоў знішчылі судовыя рашэнні, паперы па абавязках, закладныя паперы на сенажаці, судовыя рашэнні на права валодання зямлёй, адабранай у бедных. І пазыкавыя абавязкі ў Міхала Аніскевіча, арандатара Моўшы Айзіковіча, у многіх багатых купцоў, і майно адабралі і раздалі. У Старым Стане ў багатыра Галайды аднялі і раздалі майна бедным не менш як на дзесяць тысяч. На жаль, і без ахвяр не абышлося. У Геранімаве купец Міхал Белавіцень, што наваколле разарыў і людзей біў да смерці, уздумаў супраціўляцца. То забілі яго і ягонага цесця Сымона. Не мог я мужыкоў стрымаць. (Да Гдаля.) То няўжо такую гніду пашкадуем? Чаго адступаеш? Не бойся. Замест павольнай нашай смерці ты — адразу. А кнігі твае — у агонь. Не бойся, Магда. Яны твае квіткі ў агонь, а мы іх — у агонь. Вось я сам (працягвае рукі — Гдаль забіўся і нема закрычаў). А мо хай ідзе? Без даўгавых распісак, без грошай, голы? Га, мужыкі?

Поп. Не выпускаць! Вернуцца, агаранскае адроддзе !

Антох. Ды хай ідуць. Нашто адбіраць душу? Сваю маем.

Бачко. Не маюць яны душы.

Антох. Яны не маюць. Мы маем.

Вашчыла. Ладна. Хай ідуць.

Карпач. Толькі не дзвярыма. Дзверы — для высакародных п’янюг.

Ілья. У вокны хай.

Вецер. І калі вы бліжэй Слуцка спыніцеся — наракайце на сябе. З марскога дна дастанем. Ну...

Тыя пачынаюць выбірацца ў вокны. Сумятня. Цялецкі і Гдаль заселі.

Гэй, мужыкі, падмагніце ім. Гэтага — касой прышпорце, а гэтаму — выспятка.

Поле «бою» ачысцілася. Усе пераглядаюцца, і раптам — рогат.

Вось. Прынеслі яны нам такі акіян крыўды, такое бяспраўе нязменнае і вечнае, што ўсе здрыгануліся, нават зямля (пошчак капытоў). Хай ідуць туды, дзе іх чакаюць... А мы... нам, мужыкі, трэба трымацца, як мур. Шкоды мы асаблівай пакуль не нарабілі. Значыць, жорстка слухацца загаду, парадак у горадзе трымаць, як у манастыры.

Антох. Крый божа.

Вашчыла. І нікога не забіваць.

Вецер. Так, самі душу маем. Не забіваць.

Поп. А Белавітня з цесцем куды спішаце?

Вецер. Кепска атрымалася. Але ён смертабойнічаў, у людзей майно адбіраючы. Дый тут уздумаў страляць. Не стрымаліся людзі.

Антох (папу). Ты ўжо не вякай. Божай дабраданасцю гандлюеш, а туды ж...

Карпач. І праўда. О-ой трымайся, поп з Бесавічаў. Як бы мы цябе не прымусілі замест вядра царкоўнага віна выхлябтаць вядро воцату.

Поп. Ды я што? Я з вамі.

Ілья. Але кнігі пазык усе спаліць. Дачыста.

Бачко. І справядлівасць усім.

Поп. І трэба суплікантаў, скаржнікаў паслаць да князя ў Белую Падляшскую. Хай лобам б’юць.

Бачко. І тое праўда.

Вашчыла. Ты і скаргу напішаш. Быць табе пісарам новай рады, бо Вецер, бач, здуру прысягу даў ні да каго не дакранацца, пакуль не пераможам або не памром.

Вецер. Ну даў... Ну здуру.

Вашчыла. А скаргу? Скаргу чаму ж не паслаць. Арандароў няма.

Карпач. Князь зразумее.

Яўхім (бярэ дуду). Ох, і жыццё будзе.

 

Былі ў бацькі тры сыны — ух я!

Ды ўсе ж яны Васілі — ух я!

 

Лаўрэн. Гэта Вашчыла ды два Ветры.

Яўхім. Адзін козы пасе,

Другі лапці пляце.

А дзе гэта трэці Васіль? Ён якія такія лапці пляце?

Магда. За гэтым шалапутам вока ды вока.

Ужо некаторы час за вокнамі скача нейкі слабы водсвет, які цяпер разліваецца ў зарыва. Пасля далятаюць адтуль лямант, праклёны, гвалт.

Карпач. Што такое?

Ілья. А гэта ці не трэці браток-Васілёк? Васка Вецер.

Вашчыла (мужыкам). Ідзіце паглядзіце. І калі што — спыніце брыду.

Тыя пайшлі.

Вецер (да Ільі). Ты якое права маеш думаць кепска пра майго стрыечніка?

Ілья. Стуліся, Вецер. Пакуль ты купцоў, растаўшчыкоў, глытаёў граміў, пакуль ты распіскі кабальныя паліў — брацік твой, падбухтораны новым арандатарам, нашым, Хрыптовічам, сваёй крыві чалавекам, швэндаўся п’яны па яўрэях, нават бедных, і пагражаў, што вось паліць вас будзем і што вось будзе пагром.

Вецер. Праўда?

Лаўрэн. Так. І казаў, што можа той пагром ад хаты адвесці. І багатыя яўрэі яму грошы давалі.

Магда. І гарэлкай паілі, бо пасылалі да мяне. Ходзіць увесь час як гразь.

Урываецца Бачко, які пайшоў з мужыкамі.

Бачко. Пажар! Жыдоўскі канец гарыць! З вуліцы ў вуліцу. Вецер падпаліў з сябрамі.

Вецер (ціха). Вось яно. І як жа я не хацеў у бунт, у разбой гэты ісці. Падпальшчыкі цёмныя, забойцы. Абы да гарэлкі дарвацца. Але цяпер... цяпер ужо дарогі назад няма. Цяпер ужо хаця й бляваць хочацца, а — з імі.

Вашчыла (Ільі і Бачко). Бяжыце, уздымайце людзей. Гасіць. Гасіць, не шкадуючы шкуры.

Поп. А нашто? Цяпер ужо войска ўсё адно прыйдзе. Цяпер — у кулаку трымацца трэба, і на розныя соплі часу няма. Няхай іхнія Суркі над сваімі бебехамі павыюць. (Ён зусім сп'янеў.) «А зэйдэлэ, а бобэлэ! Уй-ю-юй!..» Хрыста нашто распялі?!

Вашчыла. Ці-ха, поп! Цябе не білі, але я, імем сваіх ста пяцідзесяці бізуноў... Хай розны лёс, хай іншая кроў, але... кажы, Антох... З пісання.

Антох... Хай розная кроў. Але перад богам — усе браты на свеце! (Ціха, апусціўшы вочы.) Гэта не з пісання, але гэта праўда...

Магда. Праўда перад тым самым Хрыстом.

Дзверы расчыніліся ад удару Ільёвай нагі. За ім, у атачэнні яго людзей, увальваюцца некалькі растрапаных людзей, а сярод іх моцна пабіты Мендл Кеймахі моцна п’яны, расхрыстаны Васка Вецер.

Вашчыла. Яны што, парсюка смакталі?

Ілья. Бачко з людзьмі гасіць пажар. А гэтых вось граміл узялі. Яны... Мендла Кеймаха білі на горкі яблык. І кузню ягоную хацелі падпаліць.

Лаўрэн. Гэх, пагулялі!

Васка. А гэта што тут? Там жыдоўскі шабас, тут — чарнакніжны. І ўжо што адна вядзьмарка ды ёсць.

Магда. А я вось, калі я вядзьмарка, цябе — ступай!

Васка. І бра-атухна тут! Здароў, братка! Здароў ц-цёплай кампаніі! У карчме седзіцё?.. Ад пажару, ад відовішча такога мяне ўзялі? Ну, добра хаця, што ў карчму. Налі (кідае на стойку жменю манет).

Магда. Я за крадзенае не наліваю.

Васка. У каго крадзенае? У гэтых пейсатых разбойнікаў сумленна адабранае!

Магда. Гэта ты ў каго адабраў? У Іцкавічаў?

Карпач. Іцкавічы зараз далёка. Ім у пэўным месцы агнём пячэ.

Лаўрэн. Гэта ты ў Ёськавых дзяцей узяў, што і сала з’ядуць цішком, калі дасі, каб з голаду не здохнуць?

Магда. У Двойры-ўдавы з падпаленай хаты выцягнуў? Ці вось у гэтага, у Мендла ўзяў? Кеймах, што яны табе зрабілі?

Мендл (разгойдваецца). О Аданаі! Рукі.

Васка. У крыві твае рукі!

Ілья. У крыві. За шулы трымаўся, у кузню не пушчаў.

Вашчыла. Твае людзі яўрэйскі канец падпалілі?

Васка. Угу, і сінагогу. Дымко-ом пайшла! Лупі-і, Янка, тут табе бог, тут табе п’янка!

Поп. Аб веры дбаеш. Сто грахоў з цябе.

Вашчыла. За веру, праўда, стаяць трэба. А ты як думаеш, Антох?

Антох. Мяне за гэта згнаіць могуць. Але, па-мойму, бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас «маці», а ў хахлоў «ненька». Імёны розныя, а маці — чыста ва ўсіх адна.

Мендл. Мамеле. Рукі.

Магда. Баляць рукі. Зараз вось...

Дастае чыстую анучу, лье гарэлку з пляшкі на рукі.

Мендл. Рукі. За што яны... з мордамі такімі страшнымі. А халупа гарыць.

Васка. А ад Іцкавічаў вашых нашы хаты не гарэлі? А забітых імі куды падзець? Усё жыццё як вол пад ярмом. Усё жыццё пад плёткай, усё жыццё на мякіне. Усё жыццё нагаладзь.

Мендл. І накрыцца жонцы з дзецьмі няма чым.

Васка. Ну так, усе блохі згарэлі. А што вашы Іцкавічы з нас, як блохі, апошнюю кроў смакталі? Па кроплі. Я ўдосталь не еў. І дзеці мае не елі. Усіх вас, разам з панамі, кніжнікамі, багамазамі, растаўшчыкамі... Дзеці мае не елі!

Мендл. Рукі. Што цяпер без іх мае дзеці есці будуць? Няма нічога.

Карпач (з цяжкасцю ўздымае гіру ля стойкі). На, Мендл. (Той нечакана лёгка ўзняў гіру.) Бач ты яе як. Ты ж каваль. Трахні яго гэтай гірай па галаве — і разлік.

Ілья. Галава ў яго вытрымае. Што ёй?

Мендл (раняе гіру). Не магу... Ай, куды бедным падзецца?.. Уй, калі ж хлеба ніхто за так не дае!.. Рукі.

Вецер. Ну так, рукі. Зусім яны чорныя, рукі. У цябе, Васка, бялейшыя. Дык гэта праўда, стрыечны брат, што ты з багатых жыдоў грошы вымагаў і казаў, што тады пагром адвядзеш?

Васка. А што? Што? З крывасмокаў?! Я не еў з-за іх... каб сытым... Племя ўсё іхняе пад корань!

Вецер. І цяпер пра ўсіх нас будуць казаць, што мы пагромшчыкі і вымагальнікі. І праўду нават над страшнай нашай магілай сказаць не захочуць. Бо збаяцца, каб і іх не палічылі, што яны заадно з галаварэзамі. Хаця яны нават Іцкавічаў не забілі, якіх бы за... ногі павесіць трэба. Збаяцца праўды — і ўсё гэта ты нарабіў. Ты што — і гарэлкай не грэбаваў? Піў з рук аднолькава гэтага вось бедалагі і гэтых вошаў, Гдаля са Шмуйлам?

Васка (крыху няўпэўнена). І што? І піў.

Вецер. Беларус абпіваў жабрака і піў падачку з рук ворага?!

Магда (спалохана). Васіль! Васіль, кінь!

Мендл. І тут яны — за глотку. А мне што рабіць? Сябры мае адзіныя... Рукі.

Вецер. Рукі. У крыві і дыме. Ты прабач мне, Мендл. Я не магу падаць табе рукі. Адзінаму, у каго б я тут з ахвотаю яе паціснуў. Але я магу іншае... Васка! (І тут амаль шэпт узвысіўся ледзь не да грымотаў.) Ты, вось ты... дай я пацісну тваю руку... брат.

Васка і ягоныя людзі задкуюць у кут перад Ветрам, які наступае на іх.

Ты пойдзеш гасіць пажар. Ты будзеш ставіць з людзьмі новыя хаты. Ты ніколі не ўцячэш і прымеш з намі самую смерць. І калі ты заб’еш не ў баі, і калі ты хоць раз адбярэш жыццё, вартую жалю страху або кавалак хлеба ў няшчаснага — тады ты, клянуся, падасі мне сваю руку, брат, і — бог бацька! Вымятайцеся.

Тыя пайшлі, як пабітыя. Маўчанне.

Ну вось. Нарабілі лайна — што цяпер?

Ілья. А цяпер, пасля пажараў, чакай кары.

Вашчыла. Усіх узброіць.

Лаўрэн. І мне доўбню... самую цяжкую. Пасля таго, што тут убачыў.

Магда. Куды-ы ты, кіндзюк. Біцца? Ды я цябе падалом замяту.

Лаўрэн. Ну ты-ы. Ты падалом і полк замяцеш. Не ведаю, як на цябе, а на іх у мяне сілы хопіць.

Вецер. Біцца. Цяпер ужо да апошняга. А калі што...

Поп. А калі што, дык за рубеж завадатарам бегчы. Там аднаверцы.

Антох. Куды-ы. Бачко дужа пісьменны. З гасцямі з-за рубяжа гаворыць. На Украіне цяпер казакамі Лізка з Пецярбурга запраўляе.

Поп. Дык вось туды.

Антох. Туды? Там свае мужыкі бунтуюць — што ім да чужых? Там у простых нават солі няма. Там паўсюль адкрыты разбой. Там раскольнікам храмы ломяць і людзі бягуць да нас — уяўляеце? У наша пекла бягуць! — або паляць сябе жыўцом. Там галовы сякуць і языкі рэжуць за адзінае слова. Выдадуць яны завадатараў назад нашаму каралю. Наш кабель іхняй сучкі не ўкусіць.

Карпач. Тады адно. Узбройвацца. У князя нашага зараз дзве вайны. Адна з «каралём» Славацінскім. Ён яму замак у Славаціне пабудаваў, каралём паставіў і цяпер яму вайну аб’явіў. Усур’ёз, з забітымі. І другая вайна, ужо не цацачная. З Янам Тарлам, ваяводам Сандамірскім, за маёнткі Сабескіх. Тут ужо міжусобная, братазабойчая вайна. Буйных сіл не пашле. Не да нас яму. Можа, і паспеем.

Поп. І пасольства да князя.

Вашчыла. Перапрошваць, што пабілі? А што ж, і перапросім, галава не адваліцца. Бачко з Ветрам ліст напішуць. Каго дасылаць?

Ілья. Бадай што, мяне.

Карпач. Татка...

Ілья. Змоўч, смаркуль. Дзед твой бурмістрам Крычава служыў. Я — гарматнік. Ты, зеляпан, таксама бурмістр. Служылі мы гораду, не адмаўляліся. Сілы ў мяне ўжо мала, то паслужу напаследак паношанай шкурай.

Вашчыла. Гэта можа быць і сапраўды «напаследак». Хоць і паношаная, а...

Ілья. Дзярмо разграбаць паедзем. А гэтай работы ў новым адзенні не робяць.

Вашчыла. Яшчэ хто?

Лаўрэн. А хаця бы й я.

Магда. Ку-ды, распуста. Абібок. Лоб, як у бугая, а абы яму гультаіць, абы не працаваць.

Лаўрэн. Дровы ў тваю карчму секчы — гэта не работа.

Яўхім. Яна не пра тую работу кажа.

Лаўрэн. Не, дудар, гэта ты ўжо кінь. Яна ў мяне як лава. Хоць каменні кладзі. (Завёў.)

 

Усе дзеўкі дрэнна йдуць —

Мая дзеўка добра йдзець...

 

Магда. Э-эх, змоўч, кастаглод. Скажа, як атопкам па балоце плясне.

Лаўрэн. Кароста ты мая любая. Трэба ісці. А то там наш князь сядзіць, напнуўся, як жаба на купіне. Радзіві-іл!

Вецер. Хто і калі вас разуменню вучыць будзе? Ёсць Мендл — і Гдаль, ёсць той наш пракажоны ў лесе — і наш Радзівіл. А і Радзівілы розныя. Ёсць тыя, што кнігі выдаюць і асвету нясуць у наша дзікае балота — а ёсць і такія, як наш, злачынцы ў светлай княжай кароне.

Яўхім. Не бывае яна светлая.

Вецер. Бывае. Гэта як на якім чалавеку.

Вашчыла. Едуць пасламі да Белай Ілья Карпач і Лаўрэн Каўбаса.

Яўхім (перакідае дудку на грудзі). Галасы ў адзін. (Цямнее.)

Голас:

 

На палеткі асірацелыя

Аблятае лісце нясмелае,

Абгарэлае, заінелае,

Каб укрыць раны нашай зямлі.

Беларусь мая белая, смелая

Засылае паслоў у Белую.

Засылае ў Падляшскую Белую

Падлаедаў аб праўдзе маліць.

 

 

Карціна пятая

Зала для прыёмаў, «тронная» зала ў палацы Гераніма Радзівіла ў Белай. У пярэдняй сцяне, справа, стральчастыя ўваходныя дзверы. Высокія вокны высока і ад падлогі, а пад імі — канапы, лавы і крэслы. На прыступках каля левай сцяны, на ўзвышэнні, крэсла самога князя, вышэйшае за ўсіх і сапраўды нечым падобнае на трон. Насупраць яго, у правай сцяне, гарыць камін і каля яго стаіць высокі экран. Вісяць габелены і зброя, стаяць у прасценках латы. Зала таму робіць дзіўнае ўражанне: сумесь параднай залы і кардэргардыі. Князь сядзіць на высокім крэсле, побач, на ніжэйшым — Аліцыя Гайдаловіч. Іхняй «канфідэнцыяльнай» размове аніяк не перашкаджае прысутнасць Капітана Аддзялу Гран Мушкецёраў, асабістай аховы князя, і палкоўнікаў Данавана і Пястжэцкага.

Радзівіл. Ды не магу я з та-табою ажаніцца, ду-ду-душка.

Аліцыя. Але чаму ж?

Радзівіл. Ла-ладна, жо-жонка ўцякла. Шлюб ра-разарваны. Але ж яна была да-дачка Сапегі і жонкі ягонай з-з Браніцкіх. Прыйдзе час — ва-вазьму новую. З такога ж высокага дому.

Аліцыя. І тая ўцячэ. Бо і жанчыны з гэтых дамоў такія, халодныя, як рыбы. Дый ты.

Радзівіл. Цы-цы-цыц!

Аліцыя. Два мокрыя палены не гараць. Сухое патрэбна — тады яшчэ сяк-так.

Радзівіл. Гэта ты — сухая? Гм.

Аліцыя. Прынамсі, магу прымусіць цябе варушыцца.

Радзівіл. І мне ад жа-жанчыны патрэбна паслушэнства. Безагаворачнае, ду-душка.

Аліцыя. Ну н-не. Са мной не атрымаецца. Жыць замкнёнай і толькі чакаць, што часам з’явіцца муж і пан. Гаварыць няма з кім. Толькі праз вокны глядзець на вязняў і асуджаных. Крыкі слухаць.

Радзівіл. А ш-ш-ш-то? Найлепшыя спевакі пры маім двары.

Аліцыя. Ціха, людзі ж тут.

Радзівіл. Гэта не людзі.

Аліцыя. У цябе ніхто не людзі. Сам святло гасіш, сам дзверы запіраеш.

Радзівіл. Бо не ха-хачу, каб іншы бачыў тое, што належыць мне (паказвае на яе).

Аліцыя. Ага, значыць, усё ж людзі. Глядзяць.

Радзівіл. А гэта я-я-якасць не толькі лю-людзей, але й быдла.

Аліцыя. Якая табе розніца, калі на мяне, скажам, пёс паглядзеў?.. Угм. Толькі й ёсць у цябе, што зайздрасць, а толку што? Не палац, а турма. Паноў за стол — ніколі. У нясвіжскіх Радзівілаў чалавека на тым канцы стала ў твар цяжка пазнаць.

Радзівіл. Нясвіжскія мне не ўказ. Я-я-яны адну сабачую мову змянілі на другую, польскую, таксама сабачую.

Аліцыя. А што ў цябе не сабачае?

Радзівіл. Ня-ня-нямецкая. Там, у Нямеччыне, парадак, там законы, там — войска, там — мова, там — людзі... Дойч хайт... Дойч тум... Нямецкі побыт. Нямецкі дух.

Аліцыя. А сам у тым нямецкім, як я. Як той парыжанін, што Парыжа ў вочы не бачыў. Пляцеш — дык унь у палкоўніка Данавана, немца, вушы вянуць. Таксама мне, немец. Такі ты немец, як і Вайберхельд, як Вайберфройнд, Вайберфайнд1, ты і не немец, ты і не паляк, а тутэйшае...

Радзівіл. Нун гут... Іх геборэ вурдэ ін штадт Belaja. Balorussia. Абер... а ідзі ты да д’ябла! А шляхта за ма-ма-маім сталом — прабач. Яны павінны ведаць месца, душка. Я па-па ўладзе больш чым кароль. І вось таму мне з табою ісці ў касцёл не выпадае. (З пагрозаю.) Не па са-сабе дрэва ломіш. Я ка-ка-ка кароль! Толькі пакуль не ка-ка-каранаваны! Я й падаткаў не плачу. Я самому каралю сказаў: «Мам войско венкшэ ніз Жэчпосполіта, готув естэм служыць нем ойчызне — дам е крулёві, але податкув жадных не заплацэн»2. Вось. «Маю войска большае, чым Рэчпаспаліта, гатовы служыць ім айчыне — дам яго каралю, але падаткаў ніякіх не плачу».

Аліцыя. Яўрэям ты іх плоціш, бо лень самому займацца. Болей, чым каралю, плаціў бы. (Убок.) Ладна. Ты не ажэнішся, але я з цябе ўсё магчымае выцісну, мерын. А тады заікайся хоць па-нямецку, хоць на мове сваіх пастухоў.

Радзівіл (ужо супакоены, задуменна). Вось бачыў сон. Сяджу бым і бачу — перада мною бым на троне кароль сядзіць. Наша бяссілая морда. Аўгуст трэці Фрыдэрык. І хачу бым я ўстаць перад ім, а ні-ні-ні-як не ма-магу. Варажбітка ска-ка-казала, што гэта нейкая дзяржава пасодзіць мяне на польскі пра-прастол. Пасля — вайна будзе, скінуць мяне з трона. Але я... я... я па магілу буду ганарыцца — я і зараз ганаруся, што бы-бы-быў польскім каралём. (Прыасаніўся.) Ве-ве-вельмішаноўны пан канцлер дзяржавы, пан Піліп Каршук, та-так бы мовіць мі-міністр замежных і ўнутраных спраў... Гэй! Прывядзіце канцлера, Пястжэцкі (той пайшоў, Радзівіл — да Аліцыі). З табой больш размовы няма. Змоўч!.. Ох-х, цось мі глова болі.

Пястжэцкі вяртаецца. З ім Каршук і Іцкавічы.

Што, бушацкія морды. Так бессаромна грошы вы-выбівалі, што да бунту дайшло? Колькі лішняга ўзялі? Гдаль. Сонца наша найяснейшае! Дальбог жа, анічога не ўзялі.

Радзівіл. Бра-брашы! На што ж бы-было водкуп, арэнду браць, калі сабе выгады няма?

Шмуйла. Ды толькі каб вам клопату не было. А вам лягчэй. А нам — прывілей на гандаль.

Радзівіл. Павешу за ногі. Колькі тысяч у кішэнь паклалі? Дзесяць? Пятнаццаць? Ды я ж не супраць. Трэба ж і вам на кугель і рыбу?

Гдаль. Дваццаць тысяч... І палову з іх на каленях падносім вам, Саламону мудраму нашых дзён... Шмуйла, дай распіску.

Шмуйла ўкленчвае і працягвае распіску.

Радзівіл. Мабыць, крыху больш. Ла-ладна, чорт з вамі.

Гдаль. Бралі болей, сын сонца. А чаму?

Радзівіл. А чаму?

Гдаль. Каб я граў у вашыя карты, то сказаў бы: вось наш козыр. Падманшчыкі, вашамосць.

Шмуйла. Шкуру мала здзерці. Манюкі.

Гдаль. Народ разбягаецца, то яны цішком іхнія валокі, іхнія землі прыбіраюць да рук, а падаткаў вашай мосці за іх не плоцяць. Укрываюць ворныя валокі ад вас, гаспадара. І ў лесе землі цішком аруць і грошай не плоцяць, бо тыя валокі ў інвентар не улічаны.

Шмуйла. Пан-князь у лес не палезе. А мы палезлі. А ў лесе паўсюль патаемныя пасекі і борці, няўлічаныя папасы, гарбузы ў бур’яне на палянах. Музікі! Падманшчыкі! Бушацкія морды!

Радзівіл. А бунт?

Шмуйла. А грошы недаплочаныя князю? Мы іх выбівалі, і за гэта ў бунце ледзь не загінулі.

Радзівіл. Як кулаком пад дых. Ну не, скаржнікаў гнаць, упартых — вешаць. Канец справе скаргаў... Чорт, галава разломваецца.

Каршук. Там дэлегацыя скаржнікаў з Крычава. Два чалавекі, княжа.

Радзівіл. Павесіць!

Аліцыя. А можа, яны не са скаргай.

Радзівіл. Добра, гэтых яшчэ выслухаю. Але хай пастаяць, пачакаюць. І вы пачакайце... Можа, я вам і падмагну вярнуцца. Толькі — не-не-не да таго мне ц-цяпер. У мяне са Славацінскім вайна з Тарлам — усобная вайна. І... хто там яшчэ, Каршук?

Каршук. Сяржант фон Швальбе ўцёк.

Радзівіл. Як? Не паляк? Курляндзец? З іх-іх-іхнім безварнуковым паслушэнствам? Ве-ве-ведаючы мя-мяне суум домінум вітэ эт нёціс, як па-пана свайго жыцця і смерці? Куа субдзітус, як падданы, ве-ведаючы, што яго чакае? Ад мяне, дзе ў во-войску ад салдата да ге-генерала мова нямецкая? (У страшным гневе.) Сто... дзвесце... тысячу пагоні за ім. Спаймаў! Дзе б ні схаваўся — той палац або кляштар спаліць!.. Пястжэцкі — пяцьсот чалавек!

Пястжэцкі. Слухаю (выходзіць).

Радзівіл. Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў... Дзвесце... У пагоню. Калі паспеў уцячы за мяжу — да тых двароў патрабаванне: выдаць. Хоць бы і ў рымскага папы!

Капітан. Ія... Абер іх глаўбе, князь...

Радзівіл. Ты мне не глаўбай. Іначай будзеш мець кіёў у спіну.

Капітан. Ія (выходзіць).

Радзівіл. Та-а-ак. Ш-ш-шт-то яшчэ? Галава, халера, як гарбуз.

Каршук. Ваша светлая велькаяснавяльможнасць. Кароль Славацінку просіць пардону ў іх яснавяльможнасці.

Радзівіл. Падумаем. Забава, што праўда, зацягнулася. Ну, збудаваў я яму замак... пяцьдзесят тысяч каштаваў. Ну, аб’явіў яго ка-ка-каралём. Я лілічаныя двары сусвету лічу ро-роўнымі сабе, дык ён зазнаўся.

Каршун. Дазволю нагадаць — гэта мы яму аб’явілі вайну.

Радзівіл. Капітана! Пястжэцкага!..

Тыя ўваходзяць. Капітан мяце пер’ямі капялюха падлогу. Увогуле ўвесь этыкет — жахлівая пародыя на этыкет пры двары «караля-сонца» і нямецкім двары.

Капітан. Ваша яснавяльможнасць, людзі дасланыя.

Пястжэцкі. Мае таксама.

Радзівіл. Дакладвайце аб штурме Славацінку, капітан. Замак...

Пястжэцкі. Замка таго ўжо амаль няма. І ў іх і ў нас забітыя, параненыя.

Капітан. Мы замак атачыць і падступіць. Тыя страляць...

Радзівіл. Па-нямецку!

Капітан. Холь ін дэр Тойфель! Ферфлюхунг! Гешворэнэр Файнд...

Радзівіл. А, чорт, яшчэ горш! Канцлер, скажы яму — хай брэша па-тутэйшаму, а будзем лічыць — па-нямецку.

Капітан. Ваш закляты вораг замак выхадзіць і біцца. То яны нас, то мы іх.

Радзівіл. Падпалілі?

Капітан. Ія.

Радзівіл. Час канчаць. Досыць ужо з ім дыпламатычных зносін і вайны. Артылерыю, штурм, сам на чале. Узяць у палон. Судзіць. Асудзіць на-на-на смерць.

Пястжэцкі. Ваша яснавяльможнасць! Караля! Які прыклад?!

Радзівіл. Так. Караля нельга. Я яму... дарую. Уласкаўлю. І — вось што я зраблю! — вярну яму свабоду і дзяржаву.

Пястжэцкі. Вялікі і мудры!

Радзівіл. Ты не хвалі. Ты да-да-давай пра бойку, пра вайну з Сандамірскім ваяводам.

Пястжэцкі. То ест правдзіва война за маёнткі Сабескіх. Война домова. Воевода Сандомежскі Ян Тарла, як сьвіня, пшэпрашам...

Радзівіл. Ой, ды кі-кінь ты гэтае свінства. Валі па-хлопску, а хай лічаць, што па-польску. А то галава баліць, цяжкая, як жлукта поўнае. Не даходзіць па-польску.

Пястжэцкі. Даслаў на яго дзве харугвы. Хай трывожаць. Пасля выступлю сам. Гэта — сапраўдная вайна. І мы ім хрыбты зломім... А што з галавою?

Радзівіл. Напіўся ўчора... Пробашча Пёкура сюды... Ох, галава ты мая, галоўка, кадоўбец божы.

Уваходзіць П ё к у р.

Пан пробашч Бельскі. Нашто ты мяне ўчора напаіў, свіння такая?

Аліцыя. Ты ж не п’еш.

Радзівіл. Гэты здолеў упаіць.

Пёкур. Але, пане муй. Што там было? Палова вядра крупніку, кварта кмяноўкі ды пляшка пітнага мёду! Што гэта на дваіх здаровых драбаў?

Радзівіл. І ў пляшцы чатыры кварты. Вось сядай зараз за стол і пішы... Пяро яму. Ох, макітра ты мая! З піяньствем вальчыць тшэба. Змагацца.

Пёкур. Пішу. «Без жаднай клеменцыі маёй, яком Радзівіл...»

Радзівіл. Так. Так. Піяньствам ба-ба-бавёных се, яко не жолнерскім і негоднім сьвінім налогем, не іначей як батыжкамі каралі.

Пёкур. І па-хлопску тое самае. «Тых, хто п'янствам бавіцца, як не салдацкай і нягоднай, свінскай распустай, не іначай як батагамі караць...» Апахмяліцца б табе, княжа.

Радзівіл. Трэ... ты-ты-ты што гэта тут?! Тут закон прынялі, а ты з апахмелкай.

Пёкур. Пакуль не падпісаў — гэта ж не закон? Ну дык выпі, а пасля падпішы. Гэта зручна. Пазабівай ворагаў, а пасля выдай закон: забойства караецца смерцю. Але зваротнай сілы закон не мае. І людзям страх, і табе спакайней.

Радзівіл. Ладна. Дапісвай...

Пёкур. Дапішу: «Жэбы тыле веле кропель...» Тут ужо я, як ксёндз. Калі вып’е, то «каб столькі шмат кропель, каб столькі д’яблаў, што пры скананні бяруць сваю душу, бачыў...». А ты ўсё ж пахмяліся... Там Грабоўскі, пасол ад брата твайго Марціна-Мікалая чакае. Вось ты з ім аб богу пагавары дый выпі.

Радзівіл. Што такое Грабоўскі?

Пёкур. Фаварыт. Выканаўца ўсіх ягоных збродняў. Загадае Марцін — падсудка брэсцкага Грабоўскі заб’е ў карчме. Палюбоўніцу князеву па яго загаду задушыў. Забіў шляхціца Кукаўскага з жонкай — вясёлы такі чалавек. Маёнткі падпальвае. Наконт сялянскіх двароў падпаленых і мужыкоў забітых — і не кажу. Цяпер хваліцца, што заб’е брэсцкага гараднічага. А братка твой, княжа, з розуму з’ехаў. Верыць у перасяленне душ, алхімік, каменя філасофскага шукае. Ні пра што, акрамя баб, гаварыць не можа, людзей забівае. Перайшоў у юдаізм. Рабіны вакол. Суботу спраўляе. Ну, па-свойму ён правільна разважае. Яму ж невядома, які бог на небе, дуралому. Калі наш — ён крыж пакажа, а калі іхні... Ён і жанчын святых не пасаромеецца.

Радзівіл. Звар’яцеў братка.

Пёкур. Угу. І самае горшае — замест мёду і гарэлкі п’е пейсахоўку. Гэта ўжо зусім з розуму трэба з’ехаць. Ніякага параўнання — гэта і мурону ясна.

Радзівіл. Так, гэта ўжо канцы. Увесці Грабоўскага. І крычаўскіх сюды!

У залу ўводзяць Грабоўскага, Ілью Карпача і Лаўрэна. Грабоўскі ідзе да «трона».

Грабоўскі. Чалом табе, яснавяльможны, ад не менш яснавяльможнага брата Марціна-Мікалая — недатыкальны пасол ягонай дзяржавы Грабоўскі.

Радзівіл. Ну, недатыкальны ці не — гэта мне меркаваць. Унь узброеныя вакол. Як у Берліне. Кожнай раніцы пры-прычасаныя і напудраныя, як да-да шлюбу.

Грабоўскі. Яны вакол. Але я — пасярэдзіне. Непрычасаны і ненапудраны. Але ўзброены. І шлюб мой — забойства па загаду майго пана.

Лаўрэн. Бач ты, забойства ў золаце.

Ілья. Змоўч!

Радзівіл. Цік-кава. Ану, тыя, што вакол. Зброю нагала!

Капітан, Пястжэцкі і Данаван стаюць у пазіцыю, агаліў шаблю і Грабоўскі. Б’юцца. Пасол з цяжкасцю, але абяззброіў двух першых. Данаван знемагае.

Данаван. Ферфлюхтэ вайсрусішэ швайне! Саксонія, наперад!

Радзівіл. Надзверны!

Вартавы каля дзвярэй прыяднаўся да Данавана. Ім з цяжкасцю ўдалося прыперці Грабоўскага ў кут. І тут Лаўрэн нечакана падхапіў выбітую шпагу мушкецёра і напаў на ўсіх трох, як ураган.

Пацясніў.

Ілья. Ты што робіш, патаўпешка?!

Лаўрэн. Ая ім пакажу, як нашы б’юцца. (Выцесніў тройку за дзверы, кінуў шпагу сярод залы.) Ваша яснавяльможнасць. (Прыдурваецца.) Не сячыце галавы. Не мог стрываць, што немцы так над чалавекам адной з вамі крыві пацяшаюцца. А мы ж вашы падданыя. А мы ж за вас у агонь і ваду... і сячыся во як умеем.

Тройка апасліва заходзіць. Пабітыя стаяць у цэнтры залы. Лаўрэн адышоў да Ільі. І тут ксёндз Пёкур шэпча на вуха князю, паказваючы на вартаўніка.

Пёкур. Той самы. І трэба, каб бачылі. І крычаўскі хам бачыў і вывады рабіў.

Радзівіл. То-то-той. Ану, сюды (вартавы падыходзіць). Ты-ты-ты што ўчора казаў?

Вартавы. Паночку, па-па-паночку, дальбог.

Радзівіл. Такога слімака толькі вешаць... Ты што сказаў? Калі я ўчора, спатыкаючыся, ад пана пробашча вяртаўся... цужэсь ты по...по...ведзял?

Аліцыя. Ну ўсё, шыбеніца.

Вартавы (з мужнасцю адчаю). Поведзялэм то, цо правда — нігдым Вашей Мосьці піяным не відзял, венд жеклэм, же велька ксенця Мосьць сьпілэсь сен як сьвіня і жэбы то бедны чловек так зробіл...

Радзівіл. Кажы і для тых. Каб разумелі.

Вартавы (гераічна). Сказаў праўду. Сказаў сябру, што ніколі Вашай Княжай Мосці п’яным не бачыў, дык сказаў... Бач, упіўся Ваша Княжая Мосць, як свіння, а каб гэта бедны чалавек так зрабіў, то яго б павесіў і...

Радзівіл (перарваў). О-ох... До... до...добжэсь васан поведзял, естэсь васан сержантэм... Для вас, хамы: «Добра васпан сказаў, быць васпану сяржантам».

Нечаканы сяржант. Бу-бу-бу-буду.

Гайдук падносіць Радзівілу паднос з кубкам, той машынальна п’е, скрывіўся. Пасля сяржанту.

Радзівіл. Бач, з радасці заікацца стаў, як я. На гэты раз дарую. Але як камандуючы будзеш заікацца — павешу.

Гайдук узяў кубак, на хаду абмахнуў крысо князю.

А ты што тут усё ля мяне цярэшся? По цо ту — тутай ходзіш?

Гайдук. Хцэн быць завшэ на ўслугах Вашай Ксёнжэнцэй Мосьці, венц естэм му на відоку.

Радзівіл (з глухім гневам). Хочаш быць у мяне на вачах. Варта! Узяць яго і на дуб у двары.

Гайдук (крычыць). Ваша! Ва-а-а-ша! (Яго пацягнулі.)

Радзівіл (наўздагон). Тэ-тэраз, вацпан, бе-бендзеш мі завшэ наві-ві-відоку. Ты зараз, вацпан, будзеш заўсёды ў мяне на вачах. (Супакойваючыся, Грабоўскага.) Чаго просіць брат, пасол?

Грабоўскі. Просіць аб прадажы таго каня.

Радзівіл. Сказаў, што прадам. І нашто тое пасольства ганяць?

Лаўрэн. Ваша яснавяльможнасць. За што вы? Даруйце беднаму дурному чалавеку.

Радзівіл. Ды ты што-о?

Ілья (выглянуўшы ў акно). Позна, Лаўрэн. Унь ужо ён вісіць, як груша.

Радзівіл. Тваё шчасце, крычавец. Іначай бы я загадаў яму павесіць цябе. Ён бы паве-е-есіў. Ён бым це жыця не пардоновал. Ён бы не злітаваўся.

Ілья. Ну так. ён ваш слуга.

Радзівіл. Ну, пасол, што яшчэ?

Грабоўскі. Пляткараць пра ўзаемныя вашы падкопы.

Радзівіл. Пра ўсіх так. Лю-удзі-і.

Грабоўскі. То, каб выказаць вам сваю прыхільнасць, панскі брат пасылае вам скаргу ад крычаўскіх мяшчан на яго імя (падае грамату).

Радзівіл. А пры чым тут Марцін?

Грабоўскі. А яны просяць, каб ён адмаліў у караля Крычаўскае староства пад сваю ўладу.

Радзівіл. Ну, адмоліць? А я караля не паслухаюся. Што далей?

Грабоўскі. А далей, каб адбіў іх у вас.

Радзівіл. Ну, х-хай па-паспрабуе.

Грабоўскі. Ён не хоча. І выдае іх галавой, перадае вам скаргу, даводзячы тым сваю да вас зычлівасць.

Радзівіл. Гм... Ды... ды вось і я-я-яны тут. Што, хлопі, хочаце, каб мой брат вас у мяне адбіў?

Ілья. Ён вам далёкі брат. З другой галіны, няродны.

Радзівіл. Ну, дык ці хо-хочаце?

Лаўрэн. Пасля гэтай бязвіннай шыбеніцы (паказвае ў акно) — хочам.

Ілья. Ды ты што?!

Лаўрэн. Так. Яшчэ Людовік, кароль польскі, прысягаўся, што не будзе чужаземцам аддаваць старостваў і гарадоў. А ты каму аддаў? Іцкавічам драпежным?

Ілья. Чакай, Лаўрэн, дай я. (Падае князю грамату.) Там усё ёсць, княжа.

Радзівіл. А ты словам скажы.

Ілья (ён таксама рашыўся). Каралі і князі мелі намеснікаў-старостаў. Яны не толькі баранілі замкі княскія, не толькі старажылі спакой зямлі, але і каралі гвалт, крадзёж і разбой. А гэтыя? (Паказвае на Іцкавічаў.) Яны могуць твой замак у Крычаве — памежны, заўваж! — абараніць? Яны, калі прыйдзе гвалтаўнік, гонару жонак сваіх не абароняць. Мала таго, іхнім гонарам адкупяцца. Яны могуць старажыць спакой зямлі? Яны могуць толькі біць слабейшых і бяззбройных. І ці могуць яны караць гвалт, крадзёж і разбой, калі самі гвалцяць і рабуюць?

Лаўрэн. Права мяча старое замянілі правам бізуна. А нам лепей меч, чым бізун, лепей плаха, чым стайня.

Радзівіл. А калі раней ста-стайня, а пасля — пла-плаха.

Лаўран. Калі вачам сваім не верыш — спытай у гэтых вось сваіх, як ім ад мяне перапала. І ў нас шмат такіх.

Радзівіл. Новае права Польшчы датычыць.

Ілья. А ў нас зараз, вашым дбаннем, паўсюль Польшча.

Грабоўскі. Дазвольце мне, княжа, іх павесіць, саслужыць вам.

Гдаль. Басякі-і! Падманшчыкі!

Шмуйла. Княжа, сонца наша, аддай іх нам галавою. Ад-дай.

Радзівіл. Пачакай з шыбеніцай. Я вось ім лепей Іцкавічаў вярну. Што бу-удзе! А то яны да браціка дужа хочуць. Ты, пасол, раскажы мне, як там брацік?

Грабоўскі. Ды што. Гаворыць пра перасяленне душ.

Радзівіл. Ну гэ-гэ-гэта даўно. Ён мне раз сам сказаў, што нос у яго ве-вельмі доўгі, і таму ў мінулым жыцці ён, відаць, быў куліком. А ў будучым жыцці будзе сланом, на якім вялікі першасвяшчэннік бу-будзе ездзіць па Ерусаліме, а калі зноў вернецца ў чалавека, то сядзе на першасвяшчэнніка, які будзе аслом за свае грахі. Я ў яго пытаю: «А чым жа я стану?» А ён мне: «Кабаном за любоў да га-ганебнага дзярма». Дурны брат зусім...

Аліцыя (ціха). Ды не, не такі ён і дурны.

Грабоўскі. Ходзіць у сінагогу. Вывучыў ужо, дрэнна, старагебрайскую і жаргон.

Пёкур. Гэта ён выбраў найлепшую рэлігію. А службу хрысціянскую прагнаў.

Грабоўскі. Рабіны вакол. Кожную пятніцу збіраюцца ў князя на борурухі, ядуць лапшу, шчупака і кугель.

Радзівіл. Пры-прыдуркаваты брат.

Грабоўскі. Шыбеніца кожны дзень цёплая.

Радзівіл. Гэта лухта!

Грабоўскі. І кошары і шабасы дакладна выконвае. А на шабасах сядзіць у лапсердаку з ордэнам святога Губерта на шыі.

Пёкур. Божа! Ён бы яшчэ пад лапсердакам каўчэжац са святымі мошчамі насіў!

Радзівіл (Іцкавічам). Тут не да Крычава. Тут брат здурэў, а вы, морды, са сваімі мужыкамі.

Лаўрэн. Божа! Каб ён гэта сапраўды нас адбіў — да каго б трапілі?

Ілья. Беларусам заўсёды шанцуе.

Радзівіл. Ён бы, вас адбіўшы, жыва Іцкавічаў, вось іх, вярнуў, і тут бы вам літасці не было.

Лаўрэн. Тут бы тады і вам усім літасці не было.

Радзівіл. Ого! А што, можа, мне і вярнуць іх вам? Пад канвоем палкі ў тры? Га?

Ілья. Вярні, княжа. Палкі нам — раз плюнуць. А яны? Ты ведаеш, колькі яны вышэй паложанага сабе ў кішэнь узялі?

Радзівіл. Ведаю. І чаму ўзялі — ведаю. Частку — аддалі.

Ілья. Паўтара мільёна яны сабе ўзялі.

Радзівіл. Ко-колькі?

Ілья. Паўтара мільёна.

Радзівіл (злавесна, аж усё сціхну ла). Та-ак.

Гдаль. Ваша яснавяльможнасць. Ой, не вер!

Шмуйла. Маняць! Маняць!

Радзівіл. Не, не маняць. Та-ак. Ты, Пястжэцкі, зоймешся справай брата. Узяць! У жа-жалеза! У яму пад вежай. А то рас-распусціліся з-з-занадта! Каб усіх яўрэяў пад замком, пакуль братца ў яму не кіну. Каб з ніводным з іх словам не па-паспеў пе-перакінуцца! Я-я-я стакрот гэта ўсё выб’ю. Я-я-я сінагогі вашы дымам пушчу. Прэч з вачэй!

Іцкавічы кінуліся ў дзверы.

Абселі! І брата абселі і мяне! (У ярасці.) Усіх дымам пушчу. І з вамі, што іх абагацілі, мужыцкія морды, тое ж будзе. (Прыпадак ярасці страшны.) За рабрыну іх на крук! На палю! Узяць!

Данаван, Пястжэцкі і Капітан набліжаюцца.

Ілья (спакойна). А яшчэ Радзівіл. Ніякай велічы. Іншыя Радзівілы ваююць, пракудзяць, кнігі выдаюць.

Лаўрэн. Крычыць, як рэзаны бугай. Іншыя Радзівілы — баявыя пеўні, а пан — кураня. Зносак.

Радзівіл. Агнём! Агнём выпалю.

Ілья (грымотным голасам). Хай вось тут кабеціна выйдзе.

Аліцыя. Чаго, я пагляджу.

Ілья. Ну што ж. Хай паглядзіць, калі цікава. (Цягне экран да каміна.) Чакалі доўга, то назапасілі.

Радзівіл. Агнём!

Ілья. Назапасілі. Знойдзецца на ваш агонь наша вада.

Стае за экран, з-за якога хутка засычэла і рванула пара. Ілья выходзіць, падцягваючы порткі. Усе стаяць збаранелыя.

Пёкур. Ды... ды што гэта? Ды... бог жа бачыць. (Сам сабе.) А ўрэшце, якога толькі растуды ён, бедны, на гэтай зямлі не бачыў.

Ілья (паказвае на Радзівіла). Чалавек стварыў бога па сваім вобразе і падабенстве.

Аліцыя. Геранім. Князь. Што тут пры мне робіцца?! (Пайшла да выхаду.)

Лаўрэн (ціха). Гэх, валіць, як ступа. Дрэнна йдзе.

Аліцыя (учула). Князь! Яшчэ й абражае. Ён, хамуйла гэты, сказаў, што я дрэнна йду.

Радзівіл (блізкі да ўдару). Ш-ш-ш-што?!

Лаўрэн. Пано-очак! Велькая вашамосць. Яна ў вас да таго ж і глухая. Дык я басам скажу, што шэптам сказаў:

 

Усе дзеўкі дрэнна йдуць,

Мая дзеўка добра йдзець.

Мая дзеўка добра йдзець:

Круціць задам, як мядзведзь.

 

І тут Радзівіл няўмела і зусім нечакана разрагатаўся. Нават крыху істэрычным смехам. І тут зарагаталі ўсе.

Аліцыя (трохі ўлешчаная). Бач ты... Эх, князь. Такі спектакль смехам сапсуў.

Радзівіл (рагоча). Ні-ні-ні-нічога. Паслоў не зазабіваць. Ідзіце, мужыкі. Я разгледжу ваш ліст. Адпраўце іх. Але глядзіце, калі па-па-падзецеся не пасламі, ды пад дрэнны настрой.

Лаўрэн. Які ж гэта ў вас, паночак, дрэнны настрой, калі гэты называецца добры?

Ідуць да дзвярэй.

Радзівіл. Але ве-едай сваё месца, горад! Калі што — канец вам.

Ілья (заўважыўшы дыван перад дзвярыма, да Лаўрэна). Бачыш хаднік? Мужык! Бушацкая морда! Ты дзе? У палацы! І куд-ды ты прэш? Куд-ды ідзеш? Выцеры ногі, хамуйла!

Выціраюць ногі і выходзяць.

Усе ашаломлена глядзяць ім наўздагон.

Радзівіл (з нечаканым спакоем). Гэта больш сур’ёзна, чым я думаў. Вы займіцеся мужыкамі, а я... Не, здурэў браток. Ты пойдзеш з палком саксонцаў туды, на Крычаў, Данаван.

Данаван. Ія. Іх хабе генуг. Іх трэба аўфс Хаўпт шлаген. Нагалаву разбіць.

Радзівіл. Ты запамятай іх, Данаван. Не, паслоў забіваць не будзем. Але як Крычаў выкажа непакору — разбіць. Завадатараў на палю. І тады паслы хай паглядзяць... Вядзі кірасіраў, Данаван. А не справішся — у дапамогу пойдзеш ты, Пястжэцкі.

 

1 Сэрцаед... аматар жанчын... жанчынаненавіснік.

2 Польскія цытаты даюцца ў вымаўленні пачатку стагоддзя. Гэта не памылкі, а так тады казалі.

Карціна шостая

Зноў тупат капытоў у змроку. І іскра. Коннік вязе паходню, «агнявую віцу» — знак паўстання. У цемры крык: «Данаван ідзе!» Пошчак капытоў множыцца. Ад першай іскры аддзяляецца другая... трэцяя... пятая. «Данаван!.. Данаван!.. Данаван ідзе!» —

лятуць у ноч крыкі. А пасля ўзнікае харал:

 

Над борам, над полем, над вірам

Крумкачы прарочаць бяду, брат.

Жалезнай ступой кірасіры

На Беларусь ідуць, брат.

Зіхацяць гарматы і латы.

Але грозна рыкае зямля, брат.

Скача грозны коннік адплаты.

Вый, акаянны магнат, кат!

Прыкіпелі да шабляў далоні.

Устаў на пачвару Давід, брат,—

Ураганны бог жаху — коннік.

Скуголь, захрыбетнік магнат, кат!

Коннік зломіць прыблудаў калоны,

Ён праломіць чужынцаў сталь, брат,

Бог адплаты, бог помсты, коннік.

Вый, пракляты магнат, кат!

Над ляснымі цёмнымі шатамі,

Над абшарамі роднай зямлі, брат,

Грукоча коннік адплаты!

Выйце, каты, паны, каралі, брат!

Коннік вечнасці, коннік бяссмерця,

Сонца светлага добры сын...

Хай яны паспрабуюць нас зжэрці,—

Падавяцца ўсе як адзін.

 

У слабым водсвеце зарыва відаць сілуэты ўзброеных мужыкоў, а злева ад іх група: поп з Бесавічаў і поп Антох. Між імі точыцца ледзь не сварка.

Поп. Не маеш права мужыкам...

Антох. Данаван ідзе. Шмат хто з іх вып'е смяротную чашу, і трэба ім асвячэнне, каб спадзяваліся яны на зброю сваю.

Поп. Гэта каралеўскім, магнацкім воінам зброю свянціць можна. А гэтым, якія без пана-магната і пана-караля — не можна.

Антох. Няма ў іх гэтых паноў, то няхай не будзе і пана-бога? Так?

Поп. Ты на свяшчэнства, на нас навальніцу наводзіш!

Антох. А што ж, бог з імі ў той час, калі ў хама поўна каўбас? А як сала хам не дасць, то і бог яго прадасць?

Поп. Не блюзнер! Агнём гэта пахне, асвячэнне зброі!

Антох. Я не ведаю, ці дапаможа. Але яны пойдуць у бойку з надзеяй на бога і зброю. Дык што, адабраць у іх надзею? Не. Гэтага я не магу. Кінуць іх адных — не на таго ты напаў. Не магу. Не на тое мяне высвяцілі, каб я іх у бядзе — адных...

Поп. Што табе ў іх? Яны з нас смяюцца, што поп і певень, не з’еўшы, не пяюць.

Антох. Гэта пра цябе. А я, як і певень, спяваю нашча.

Вашчыла. Пачнем і без папа.

Антох. Ідзі. І ў чужой царкве не папраўляй свечак.

Лаўрэн. Ідзі ў сваю. У сваёй нары і тхор не смярдзіць.

Ударылі званы. Людзі ўзнялі ў чырвань іконы, харугвы і зброю. Пачынаецца асвячэнне зброі ратнай1. Антох з малітваю акрапляе зброю святой вадой.

ПСАЛОМ

Бог нам прыстанішча і сіла, скоры памочнік у бедах.

Таму не ўбаімся, хаця б пахіснулася зямля і горы рушылі ў сэрца мораў.

Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хвалявання іх.

Усшумелі народы; дзвігнуліся царствы: Усявышні даў голас Свой, і растаяла зямля.

Гасподзь сілаў з намі, Бог Іякава заступнік наш.

...Прыйдзіце і ўбачыце справы Госпада — якія зрабіў ён спусташэнні на зямлі.

Спыніўшы брані да краю зямлі, скрышыў лук і пераламіў кап’ё, калясніцы спаліў агнём.

ЭКЦЕННЯ

О як студа і бясчэсця абліччы праціўнікаў нашых сполніці, сэрца ж іх страху і жаху; і анёл гасподні хай будзе гнаць і паражаці іх. Госпадзі памілуй.

Вашчыла (з хорам). Госпадзі памілуй.

ЭКЦЕННЯ

О як пачуці ў царкве сваёй воп і ўздыханне адзінаверных нашых і ад ворагаў і супастат прыгнечаных рабоў сваіх, у тузе і журбоце сваёй да яго вапіюшчых...

Карпач (з хорам). Госпадзі памілуй.

ДЫЯКАН (глас І)

Камень, якім пагарджаюць дойліды, ён будзе асновай асноў: ад госпада бысць сей і ёсць дзіўны ў ачасех нашых.

ТРАПАР

...не пагрэбуй, добрая, малітваў нашых, усяпетая маці божая... падай ім з нябёс перамогу, бо нарадзіла есі бога, адзіна блаславёная.

Вецер (з хорам). Амінь.

Цемра. І ў цемры марш соцень ног, якія аж скаланаюць і рвуць зямлю: ідуць у бой легіёны кірасіраў Данавана. І яшчэ тупат многіх ног, насустрач.

Вецер. Ідуць, як па шкілетах.

Данаван. Гешворэнэр файнд. Смерць ім! Меч!

Тупат ног. Узвіўся крык Вашчылы: «Юры святы! Край! Край!» І ўсё запаланіў шалёны ломат сталі аб сталь, маўклівая, лютая, нясцерпная сеча. Хробат, ляск, гром нарастаюць, як шаленства перуноў у навальніцу.

Данаван. Куды вы?! Саксонцы! Сак-сон-цы! Стой! Стой!

Ламаецца сталь, шэрагі, хрыбты. Зямля шалёна б’ецца ад конскага тупату. Стогне зямная цвердзь...

І цішыня. Пажар за вокнамі паступова наліваецца, асвятляючы ўсё чырваней і чырваней залу Магдзінай карчмы. У ёй, за сталом на покуці, адзін чалавек: поп з Бесавічаў.

Поп. Разбілі. Адолелі, халера на іх. Цяпер князь усур’ёз за Крычаў возьмецца. Цяпер толькі беражы скуру.

Абарваўся ля вокан конскі тупат. Увальваюцца ў карчму добра патрапаныя палкоўнік Данаван з сынам.

Данаван. Усё, Раймунд. Усё, сынок. Канец. І на нашых конях не ўцячы.

Раймунд. Бедныя коні. Змучаныя. Дзіва што, пасля такога. Я-ак яны нас! Як яны нас! Як молатам арэхі! Толькі кірасы трашчалі. Як яны біліся!

Данаван (заўважыў). Хто гэта? А-а, гэты, поп. Выпоўзіна гэткая! Куды цяпер?!

Поп (падыходзіць да сцяны). Унь тут лаз у падпол.

Данаван. Каб узялі, як пацука?

Поп. Чаму? Там ход да яра. Тут, ля яра, недзе Цялецкі з коньмі акалачваецца.

Раймунд. Сам губернатар?

Поп. Які ён губернатар. У князя з ім адна манера: «Як не прыгоніш у тэрмін транспарт гарэлкі ў Слуцк, то будзеш цешыцца падарункам няхібных ста кіёў у задніцу. Падаю гэта да вернага ведання Яснавяльможнага Пана як добра выхаваны і пачцівы Яснавяльможнага Пана слуга...» Што гэта вы, пане, як не тут?

Данаван. За нейкія пару гадзін — і ўвесь полк. Мае саксонцы найлепшыя ў свеце ваякі!

Раймунд. Целамі віснулі на нашай зброі. Змялі. Вагой задавілі. І ані кроплі страху.

Данаван. Гэта не людзі! Гэта дэманы!

Поп. Уцякай, Данаван (адчыняў лаз, але там раптам з'яўляецца постаць Яўхіма Хмыза)...

Яўхім. Я й лічыў, што яны недзе тут.

Данаван і Раймунд памкнуліся былі да дзвярэй, але тыя ў гэты час упалі пад ударам нагі. Уваходзяць Вашчыла, закрываўлены Васка Вецер, Іван і Ілья Карпачы, Лаўрэн, Магда і Антох.

Поп (пасля замяшання, паказвае на Данавана). Вось яны.

Данаван. Дзякуй свайму богу, што ў мяне ёсць гонар, сука.

Яўхім. Ох, і падступная ж ты тварына.

Поп. Я табе дам, тварына. Я табе пакажу... Вось яны.

Вашчыла. Вось яны. Апошнія з саксонцаў.

Ілья. Замак дзякуючы ім не ўзялі.

Карпач. І зараз той замак нам, як скабка.

Уваходзіць пісар Бачко.

Бачко. Кончыць іх, а я напішу, за што.

Магда. Дзіця пашкадуйце.

Карпач. Гэтае лізь-мызь канчаць трэба. Чуткі ёсць, Гдаль са Шмуйлам даюць грошы ахвочым на нас ісці.

Бачко. Войска Радзівіла збіраецца. Большае, чым у караля.

Карпач. Шляхта, Пястжэцкі, мушкецёры. А мы тут валаводзіцца будзем. Дабіць.

Васка (ціха, аж нязвыкла для яго). Паслухай, Вашчыла. Ты ведаеш мяне. Я прапойца і гуляка. Не было тына, аб які я не абціраўся б, бочкі, якую я не абцалаваў бы. Лужыны, у якой бы не ляжаў. Мы, беларусы, усе без мяжы. Але каюся не ў тым. Што мне рабіць, калі той пажар і пагром стаяць у вачах? І я ўжо мноства дзён як з пахмелля. І ці злітуецца з мяне, п’янага, бруднага, грэшнага, бог. Я нібы ў гнаі, і няма мне даравання... Ніхто ж не скажа, што я сёння дрэнна біў вось ягоных людзей.

Вашчыла. Так. У самую сярэдзіну іхняга строю ўдзёрся, падхарунжага зваліў. Прайшоў праз іх, як нож, вырваўся і ўдарыў у тыл.

Васка. Я паслужыў Крычаву. Хай я не замаліў грэх, але я паслужыў (стае на калені). Я зранены і ў крыві. Вось дзеля гэтага адпусці іх, Вашчыла.

Бачко. Ты ж пагражаў і пажар уладкоўваў. Паліў, граміў, біў. Я запісаў гэта.

Васка. А пасля, запішы і гэта, паглядзеў смерці ў вочы. У вочы брата. Паглядзеў на яго далонь, а на ёй ляжала смерць. І сказаў, нельга нікога граміць і рабаваць... Так, паглядзеў смерці ў вочы. І скажу, нельга, каб у вочы ёй глядзелі людзі. Каюся перад вамі, людзі. Вашчыла, гэтымі вось ранамі прашу, адпусці.

Карпач. А прыйдзе зноў?

Яўхім. Пусці. Усё адно.

Васка ўстае.

Васка. Пусці.

Антох. Будзь моцны. Даруй.

Уваходзіць захутаная ў плашч Агна Вецер.

Усе. Агна! Агна тут! Агна прыйшла!

Агна. Жаху вы нарабілі, мужыкі. Колькі пабітых! Ехала — усё поле стогне... І чую я сэрцам трывогу. Ці мне здалося?

Бачко. Што здалося?

Агна. Па-мойму, Цялецкі тут круціўся.

Ілья. Ён у замку дзесяты сон бачыць.

Агна. Пэўна, здалося.

Вашчыла. Дзякуй за сына. Каб не ён, не Васка і не Лаўрэн.

Лаўрэн. Раскалолі мы іх на дзве паловы. Васіль прабіўся і ўдарыў па засаднаму атраду. У зямлю мы яго ўмялі. А пасля прабіліся да сцяга і сын твой дрэўца падсек. Тут яны завагаліся, пахіснуліся. Пачалося смяценне, паніка і жудасць. Як перцу з рэдзькай з’елі. Як на агні закруціліся. Бягуць, выюць!

Агна (ціха). Нарабіла я ліха. І ніводнага не... Таксама ж людзі. Не даруе бог за такое.

Поп. У, вядзьмарка. Закляла людзей — аж да іх дакрануцца нельга. Яна вам, людзі, накаркае бяду.

Агна. Бяда і так і так будзе. Чуткі — ідуць войскі з усіх бакоў.

Бачко. Канчаць гэтых, дый...

Агна. Досыць забойстваў. Вайна — гэта так. Але досыць забойстваў (засланяе сабой Данавана з сынам). Хто першы падыдзе?

Данаван. Трымайся, Раймунд. Трымайся, хлопец. Пакажы ім. Не толькі яны смелыя.

Уваходзяць Вецер і Надзея.

Вецер. Апошніх наздагналі... А-а, яшчэ гэтыя.

Надзея. Васіль, не трэ...

Вецер. Апошнія два...

Ён такі страшны, што ўсе падаліся назад.

Раймунд. Та-татачка. Прыйшла наша смерць!

Вецер (правёў далонню па абліччы, ціха). Не, сынок. Прыйшло ваша жыццё. Адпусці іх, Вашчыла. І не бяры з яго слова, што не падыме на нас зброю. Няма Слова ў таго, што ваюе з дзецьмі. І ўсё ж... Хай ідуць, Вашчыла.

Вашчыла (гледзячы ў зямлю). Хай ідуць.

Данаван з сынам ідуць. Данаван спыняецца, уздыхае і кідае Ветру да ног уламак мяча. Выйшлі.

Нашто ты так?

Вецер. Я ведаю, што такое смяротная туга, браце. Дзеля астатніх тое, што сёння,— свята. Падумаць, яны, моцныя, непераможныя, як бог, жорсткія, яны ўцякалі ад нас, аж абганяючы свой жа крык. А для мяне гэта — туга.

Агна. Бог мой!

Вецер. Пане мой божа? Ты? Нашто?

Агна. Час выпрабавання прыйшоў да нас. Цяжкі час. У цябе ўсё добра?

Вецер. Так.

Агна. І ў цябе, дочухна?

Надзея (памкнулася да яе). Як жа не добра, калі ты нас звяла. І ён самы смелы за ўсіх?

Агна. А ты не думаеш, што ён проста шукае смерці?

Вецер. Я нават яе шукаць не маю права. Праз вось яе (паказвае на Надзею). Нічога ў мяне няма. Я нават і смеласцю ганарыцца не магу. Яна не мая. Яна твая... Ну, дзень добры.

Агна. Не дакранайся. Пакуль не скажу. І ты, дачка, адыдзі. Яшчэ няўчасна. У замку сядзіць Цялецкі.

Усе пераглядаюцца, нічога не разумеючы. І ўсім чамусьці цяжка.

Лаўрэн паспрабаваў перабіць гэты настрой.

Лаўрэн. Хай сядзіць. Антох, га Антох!

Антох. Чаго?

Лаўрэн. А ці не до ўжо дурня строіць? Невядома, ці будзем жывыя. Вось баба поруч: цягавітая, як мурашачка, спеўная, як зязюлечка, а... спінаю, ну як печка. Дык абвянчай мяне з гэтай вось заразай. Яна ж, людзі...

 

Усе жонкі дрэнна йдуць,

Мая жонка — добра йдзець.

Мая жонка — добра йдзець,

Круціць задам, як мядзведзь.

 

Усе зарагаталі. Але Агна гне сваё.

Агна. Там абвянчаецеся.

Магда. Ды ці пайду я яшчэ за гэткі недатопак?

Лаўрэн. А мая ж ты дзюбачка. А хай жа ж я з лапаць, абы за мной не плакаць.

Агна. Абвянчаецеся там (у яе тоне ўладная, гіпнатычная, няўхільная сіла). А там пакуль што Цялецкі сядзіць. З гарматамі. І з усіх бакоў войска ідзе. Пакуль не ачомаліся — трэба браць замак, сядзець там як цвік, мець апору.

Вашчыла. А калі адаб’юць?

Агна. Адкуль? Яны не чакаюць. І вось пакуль не чакаюць... Ну, а калі адаб'юць — збірацца ўсім пад Царкавішчамі, куды ідзе мужыцкая сіла, уздымаць яе і абкласці замак. Каб муха не праляцела. Зморам узяць.

Вашчыла. Іван, ганцоў туды. Але думаю, што замак мы зараз возьмем. Знянацку.

Поп замуляўся.

Ты што, поп?

Поп. Так, нешта млосна. Задуха тут.

Прабіраецца да ўвахода.

Бачко. Там, у замку, гарматы... Ты куды, поп?

Поп. Млосна нешта.

Выходзіць.

Лаўрэн. Браць! Браць замак. Як на вяселле пайду, каб хутчэй. І сапраўды ж вяселле.

Магда. Во, як на злом галавы.

Вашчыла. У нас гэта заўжды так.

Карпач. Браць замак. Неадкладна, пакуль не спахапіліся.

Ілья. Каб гарматны адпор зрабіць — час патрэбен. (Дастае з сумкі пясочны гадзіннік, ставіць на стойку.) У мяне яны назапашвалі зелле і ядры і самі былі гатовыя ля гармат — вось пакуль пясок не перасыплецца. Тады я лічыў, што вучэнне прайшло добра.

Карпач. Ай, татка! Гарматнікі твае ў Магілёў паехалі па зелле. А там вучні, свежанабраныя.

Ілья. Тое і кепска, што свежыя. Свае страляць бы не сталі. І кепска тое, што я зараз не там. Дарэмна я ад іх пайшоў з вамі на поле, перачніца старая. Многа з мяне было тут карысці. А там я і гэтым не даў бы стаць ля гармат.

Антох (раптам, нібы ўражаны чымсьці). Людзі. Стой. Дзе поп?

Яўхім. А што раптам поп?

Антох. Н-не ведаю. Як стукнула. Поп дзе?

З’яўляецца поп з Бесавічаў, чарпануў з рукамыйніка вады, плюхнуў на твар.

Поп. Тут поп. Чаго ты лопаіссі?

Магда. Што з табой?

Поп. Збляваў — лягчэй стала.

Магда. Ясна. Столькі крыві бачыць — як не бляваць? Вечна ты, Антох...

Вашчыла. Адразу ж на замак. З боку Сажа не йсці — далёка відаць. Ты, Іван, пойдзеш з боку Крывічанкі... Ты, Вецер, Лаўрэн і Стэсь павядзеце людзей як мага больш ціха і скрытна праз роў на валы вось тут, крыху правей карчмы.

Магда. І карчму па прычыне скрытнасці раскідаць на мост не трэба. А я б на такі выпадак з радасцю б сама раскідала.

Лаўрэн. Ух ты, мая півонька!

Магда. Укараці лапы.

Вецер (збіраючыся). Маці, нашто ты тут?

Агна. Даведаешся пасля. Ідзіце.

Антох. Ну, я наперадзе з крыжам. Толькі вы... гэта... ведайце, гэта больш для парадку. Казаў табе бог, каб сабе сам памог.

Выходзяць. Цякуць імгненні. Магда і Агна маўчаць, і маўчанне ўжо нясцерпнае. Зарыва за вокнамі: нешта загарэлася.

Магда. Лаўрэн вяселле правіць.

Агна. Не. Не паспелі б яны яшчэ нічога падпаліць. Дый не трэба ім. І гэта кепска, вельмі кепска. І ці не замкавыя гэта самі падпалілі, каб поле асвятліць?

Магда. Адкуль ім ведаць?

Агна. Кепска. Цяжкае будзе вяселле. Кепска, вельмі кепска.

Магда. Ды — не — кар-кай!

Надзея (вяртаючыся). Пасадзіла на каня. Пайшлі. І адышлі недалёка, а ля замка нешта як шугне, як запалае. (Паўза.) Маці, ты не гаруй. Хай табе не баліць ні за яго, ні за мяне. Не было б у нас так добра, каб не тое, што шчасце наша адмеранае і кароткае, як дзіцячы пальчык. А так ён мне і я яму — усё. Бо абапірацца нам толькі адно на аднаго. Бо мы адны і нікога больш, акрамя цябе, у нас няма і не будзе. Сонца згары, неба трэсні, зямля раскаліся — нам горш, чым цяпер, не будзе. Бо кожная хвіліна мая з ім — як апошняя. І таму трэба ўсю душу аддаваць, бо «праз гадзіну» можа і не быць. Дзякуй, матуля! Жыццё сплывае...

Агна. Пясок сплывае. Апошнія пясчынкі.

Магда. Ціха!.. Чуеце!..

Здалёк нястройны шум, а затым уздымаецца рык соцень галасоў:

«Край! Край! Наш!.. Наш!.. Наш горад!!!»

Агна. Усё. Сплыў пясок.

У гэты момант, перакрываючы ўсё, выбухае пякельны рык. Затрэсліся, закалаціліся сцены, дзынкнула ў вокнах шкло. Над усім светам раве наканаваны, пякельны, хаўтурны пярун. Ва ўсю глотку, дзіка, як нямы сатана.

Надзея. Што гэта?

Магда. Пярун з яснага неба?

Агна. Гэта гарматы.

Усе падышлі да акна, за якім злавесна скача зарыва.

Магда. Б’юць ва ўпор у натоўп.

Надзея. Падаюць! Падаюць! Божа, заслані іх!

Магда. Ля гармат б’юцца. Каша.

Агна. Б’юць з вокан палаца! Паспелі колькі там гармат туды ўсцягнуць!

Натужлівы, на апошнім дыханні, пагрозлівы рык гармат.

Магда. Бягуць!

Надзея. Бог мой, бягуць!

Агна. Так, бягуць. (Паўза.) Што ж, дарэмная ахвяра?.. Ну не, хай да скону вякоў ведаюць: мы ніколі не гінулі. Ніколі не гінем дарэмна.

У дзверы ўвальваюцца ўдзельнікі няўдалага штурму: усе выкачаныя, твары ў парахавым куродыме, сёй-той паранены.

Вашчыла (у дзвярах). Гэй там, падбіраць параненых. Каб ніводнага жывога ім у рукі. Убачыце, цягнуць некага — дзесяць ляжце касцямі, а выручыце аднаго.

Агна. І што?

Бачко. Патрапалі нас.

Карпач. Адбілі.

Яўхім. Гэта ўсё.

Вашчыла. Не, гэта не ўсё. Адыходзім пад Царкавішча. Збіраем усіх.

Поп. Пад Царкавішча?

Вецер. Там збіраюцца з усіх бакоў.

Вашчыла. І ўсе абкладзем горад. Зморам возьмем.

Лаўрэн. Ясна, возьмем. Спалох тут развялі. Якое тут усё? Мы з іх яшчэ тэльбух вытрасем (ірвануў рукаў). Зачапіла-такі (да Магды). Пасунь сваю тоўстую паню, дай сесці. Не адну цябе ногі не трымаюць.

Вецер. І мяне зачапіла.

Яўхім. Дай перавяжу. Пляваць на гэты праклён. Усё адно канец.

Надзея. Не. (Перавязвае Ветру плячо.)

Вецер. Не, нам не канец. Мы яшчэ вернемся з-пад Царкавішча (устае). Хлопцы, я не патрабую ў вас клясціся ў любові да Крычава, Пасожжа, Падняпроўя, усёй нашай зямлі... Я проста хачу спытаць у вас, ці дарэмна вас нарадзілі вашы маці?

Людзі моўчкі нацягнуліся да выхаду. Выйшлі. За акном сумятня, стук падкоў.

Ты — недарэмна, маці. Давяду ўсім на свеце.

Пайшоў. Стук капытоў. Стрыманая песня:

 

Ой, едзь, сынку, мой Васільку, ды не аглядайся,

За год, за два, за тры, за чатыры назад варачайся.

О бог знае, бог ведае, калі вярнуся,

На двары, двары шырокім мой конь спатыкнуўся.

 

Сціхла песня. Агня і Магда адны.

Агна. Бывай, сынок.

Магда. Ды што вы гэта, нібы ў палонцы седзіцё?

Агна. Веры ў добры канец няма. Няма веры, Магда. І я нават не магу яму сказаць, што праклён з яго зняты, што праклятая — гэта я. Хай ён і надалей страшыць ворагаў і хлуслівых сяброў. Без гэтага ён можа часам злітавацца з сябе, а ён павінен быць не Ветрам, ён павінен быць сынам урагану. (Паўза.) І ўсё ж я праклінаю тое, што зрабіла. Такое глупства — Крычаў, добрае імя, памяць мёртвых. Дзеля гэтага забіць хоць у адным чалавеку радасць?.. Я ўсяго слабая жанчына, Магда... І нельга нават, каб ты мяне пашкадавала... Пракляты будзь той дзень.

Магда. Ты мацуйся. Я не ведаю, што з табою, які гэта праклён, але я веру табе. Мацуйся, маці ўрагану.

 

1 Абрад асвячэння зброі запісаны па памяці, могуць быць збоі, трэба кансультацыя. Толькі спевы — каб разумелі — патрэбныя не стараславянскія, тым больш што XVIII стагоддзе (уніяты) малілася па-беларуску. Можна мяняць тэксты месцамі, але так, каб напружанне вырастала. І яшчэ, каб у гледачоў дрыжэлі сэрцы.

Дзея трэцяя

 

Карціна сёмая

Ноч на 26 студзеня 1744 года. Поле пад Царкавішчамі. Сям-там гараць на ім вогнішчы. Справа — памяшканне напаўразбітай капліцы з вузкімі байніцамі акон. Тут, на каменных плітах падлогі, таксама гарыць вогнішча. Да вонкавага мура капліцы прыткнулася нейкая пабудова: капліца не дзейнічае так даўно, што нехта палічыў за магчымае прыбудаваць да яе летні крыты загон для быдла. Паўсюль безнадзейнае запусценне, на якое глядзіць з адзінага, што збераглося ў капліцы,— з распяцця,— Хрыстос. У капліцы сядзяць ля вогнішча Вашчыла Васіль і Васка Ветры, Надзея, дудар Яўхім Хмыз, Іван і Ілья Карпачы, Антох, Лаўрэн і Бачко.

Яўхім (спявае).

 

Завея над хатамі свішча,

Вакол на ўзгорках ваўкі.

На полі пад Царкавішчамі

Мужыцкія сталі палкі.

І кліча груган груганятаў

На палеткі заўтрашніх сеч.

У магнатаў гарматы і латы,

У нас — толькі ісціны меч.

Але вера наша і гордасць,

Славы божай іскра адна

Спапяліць вашы п’яныя морды.

Чуеш, Князь-Сатана?

Так жарэ яго сэрца нянавісць бяссілля,

Што пажэр бы цябе ён, мужыцкі кароль,

Як пажэр ужо край свой, і продкаў магілы,

І народа свайго сіроцтва і боль.

 

Вашчыла. Які я кароль? Нашто мне гэта?

Ілья. Праўду кажа. Сілы ў нас, як у караля. Нашага караля. У Варшаве.

Вашчыла. Гэта праўда. Чатыры тысячы слаба ўзброеных людзей. Сапраўды, кароль.

У прыбудове-загоне поп з Бесавічаў ціха нешта гаворыць Цялецкаму, захутанаму ў плашч.

Поп. ...Вось так. Які ён кароль? Чатыры тысячы людзей.

Цялецкі. Многа. У Пястжэцкага каля дзевяцісот чалавек.

Поп. Узброеных да зубоў. Дзвесце пяхоты, сто пяцьдзесят конных казакоў і пяцьсот з гакам гусараў. Ды твае людзі. Ды яшчэ чатыры твае гарматы і гарматы з крычаўскіх муроў.

Цялецкі. Усё адно мала.

Поп. Заўтра яны выступяць. Перадай палкоўніку, ёсць план аблогі горада. Калі закрыецеся там — возьмуць зморам. Адзіная ваша надзея — апярэдзіць. Зараз. Знянацку. Неспадзеўкі. Ноччу. Вы ж на падыходзе. Унь там галоўныя сілы мужыцкага табара. Як снег на галаву. І яны ж без гармат. Здыміце каравул ля Воўчага Яра і — ярам у самы цэнтр табара.

Цялецкі. Не папом бы табе, а палкоўнікам. Аднаго не разумею — ты чаго пнешся? Табе якая карысць?

Поп. Вашчыла хоча, каб князі ў зрэб’і хадзілі. Усе. А каб усе папы былі — як Антох. А роўнасць — дзе ты яе бачыў? Святыя на іконах — у парчы.

Цялецкі. А Хрыстос на крыжы — голы.

Поп. А хто нармальны хоча на крыж?

Цялецкі. Ну так, папом быць лепей... нават у Бесавічах... Іду.

Пайшоў. Поп заходзіць у капліцу.

Антох. Ты дзе цягаўся?

Васка. Адвяжыся ад яго, смала.

Антох. Святы стаў. Анёл!

Васка. Калі ж чортам быць абрыдла.

Антох. Калі табе дазарэзу прахвост патрэбен — ты ведаеш, як яго шукаць?

Лаўрэн. Ну.

Антох. Ідзі ў касцёл або царкву і глядзі, хто там шырэй за ўсіх хрысціцца. Бяры. Не памылішся.

Поп. Гэта наш абавязак хрысціцца... (Крыва.) Нас з табою і возьмуць.

Антох. Ты мяне да сябе прыпражным не бяры.

Вашчыла. Ну до, до... Значыць, так, людзі, заўтра выступаем. Нас чатыры тысячы ды ў Крычаве прыдатных да зброі знойдзецца столькі ж. Карпач, каравулы праверыў?

Карпач. Праверыў. І перад імі хаця б чый след.

Ілья. Які след? Завея мяце. І пройдзе нехта — міргні вокам і ўжо не відаць.

Поп. Хто ў такую завіруху куды палезе? Спяць на печках.

Вашчыла. Усё ж трэба яшчэ прайсці. І асабліва ля Воўчага Яра. Ідзі туды... ну хаця ты, Ілья.

Поп. І я з ім.

Антох. Я пайду.

Вашчыла. Вы там перасабачыцеся. Ты, Антох, ідзі лепей з Бачком і Ветрам на ўсходнюю лінію вазоў. Вы, Карпач з Яўхімам, на лінію Мікіты з Барсукоў. Ну, а я з Васкам ды Лаўрэнам праверым з боку Сажа. Рушылі.

Разыходзяцца ўсе, акрамя Надзеі, якая зараджае і раскладае на лаве пісталеты. Дзесятка паўтара.

Надзея. I пораху няшмат. У Крычаве порах. Куды ні кінь, адна дарога, Крычаў.

Вяртаецца поп з Бесавічаў.

Ты што так скора, айцец?

Поп. А Ілья адзін пайшоў. Мне сказаў вяртацца і не кідаць цябе адну. Каб бярог.

Надзея. Мяне страх беражэ. Лепей, чым што.

Поп. Ды што, урэшце, з табою і з Ветрам такое?

Надзея. А ты спытай, як скончыў войт з Ківаверцаў.

Поп. Страх з ім скончыў. А іншага, можа, нічога й няма.

Надзея. Паспрабуй.

Поп. Ну, не. На ўсякі выпадак не буду.

Надзея. І правільна зробіш.

Поп. І вораг памрэ, калі дакранецца?

Надзея. І ён.

Абтрасаючы бурку, заходзіць Агна Вецер.

Ты?

Агна. Дзе сын?

Надзея. На пасты пайшоў. Што такое?

Агна. Пястжэцкі яшчэ ўдзень рушыў з усімі сіламі на Царкавішчы. Папярэдзь Васіля і Вашчылу.

Поп. Я папярэджу (выходзіць).

Надзея. А вы ж як?

Агна. А мы пайшлі папярэдзіць вас ды збіліся. Блукалі. А пасля ўбачылі след, што вёў з вашага табара. Напаўзанесены. Па ім і прыйшлі.

Надзея. А як жа каравулы мінулі?

Агна. А не было ніякага каравула. Выбіліся па следу акурат на Воўчы Яр.

Надзея. Чакай. Там жа самы моцны каравул. Туды Ілья пайшоў. Папа назад адаслаў. Ой, нешта нядобрае. Ой, маці, нядобра!

І тут яны замерлі, бо спачатку наводдаль, а пасля бліжэй і бліжэй, з усіх бакоў пачуўся крык, тупат ног, ярасны ляск сталі аб сталь, ломат мячоў, а пасля гул гармат. Вялікага мноства гармат, у акружэнні якіх зараз яны.

Агна. Спазніліся. Усё.

Грукат — адкінуў дзверы, і ў капліцу ўварвалася завіруха, забіўся, затрапятаў агонь. Пасля ў праём упаўзае з акрываўленай галавою Ілья Карпач.

Ілья. Ярам прайшлі. Табар штурмуюць. Мяне аглу... (Траціць прытомнасць.)

Агна (бярэ пісталет). Бяры і ты.

Чакаюць. Несамавіты, вар’яцкі, безупынны гул гармат. Нема крычыць сама зямля.

Надзея. Нібы пекла раскрылася.

Агна. Бегчы трэба. Адкуль прыйшлі — там іх зараз няма. Коні за прыбудовай. Бяжыце.

Надзея. Куды нам бегчы, асуджаным? Ад каго? Ад сябе?

Агна. Якія вы асуджаныя? Якія вы да д’ябла асуджаныя?! Хто асуджаны — ведаю. А вы — не!

Надзея. Не разумею.

Агна. Зразумееш. Шукай яго. Усё яшчэ наперадзе ў вас.

Адстрэльваючыся, збіраюцца ў капліцы ўсе, што спачатку былі тут.

Вашчыла. Усе тут? Усе. Хаця ненадоўга, а ўсе.

Сціхнулі гарматы, але страляніна мацнее.

Ненадоўга. Што ж, дзешава яны нас не возьмуць. Зараджайце ўсё, што ёсць. У каго колькі пісталетаў?

Галасы: Адзін... тры... два... тры... адзін...

Поп. У мяне два. Дзве кулі. Так і загінеш.

Агна. Не трэба гінуць. Яр вольны ад іх. Коней завадных — пятнаццаць. Вось, праз прыбудову. Вы можаце яшчэ зноў пачаць. Гэта не канец.

Вецер. Астатнія хай бягуць. Мне — нашто?

Агна. Нічога ты не ведаеш, дурню. Ты...

У гэты момант знадворку рвануў залп, замалаціла па мурах і атынкоўцы. Сёй-той страляе ў адказ у праём дзвярэй. Страляе з абодвух пісталетаў і поп. Прыцэльна. Не ў дзверы. Цішыня.

Карпач. Параненыя ёсць?

Вашчыла (трымаючыся за плячо). Я... Я, здаецца, адваяваўся.

Вецер. Дурань, ты толькі пачынаеш ваяваць. Не сёння дык заўтра зноў пачнеш. Уцякайце! Добра, што аднаго цябе зачапіла.

Гамана. Усе спяшаюцца да лазу.

Больш нікога. Надзея... Надзея!

Кінуўся да яе. Тая ляжыць нерухома.

Вецер. Надзея! (Прыўзняў ёй галаву.)

Надзея. Няма... надзеі... Шчаслівая... І бог з намі... І я з табой... Ва ўсе дні да сканчэння веку.

Дудар. Усё.

Агна (як праз сон). Не, цяпер я не скажу яму. Як гэта яму будзе. Ведаючы. Пакінуць яе адну... Цяпер я знікну. Чаму — не пытай. Трэба.

Вецер. Я цябе не пакіну. Не. Вы ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Агна. Благаславенне чалавечае з табой.

Вецер. Ідзіце. Мы прыкрыем вас.

Усе выбіраюцца праз прыбудову. Выносяць параненага Вашчылу.

Вецер падцягвае да дзвярэй пацурбалкі і дошкі. Стаў ля дзвярэй. Пасля, пачуўшы ўдары сталі, выглянуў у байніцу.

Перастрэлі... Вось, хапаюць кагосьці... Не, прарваліся... Частка прарвалася ўсё ж.

Голас Пястжэцкага (за сцэнай.) Вашчыла, здавайся.

Вецер (страляючы ў адказ, бурчыць сам сабе). Чорта б вы выпусцілі тых, каб не думалі, што Васіль тут. Пагналіся б усім палком.

Некалькі стрэлаў, і зноў ціха. Вецер узводзіць ля дзвярэй барыкаду. Моўчкі. І ўвесь час гучыць і гучыць у ягоных вушах голас Дудара:

 

Везлі ў Крычаў палонных скутых...

Паўсюль, як страшныя сны,

Глухія і безнадзейныя

Пажары вёсак начных.

Панства сабрала сілу

І там, каля Сожа-ракі,

Жалезам сваім раздушыла

Яно мужыкоў палкі.

Не было ў тыя дні адлігі,

Але ў першы раз на зямлі

Ад крыві нашай вогненнай крыгі

Па Сожы ў Дняпро паплылі.

І ўцякалі людзі па звею,

А вакол снягі і ільды,

І завея, завея, завея, завея

Космамі снегу

Лізала, залізвала іх сляды.

Кроў на лёдзе гарэла расная,

Трушчыў косці ім крыгаход.

О, радзіма мая няшчасная!

О, мой бедны народ!

 

Сціхнуў голас. Вецер паставіў лаўку, расклаў на ёй пісталеты, падцягнуў цела Надзеі да агню і лёг побач з ёй, замёр.

Голас Пястжэцкага. Вашчыла, здавайся!

Вецер страляе ў адказ. Перастрэлка. Цішыня.

Вецер. Баліць табе? Не... табе ўжо не баліць. Я так і не сказаў... І што я даў табе, акрамя холаду?! (Страляе.) Нічога, мы затрымаем іх. (Мосціць яе бліжэй да агню.) Бедная. Цёпла табе?

Стрэлы.

Цёпла... Цёпла табе.

 

Карціна восьмая

У цемры вядзе песню хор мужчынскіх галасоў:

 

Сядзеў крумкач на магіле,

Дый каркнуў шалёна.

Наша слава, наша воля

У палоне, ў палоне.

Наша сонца ў кайданах,

Доля ўмерла ад ранаў.

Наша зброя, наша воля

Пабіты, зламаны.

 

Святлее. Вядуць песню людзі, кінутыя ў сутарэнне Крычаўскага замка. Хто сядзіць, хто ляжыць без усякай змогі ўстаць.

Кат (зверху сходаў, што вядуць у сутарэнне). Ды канчайце. Усю душу на шматкі падзерлі.

Лаўрэн. Гэта ты нас... На шматкі. Дзёгаць ты чорны, шыя твая як халява. Толькі цягаеш людзей, як дурань дзверы. Узрадаваўся.

Кат. Вялікая гэта мне, думаеш, радасць? Загад. Не зробіш — са ўсіх маіх скуры злупяць. А яны... Кожную раніцу цягнуцца сюды, як казіная смерць. Рыгаць хочацца. Вы ўжо не таіце злога, хлопцы.

Лаўрэн. Ды мы не таім. Што ўжо тут псяр, як загадвае цар.

Карпач (пасля паўзы). Хто ўратаваўся?

Лаўрэн. Пісар, Стэся Бачко сын, Агна Вецер, Яўхім Хмыз, Васка Вецер, твой бацька Ілья, поп з Бесавічаў.

Карпач. Бацька, перад тым як нас схапілі, казаў: аглавушыў яго доўбняй і ворага ў стан пусціў, зняўшы каравул, гэны з Бесавічаў. Не лічы яго.

Лаўрэн. ...Айцец Антох Крапіла... І вось што, галава ўратаваная. Васіль Вашчыла з братам Багданам уцяклі праз Цімошкаўскі фарпост на Украіну.

Карпач. Значыць, не ўсё яшчэ згубілі. Шмат уратавалася. І лічы, што ўратаваўся — смерцю сваёю — Васіль Вецер.

Вартавыя, Цялецкі і Кат уводзяць у сутарэнне Васіля Ветра.

Т-та-ак, паспяшаліся мы цябе запісаць ва ўратаваныя. Думалі — памёр.

Цялецкі. І я мысліў, што памёр. Страляў, як ашалелы. Сціхнуў. Ну, думаю, са духам святым. Аж калі ўварваліся — аглушаны. Ну, бабе нічога ўжо не дапаможа. Непрытомны, а ледзь адарвалі. А Вашчылы няма. Прыкрыў, чорт гэны. Гэта ён нас як мокрай анучай па зубах. Каб не ты, чорт шалёны,— галаву ўзялі б. (Замахваецца.)

Вецер (стома ягоная і безнадзейнасць жахлівая). Ты на смерць сваю замахніся, гіцаль.

Цялецкі адступіў.

Мне ўсё адно. Але ты войта ўспомні. А мне... нашто мне ўсё? Вось Васіль уратаваўся — гэта як бог радасць паслаў... Вы што, хлопцы, катаваннем зламаныя?

Карпач. Анягож. Гэй, цялецкае рыла, князь прыпоўз?

Цялецкі. Прыбыў. З трыма сотнямі. І гэта значыць — канец вам. Нядоўга. Ды нашто тры сотні? Спакойна ўжо тут. Хто ўцёк, хто ў лесе... Кат, што там за гарлаграй?

Варта з Пястжэцкім прыводзяць Васку Ветра і Папа Антоха.

Пястжэцкі. Вось вам яшчэ да кампаніі. Самі прыцягнуліся, як п’яныя па пляшку.

Выходзяць усе, акрамя Ката. Маўчанне.

Вецер. Нашто вы?

Васка. Не адпакутавана.

Антох. З бяздоні пекла клікнулі вы...

Вецер. Дурасць. Жывыя Вашчылу б вы болей спатрэбіліся. І ты, Васка, сваю пакуту лепей збыў бы, чысцячы іх па зубах.

Кат. Прытрымайце язык.

Лаўрэн. А чаго нам цябе саромецца. Ты ўжо нам як свой чалавек, хатні.

Кат (азірнуўшыся). Хлопцы, хоць частку маёй правіны... Кажуць, Радзівіл Вашчылу патрабаваў выдаць, ды яго ўжо адаслалі ў Кіеў. Але каб і быў, то выдаць яго не маглі без указу царыцы. Аб чым і адказаў у лісце да князя капітан Цімошкаўскага фарпоста Селядзец Папоў.

Антох. Маліць буду за царыцу.

Карпач. Ты памаліся, як яна, сучка, Пятрова кроткая дшчэр, нас выдала. Уцяклі ж — выдала. Мяне, ды Мікіту з Бараўкоў, ды Навума Буяна, ды іншых. Ды як нам, перад тым як выдаць, сто кнутоў выдалі (ай тут сто бізуноў). Ды унь Мікіту з Бараўкоў язык адціснулі, бо імперыю ды імператрыцу лаяў... Так што дарма прыйшоў, Антох.

Антох. Няўжо вы думалі, што я кіну вас у пекле, дзеці?

Васка. Шмат ты грахоў царквы гэтым адмаліў. Нават я пашкадаваў.

Антох. Ды я ведаю, як ты апраўдваўся: «Я не грэшнік. Ці я ў царкву калі хаджу, ці карчму мінаю?»

Лаўрэн. Проста мучыўся. Манах. Аскет.

Рогат.

Кат. Ціха.

Карпач. Ціха, як поўху ўдарыўшы.

У святле паходняў заходзіць князь Геранім, Каршук, Капітан Гран Мушкецёраў, Цялецкі, Пястжэцкі, Пёкур, поп з Бесавічаў.

Радзівіл. Ого. Ды ў вас тут ве-се-весела.

Лаўрэн. Ну, ве-ве-весялей, чым у тваім палацы. Што ж нам, слязьмі залівацца?

Карпач. Божа, колькі іх?! Усё кодла.

Вецер. Не. Дзе Данаван?

Пёкур. Яго няма болей... на службе ў князя. Захацеў усё разам, і службу і сумленне. Дудкі! У нас такая планета, што ўжо нешта адно...

Карпач. Ясна, куды яму сярод такога хаўрусу. Усё ж адносна прыстойны.

Лаўрэн. Цікава, колькі ж у гэтым прытоне дурных?

Карпач. Лягчэй сказаць, колькі ў ім разумных. Адзін быў Данаван, дый той...

Рогат.

Радзівіл. Др-дрэнны смех. Пястжэцкі, колькі ты іх адразу пад Царкавішчам?

Пястжэцкі. Дзвесце забітых, безліч параненых, сто семдзесят шэсць у палон.

Радзівіл. Вось аб тых, параненых, і тых, што ў палон.

Пястжэцкі. Ну-у. Пагарачыўся трохі. Шэсць дзясяткаў адразу на палі, ды на шыбеніцы, ды абсадзіў на крук.

Капітан. Ды пад Крычавам палонных семдзесят сем. Суд.

Каршук. І чаго было зброю хапаць? Вось ваш найяснейшы і справядлівы князь замест прымусовай працы на будах будзе браць грашовы чын. Зняў абмежаванні ў сялянскім гандлі, а вы. ЬІ-ы- ы-ы, ён абяцае староства не здаваць у арэнду, а вы гэтактак? Вось і на калы. І вам тое будзе. А да таго...

Вецер. Ведаем, кінь звягаць.

Радзівіл. Уратавальнік Вашчылы? Не памёр?

Цялецкі. І я думаў, памёр, аж — аглушаны.

Вецер. Я загавораны. Не памёр. Хаця лепей было б.

Радзівіл. І ў Санкт-Піцербурху, і ў Кіеве, і тут — паўсюль вам ворагі. Усе па-памрэце. І іншага лёсу, іншага вы-выхаду вам няма.

Вецер. Ёсць. Добрая слава. Душы, якіх не стопчаш. Людзі, што супакутваюць нам.

Каршук. Дуж-жа супакутваюць. Вось цябе, Карпач, білі і на царскім і на нашым баку і унь яму, Мікіту, браты на тым баку язык адціснулі. Што, духам палі?

Карпач. Слухай, Мікіта, во каб нам гэта ў царыцы ды ў караля тую заціскачку ды тыя бізуны пазычыць. Я-ак бы яны для нашых жонак прыдаліся б ды спатрэбіліся (рогат). А то ж, бывала, як загавораць — ну, галава як Нясвіжскі касцельны кумпал — хаця ты з хаты ўцякай (рогат). А тут ледзь пачне звягаць — мы б ім гэтым самым, ды за язык, ды па тоўстым азадку.

Мікіта нема рагоча.

Поп. Пасаромеліся б хаця перад таінствам смерці. Нічога чалавечага ў вас няма.

Антох. Гэта ў цябе няма. А ў нас ёсць. Вось гэты рогат. Я б цябе сваімі рукамі... (І заспяваў.) «...Нечасцівы Іуда, срэбралюбствам заражаны, звар’яцеў і вось здраджвае беззаконным суддзям цябе, праведны суддзя... Глядзіце, збіральнікі маёнткаў, на таго, хто ўдавіўся праз іх».

Радзівіл. Хадзі сюды, Вецер.

Той падыходзіць. Наступная размова ідзе амаль без голасу і вельмі значна.

Гэта та-табе апошні шанц. Апошняя сцежка да выйсця.

Вецер. Аб чым ты?

Радзівіл. Ты. Яны — зра-зра-зумела. Яны — чэрнь. Але ты? Як ты з імі, высокапісьменны? Додо-добры. Пальцам нікога не зачапіў — пагромшчык. Кніжнік — з падпальшчыкамі кніг. Яны ж спалілі разам з даўгавымі і проста кнігі. Розныя. Не разбіраючыся па цемры сваёй. Учынілі пажар — да неба.

Вецер. Што ж, калі іх вымусілі. Кнігі? Ну так. Некаторыя з іх думалі, па непісьменнасці сваёй: няма чаго пісаць. Раз піша — так і лічы, што падман або данос. Але гэта таму, што ў іх забралі святло. Вы адабралі. То з кім мне быць? З дзікунамі? З табою, князь-сатана?

Радзівіл. Ты, высокі кніжнік — з забойцамі?

Вецер. Паўтараю: а з кім мне? Я ўсё адно адрынуты ўсімі. Я магу-у сказаць ім: вы мне чужыя. Чужыя са сваімі пагромамі, грубіянствам, нянавісцю да кніг. І гэта будзе праўда. Але гэта я табе кажу, князь, што ўзнёсся над усімі, а нос задзёр яшчэ вышэй, скажу, каб запомніў ты гэта да канца клятага богам твайго жыцця. Што трэба быць за звычайных, сярэдніх, простых, нават калі пагарджаеш імі, нават калі на сто галоў вышэй. Ім я гэтага не скажу. (Уголас.) Я з вамі памру, людзі.

Антох (зразумеўшы). «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку».

Радзівіл. Бач, проста як бог. (Пёкуру.) А што скажа твой бог?

Пёкур (дужа спакойна). А ён нічога не скажа. Бо гэта не ён стварыў сатану. Бо калі ён стварыў, то павінен быў бы ведаць, колькі будзе мець з ім непрыемнасцяў. І, калі ўсё ж ён стварыў,— нашто ён мне, такі непрадбачлівы?.. Не, не ён стварыў. Спрадвечна існуе два супрацьлеглыя, варожыя пачаткі: прычына ўсяго добрага і прычына ўсяго злога. Роўныя яны па сіле, ніхто не пераможа. Ідзі да таго, да каго цябе цягнуць унутраныя схільнасці. (Усміхаецца.) Вось бог. А вось сатана. Бог даў табе свабоду волі. Выбірай.

Радзівіл. А калі і туды і туды цягне?

Пёкур. І там і там будуць радавацца.

Радзівіл. Значыць, чаго Мая Нага захоча?

Пёкур. Ну. Гэта ж і ёсць твая сутнасць.

Радзівіл. Бадай што гэта па мне... Страшны ты чалавек.

Вецер. Ён — я не ведаю чыё стварэнне, калі такое гаворыць. А цябе, прынамсі так кажуць, бог стварыў. А ў яго ёсць пекла: хвіліна смерці, калі ў жыцці ўжо нічога-нічога нельга змяніць. І ты памрэш голы. Адзін. А я памру з людзьмі.

Радзівіл. Ты памрэш страшнай смерцю, Вецер.

Васка. Што вы прычапіліся да яго? Я Вецер! Усе ведаюць, што гэта я, Васіль Вецер! Які падпальваў і граміў!

Радзівіл. Не, Васіль — гэта ён. Ты — Васка. Ты граміў, гэны — думаў. Ты — толькі доўбня ў руцэ. А найгоршы ён, які не граміў. Ён, ды яшчэ гэты рагатун Карпач, бо-бо-бо гэта ненатуральна, рагатаць, калі над табою стаіць смерць. Я-я-я!

Карпач. Смерць. Пакуль сам не памрэш. Бо яна ж неўміручая. А ты будзеш смярдзець, як усе. І слабыя яшчэ ў цябе кішкі, каб не толькі што над Ёю ўзвысіцца, але й рагатаць з Яе. Як я.

Васка. І я... Княжа... І я з імі...

Радзівіл. Добранька. І т-т-ты. То-толькі ка-калі даведаешся, як ты будзеш паміраць, ты памрэш тройчы.

Васка. Пляваць. Браце Вецер. Выкупіць. Аднаго прашу. Бо помню, як ты хацеў падаць мне руку, а ахвяры маёй — не хацеў. Браце, цяпер усё адно. Хаця цяпер... падай мне руку... Не, стой, Вецер... Яны ж падумаюць, што я лёгкай смерці шукаю, танна хачу адкупіцца... Ты здалёк благаславі мяне. А пойдзем — разам.

Вецер з адлегласці благаслаўляе яго.

Радзівіл. Аб чым гэта яны?

Капітан. Не ведаю. Забабоны нейкія. Дзікуны.

Радзівіл. Я думаю, ты, Вецер,— і гэта за нашу з табой размову,— і ты, Карпач,— за дзёрзкасць і крайнюю непавагу. І ты, Васка, бо надта ж прасіўся з імі. (Паўза.) У мяне харошая зграя сабачая ёсць. Абвучаная спецыяльна на мядзведзя. Кожны бярэ мядзведзя адзін на адзін. Вось мы вас у шкуры мядзведжыя зашыем і... Пасярэдзіне Крычава. Відовішча, якіх мала! Каму папярэджанне, каму забава.

Лаўрэн. Эх-х ты! (Узяў сябе ў рукі.) Мяне ты забыў. Памятаеш, як я пра тваю шлюху? Нічога яна не круціць задам, як мядзведзь. Я вось пайду з імі і пакажу ёй, як трэба. Хай вучыцца. (Прайшоўся па-мядзведжы.)

Радзівіл. Ідзі і ты.

Вецер. Князь, гэта праўда, што мядзведзі?

Радзівіл. Ну так. А ты што, хочаш нешта прапра-прапанаваць?

Вецер. І ім?

Радзівіл. Ну і ім. А раптам па-пашанцуе дый адаб’ешся.

Вецер. А што? Я ігрок. Ну, не выйду жывы. Але лепей ужо так, у бойцы. Не раздумаеш?

Кат. Што ты робіш, чалавеча?

Радзівіл. Не раздумаю.

Вецер. Дык руку на гэтым, князь.

Падаюць адзін аднаму рукі, і Вецер, паглядзеўшы князю ў вочы, цалуе яго.

Кат (ціха). Цьху!

Цялецкі. Вось яны, нераскаяныя. Што б яны нарабілі, што было б, калі б перамаглі? А маглі перамагчы. Маглі б адолець, каб...

Радзівіл. Маё войска? Адолелі б? Каб не што?

Пястжэцкі (паказвае на папа з Бесавічаў). Каб не ён. Расказвай, Цялецкі.

Цялецкі. Калі гэтыя (паказвае на вязняў) пачалі — ён зразумеў, што гэта зусім не тое, што патрэбна... роднаму, так бы мовіць, гораду.

Карпач. Угм. І падбіваў людзей — унь хаця б Васку — разам з Хрыптовічам на пагромы.

Лаўрэн. А пасля ветліва раіў Іцкавічам размятаць Магдзіну карчму. А пасля клікаў, калі нашы ўваліліся, Іцкавічаў пабіць і ісці да князя са скаргай і ўсіх зваў на новы пагром, бо ўсё адно войска прыйдзе.

Каршук (важна). Я думаю, ён проста хацеў, каб скула хутчэй наспела. Разважаў па-дзяржаўнаму.

Кат (ціха, але князь пачуў). Хто яго ведае, чаго ён хацеў. І чым разважаў.

Радзівіл. Н-на. Па-па-пазіцыя стойкая.

Каршук. Але тут ён да канца стаў наш. Калі выступіў супраць асвячэння зброі, бо ведаў, чым гэта царкве пахне. І Данавану хацеў памагчы ўцячы.

Антох. Але як убачыў, што не выйдзе — выдаў. Усім свой.

Радзівіл. Да-да-Данавана варта было выдаць. Як па-па-пачаў дзя-дзяўкаць мне пра гонар.

Пястжэцкі. І тут ён нам бясцэнна дапамог. Цялецкі, кажы...

Цялецкі. Я не ведаў, што ў горадзе за шум, каго б’юць. Пайшоў лазутчыкам. Сам. Бо на каго спадзявацца?! Нарваўся на яго. Я яму льготы рабіў, і ён па добрай памяці мне сказаў, каб я чакаў на пэўным месцы, а ён, як даведаецца... І пасля ён перадаў мне асабіста, што ідуць на штурм. І я паспеў паставіць пушкароў. І — на той выпадак, калі ўварвуцца ў замак,— частку пушак завалачы ў палац, каб біць з вакон. Ну, разгром. Лёгка было. Ён даў нам на гэта амаль гадзіну.

Антох. А нам гэта каштавала сотні забітых, пяцісот зраненых, сямідзесяці сямі закатаваных у палоне. Шэсцьсот семдзесят сем разоў Іуда. Хлопцы, плачу разам з усёй сумленнай службай божай крывавымі слязьмі.

Цялецкі. Я абяцаў яму плату, але ён сказаў, што пасля.

Поп. Ну — плата платай. Можна і плату. Але я не за плату. Я...

Радзівіл. Угм... Ві-вір інацэнцісімус і-ідэмквэ дакцісімус... Най-найсумленны і ў то-той жа час найнайадукаваны чалавек. І-ідэаліст. Ах, як жа ва-вавакол м-м-мяне шмат ідэалістаў. У-у-у-усе.

Ніхто не заўважае нядобрага, нават злавеснага ў ягоным тоне, і таму Цялецкі шпарыць далей.

Цялецкі. І ён тады папярэдзіў мяне, што ў выпадку няўдачы іхні збор пад Царкавішчам.

Каршук. Ды як яно ўрэшце, Царкавішча ці Царкавішчы?!

Пястжэцкі. А ляд яго ведае. Ці не ўсё адно, калі я іх там заспеў знянацку з ягонай дапамогай?

Радзівіл. Ну так, зноў з ягонай.

Цялецкі. І ён шкураю рызыкаваў, пайшоў пад Царкавішчы, каб далей нам служыць. І там, мяне ў стан правёўшы, папярэдзіў аб Воўчым Яры, якім нам можна прайсці да сэрца іхняй абароны. І каравул мы знялі. І ён, каб Ілья Карпач трывогу зарана не ўзняў, аглушыў яго і даў нам час прайсці. І мы ахнулі па іх з пушак і нечакана.

Карпач. І нам гэта — дзве сотні забітых на месцы, шмат параненых і сто семдзесят шэсць тых, што ў палон. А многіх «браты» выдалі пасля. Колькі забітых!

Вецер (ціха). І Надзея.

Пёкур. Спрытны мужык.

Кат (ціха). Аж надта.

Пястжэцкі. І ўсё сам. Каб не ён — ой скрутна б нам было.

Радзівіл. Значыць, каб не ён. Здорава... (Вельмі журботна.) Ну-у (паглядзеўшы на Ветра), гэтага падарунка я табе не магу не даць... Гм... Мая сіла нішто, каб не здрада. Ну так. Я немец па сваёй ахвоце, капрызу, перакананні — і пляваў я на палякаў і свой народ. Я паляк па выхаванні — я і пля-пля-пляваў на свой на-народ. А-а-а-але апо-по-апошняй кропляй сваёй беларускай крыві я по-помню правіла свайго народа. Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць. Вазьміце яго. Рабрынай на крук.

Пястжэцкі. Княжа?! Чаму?!

Радзівіл. А яны ўсе, ці ве-ве-ведаеце, думаюць, што здрада ду-дужа выгаднае рамяство. А здрада рамяство яшчэ й дужа небяспечнае.

Поп. Ды за што? Што я такое? (Паверыў.) Княжа! Кня-а-а-ажа! «Памяні, госпадзі, цара Давіда і ўсю рахманасць яго». Ай! А-а-а-ай! Княжа, залаценькі, ручкі... ножкі... Я Надзею... Я Вашчылу параніў.

Радзівіл (вязням). Пацешцеся перад смерцю, бо літасці маёй вам не будзе.

Поп (лямантуе). А-а-а! Княжа! Княжа! (Страшна.) З глыбіні пекла клічу! (І раптам выпрастаўся.) Хаця якім коштам апраўдацца хочаш? Маёй шкурай?! Шкада мне, шкада. Цьху на цябе, гліста! Шкада-а.

Папа выцягнулі.

Радзівіл. А па гэ-гэтых ту-тут зараз — чын пахавання. Жывым — экценню па мёртвых. Папоў! Усе туды! Цялецкі! Каб да адчаю давесці, каб трэсліся ад жаху! Тут! Яшчэ жывых! І ўставайце. Збірайцеся.

Пайшоў з астатнімі аксамітнікамі. Антох падымае людзей і ў страшным маўчанні спрабуе пастроіць іх, і гэта яму сяк-так удаецца. Тых, хто падае, зламаны катаваннямі, трымаюць пад рукі. І тут далятаюць звонку змрочныя галасы пахавальнага чыну.

ЭКЦЕННЯ АБ ПАМЕРЛЫХ1.

«Злітуйся з нас, Божа, па вялікай літасці Тваёй, малімцеся, пачуй нас і памілуй.

Яшчэ молімся пра ўспакаенне душ заснулых (усопшых) рабоў Божыіх... (Тыя, каго ўспамінаюць, ускідваюць галовы або апускаюць іх.) Івана... Васіля... Лаўрэна... Пакі Васіля... Анцівоха... (Поп Антох хрысціцца.) Навума... Захарыі... Хвёдара... Восіпа... Кузьмы... Курылы... Атрохіма... Пакі Кузьмы... Ігната... Міхайлы... Пракопа... І пакі — пакі дваіх Васілёў і шасцёх Іваноў і о ежэ прасціцеся ім усякаму граху вольнаму жэ і нявольнаму, яка да пан Бог учыніць, душы іхнія там, дзе праведныя ўспакаяюцца».

Антох. Хадзем, людзі. Гэты чалавек жадае зрабіць усё, каб давесці нас да адчаю.

Лаўрэн. Страшна.

Нехта ў натоўпе заплакаў.

Антох (уздыхнуў). Страшна. Але для радзімы нашай разадранай, для нас, пашматаных і змучаных,— суцяшэнне.

Вядуць экценню галасы:

«Літасці Божыя царства нябеснага і пакідання грахоў іх, у Хрыста, бессмяротнага Цара і Бога нашага просім. Яка Ты ёсць уваскрасеніе і жывот і спакой заснулых (усопшых) раб Тваіх, Хрысце, Божа наш і Табе славу ўссылаем са безначальным Тваім Айцом і Прасвятым і добрым і жыватворным Тваім Духам, ныня і прыснам і ў вякі вякоў. Аман».

Антох. Пяюць. Просяць, каб дараваў нам усякае саграшэнне, вольнае і нявольнае. Каб убачылі мы святло боскай любові,— мы, усімі на свеце пазбаўленыя яе,— а ўсе, што застаюцца на зямлі, атрымалі суцяшэнне. Ідзем, нясем ім святло.

Усе ідуць да сходаў. Антох ціха і вагома кажа ў натоўп.

Гэта князю адпяванне будзе страшнае. Бо не зрабіў ён нічога добрага на зямлі. То хай ён слухае. І вы там слухайце, наверсе. Разлічвалі вы, мучыцелі, на іншае, а тут... тут заспакаенне. Цярзанні спыняцца, мукі скончацца. Яны — не вечныя... Не вечныя.

 

1 Экценню спяваюць таксама па-беларуску, а не па-стараславянску, бо тут — сцэна і трэба, каб разумелі. Калі мелодыя экценні (тая, што ёсць) не падыходзіць — трэба падправіць тэкст або прыдумаць новую — і лепшую — музыку. Каб трэслася сэрца і мароз па скуры.

Карціна дзевятая

26 лютага 1744 года. Плошча перад замкам. Налева і направа будынкі з галерэямі, на якія вядуць сходы. Між будынкаў каменны мур. У левым доме — дзверы ў сутарэнне. Ля правага дома, у муры, дзверы, якія вядуць на арэну. Такім чынам, асуджаныя павінны прайсці сцэну злева направа, каб трапіць тымі дзвярыма на месца пакарання смерцю.

З-за мура відаць верхавіны дрэў і вярхі шыбеніц.

На галерэі і сходах ля левага дома — народ. У натоўпе Яўхім Хмыз, Магда, Ілья Карпач, Агна Вецер, пісар Бачко. На больш багатай галерэі справа — члены суда, Радзівіл, Каршук, Цялецкі і іншыя. Грай крумкачоў і варон. Павялі з сутарэння асуджаных. Вядуць Капітан Аддзялу Гран Мушкецёраў і Пястжэцкіз салдатамі.

Капітан (паказвае Лаўрэну). Глядзець. Унь на дрэве, на круку, вісіць поп Бяссовітц. Хе-хе, дэр Бірнбаўм... Як і-груша. І вашым так.

Лаўрэн. Во каб гэта на кожным беларускім дрэве ды па такім хрукце.

Карпач. Ты што народ ганьбіш? Нібы ў нас на кожнае наша дрэва па гэткай сволачы хопіць.

Лаўрэн. Суседзям у арэнду аддамо. Для іхніх.

Антох. Чым табе дрэвы беларускія правініліся?

Лаўрэн. Нічога. Дзеля такога свята адзін дзень пацерпяць.

Антох. Не, не дам паскудзіць гэтай навалачы й дыму ад нашых дрэў.

Радзівіл (спакойна). Кончыць. Мы яму пакажам і дрэвы і дым ад іх. Чытай, Цялецкі.

Цялецкі (чытае). Злаўмыснага і злашкоднага папа Анцівоха — Антоха — Крапілу і яшчэ некалькіх такіх самых (а спіс па імёнах — тут)...

Капітан. Сіла на нашым баку.

Антох. Угу. Гэта ж закон. Мудры мацуе свой дух, а дурань — цела. А што яму застаецца рабіць? Дай слухаць.

Цялецкі. ... Пасадзіць у коміны, а печкі знізу запаліць дзеля павольнага ўдушэння.

Антох. Нішто. Гэта свой дым. А вось якім дымам вы ў пекле дыхаць будзеце, бажавольцы, баўбешкі, анцыпары, вашапрудзіны, хракі дурныя?! Канарэзы, падхлебнікі сабачыя, зачухі, дрынды.

Пёкур. І тут пад табою жар будзе. І ў пекле.

Антох. Не ўбаюся, недаедак блышыны, капусцяная галава, пустамол і пустасвят. Хай пекла. Рэшткамі свайго жару з табой падзялюся. Яго хопіць, каб і князя з усёй світай засмажыць.

Капітан. І гэта поп? Лаецца, як брудны кароф.

Антох. Сам ты кабыл тоўсты. Мушкецёраў голадам морыш. Яны як лучынкі, а ты — тоўсты кабыл.

Радзівіл дае знак, варта набліжаецца да Антоха.

Чакай!.. Васка, не сумуй душою. Не плач. Грэх твой страшны ў смяротны гэты час здымаю. Людзі, чысты ён у вашых вачах! (Ціха.) Памры годна — будзеш з богам, п’янюга ты мой родны, гуляка, прапойца ты мой бесшабашны... Лапы брудныя прэч!

Ідзе. І тут зараўла аднекуль дуда: «Тапчыце зямлю, легіёны божыя».

Князь! Мардун, дурань маляваны, рапуха аблезлая... п’яная карова! Дымам пайду ў роднае неба. Да бога! І вымалю ў яго праклён на ўсе вашы галовы. (Яго валакуць.) Хлопцы! Хлопчыкі! Благаслаўляю вас, так вашу! Благаслаўляю вас!

Яго вывелі.

Пёкур. Княжа, гэты тэатр можа абысціся дорага.

Радзівіл. Тэатр? Ну так. Такі тэатр, каб нашчадкі іхнія пра-пра-праз трыста год здрыгануліся. Калі яны бу-будуць, на-на-нашчадкі.

Пёкур. Будуць. Памылка, па-мойму. Не туды відовішча.

Радзівіл. Чытай, Цялецкі.

Цялецкі. Акрамя тых, каго біць бізуном і адрэзаць па адным вуху, памочнікаў галавароў паўстання — а лікам іх трынаццаць, аднаму, сыну Стэся Бачко, сакратару бунту, адрэзаць абодва вухі і на лобе выпаліць шыбеніцу.

Каршук. Каб ведалі... вось чыя рука пісала.

Цялецкі. Івана Дакуку, Захарку Сямашку, Іванішку з Баранкова — а ўсяго тры галавы — на шыбеніцу. Сямёна Варону, Ігната Мадунёнка. Івана Крывулю ды Івана Галёнку — абезгаловіць. Мікіту з Бараўкоў, Івана Труса, Навума Буяна, Васіля Пушчаёнка ды Васку Косціка — жывымі на вострую палю.

Радзівіл. Рэшту таксама было асудзілі на кол. Але па асабістай просьбе — некаторых з іх, а менавіта: Івана Карпача, Васіля Ветра, Лаўрэна Каўбасу...

Васка. Князь, прыпомні...

Радзівіл. ... I Васку Ветра, зашыўшы ў мядзведжыя шкуры, разарваць на плошчы сабакамі.

Цялецкі. На галоўнай плошчы.

Каршук. На галоўнай плошчы? Зашмат ім, злодзеям, гонару.

Радзівіл. Унь там. За мурам. Як усіх.

Варта вядзе чацвёрку назад у сутарэнне.

Магда. Лаўрэн! Я з табой, хадзяка мой каханы, трыбухлей ты мой, лында, бадзяга ты мой няшчасны.

Лаўрэн. Магдачка! Уцёк я ўсё ж ад цябе. Нішто, на тым свеце сустрэнемся. А там нам лаяцца не дадуць. Там строга. І нам добра будзе. А вы, панове, скажыце гэта сваім бабам, бо ў вас не бабы, а кожная — качарга старога лесу.

Іх вывелі. Пястжэцкі з вартай вядзе і астатніх у дзверы, што ў муры.

Пястжэцкі. Не спяшайцеся, мілыя, паспееце на шыбеніцу.

Каршук (Пёкуру). Ведаеш, што Данаван сказаў князю, калі яго выгналі? «Яны навучылі мяне, што ёсць людзі, якія б не ўсё на зямлі зжэрлі. А вы хочаце мець болей, чым заслужылі. І гэта вам хай дзякуе свет за ўсе войны, ганьбу і зло».

Пёкур. Дурань. Набраўся ад іх, як сучка блох... Але гэтыя і сапраўды лічаць за лепшае быць пакрыўджанымі, чым самім крыўдзіць.

Каршук. І вось таму трэба кідаць гэты народ, бо з гэтай прычыны ён не жыхар на зямлі.

Пёкур. Хто ведае, хто не жыхар на зямлі? Магутныя магнаты або сініца, што села на мачту Ноевага каўчэга? Хто ведае?

Каршук. За што ж вам плоцяць, калі вы не ведаеце?

Пёкур. Нам плоцяць за тое, што мы ведаем. Бо каб начальным людзям плацілі за ўсё тое, чаго яны не ведаюць,— золата б на зямлі і ў сусвеце ў бога не хапіла б... Я гляджу на іх і, ненавідзячы, пачынаю сумнявацца, што ім канец.

Каршук. Але чаму?

Пёкур. У іх ёсць нешта галоўнае. Яны жывуць сярод звяроў. І дасягнулі, не пабаюся сказаць, таго, што неяк — хай не заўсёды — ужываюцца з імі. Пустэльнікі сярод ваўкоў.

Каршук (раззлаваўшыся). Калі яны такія ўжо святыя — хай ідуць у нашы высокія замкі і манастыры і паспрабуюць ужыцца з нашым братам, каб не ўкусіў ніводны сабака.

Пёкур. Таму і палім... Калі хочам жыць.

Асуджаных вывелі за мур.

Радзівіл. Ну што яны, капітан?

Капітан. Цялецкі! Тоўсты кабыл? (Ціха.) А добра: «тоўсты кабыл».

З сутарэння павольна ідзе шэсце: чацвёра ў шкурах. Толькі маскі-морды яшчэ не апушчаныя на твары.

Радзівіл. Пра гэтых не пішы, што ў шкурах. Выкраслі наконт шкураў. Усё ж недзе там лічаць, што мы Еўропа.

Цялецкі. Ваша... Заўсёды ж знойдуцца сведкі.

Радзівіл. Нічога, заўсёды знойдуцца і в-в-вуччоныя, якія: «Раз у дакуменце няма — значыць, не было». Мы з табою ім свечку павінны ставіць. Абаронцы. У азадак за нас улезуць.

Бачко (сам сабе). Запішу я. Я запішу. І няхай не павераць, няхай нейкі крот скажа: байка, дакументаў няма. Гэта не байка, тое, што помніць народ. А вы можаце дзе хочаце ўжыць тыя паперы. Памяць жыве.

Радзівіл. Развітвайцеся.

Агна (спускаючыся да Васіля). Бывай... Я ўсё ж не буду цалаваць цябе... А раптам дзіва...

Вецер (ціха). Маці, мінуў такі час. Не трэба. Я ўсё зразумеў, маці. Я толькі раблю выгляд, каб не заламаўся хтось іншы. Я нават без гэтых падпорак даўно ўжо жыву без страху. Без яго і памру. Цяпер жа мне ўсё адно, і дзіва не будзе. Ну...

Кідаюцца адно да аднаго.

Агня (ціха). Ідзі. Я ведаю, што ты не Вецер. Я ведаю, што ты ўраган... А цяпер глядзі на мяне.

Ідзе па сходах на панскую галерэю. У яе выгляд не то захоплены ад радасці, не то апанаваны адчаем.

Злітуйцеся з яго, злітуйцеся з іх. (Цалуе рукі ўсім, акрамя Радзівіла.) Паночкі. Паночкі. Вось бог пашле лёгкую смерць таму, каго я пацалую. (Цалуе Пястжэцкага.) Даруе табе жорсткасць і дасць табе лёгкую смерць. (Цалуе ў рукі і вусны Каршука.) Даруе ліхое кіраванне і дасць лёгкую смерць. (Цалуе Цялецкага.)

Карпач. Апамятайся! Праклянем!

Лаўрэн. Маці, што ты робіш?!

Вецер. Змоўч. Ціха. Яна ведае, што робіць.

Агна (цалуе рукі ў Пёкура). Даруе табе, што ўсё-ўсё разумееш і, аднак, робіш паскудствы, тваю подласць... І дасць табе лёгкую смерць. (Хоча пацалаваць руку кату.)

Кат (у жаху). Што ты робіш, жанчына?! Мне?!

Агна. Не буду. Ты лепшы за іх усіх. Ты сумленны кат... І табе я таксама не буду цалаваць руку, князь Геранім-Фларыян. Не было б цябе — не было б і іх. Бог не дасць табе лёгкай смерці.

Радзівіл (прыняў зухаватую паставу). А я што казаў? Аблізала ўсіх. Няма меры іхняй нізасці. Пайшла прэч.

Агна пры поўным маўчанні спускаецца і ідзе да левых сходаў, дзе ўжо стаіць Магда.

Вецер (са шкадобай). А ты ніч-чога не зразумеў, князь Геранім-Фларыян Радзівіл. Ясна ж. Разумны заўсёды распазнае дурня, бо сам калісь быў такі. А дурань ніколі не ўгадае разумнага, бо ім не быў... і не будзе. Ты яшчэ і зараз нічога не зразумеў.

Магда (Агне, ціха). Затое я цяпер усё зразумела. Так? Так? Дай і я пацалую цябе, гаротная ты мая, бедная ты мая маці ўрагану. (Цалуе Агну.) Вось цяпер мы сёстры, маці ўрагану.

Васка (яго вядуць паўз Агну). Людзі. Зямля... Маці. Даруй мне, п’янаму, даруй акаяннаму!

Агна (абдымае яго). Ідзі. Усе даруюць табе.

Вывелі. Цяпер чарга Лаўрэну.

Лаўрэн (князю). Ты здохнеш, князь. За сённяшні дзень.

Капітан. Гэта чаму?

Лаўрэн. Бо дурань. (Князю.) Добра, калі ворагі — людзі з вялікім розумам. Разумны сто разоў падумае, перш чым учыніць паскудства і зло. А дурань што захоча, то й зробіць на злом галавы. Як ты, княжа... Бывай, Магда (ідзе прытанцоўваючы). Гэх...

 

Мая дзеўка добра йдзець:

Круціць задам, як мядзведзь.

 

Ах, каб мяне халера з-пад цёмнай хмары. Магда, я маўчаў! Магда, душа мая з табой!

Магда (крычыць). І мая!.. І мая!..

Вывелі Лаўрэна.

Бывай, цецярук ты мой пышны. Бывай.

Карпач. Мая чарга, князь. Хаця? Які ты князь? Нясвіжскія — гэта князі. Шырокія ў зле і дабрыні. А ты — кур’ян, курыца, што пеўнем крычыць. Хамут!

Радзівіл (здзекліва). Адно мне шкада, Карпач, не танна мне вашае здыхла выйдзе. Гэта ж аж чатыры такія шкуры ўшчэнт, у дробныя шматкі.

Карпач. Ты, князь, дарма ганарышся ашчаднасцю і скупасцю. Ты самы шчодры ў свеце. Бо ты здохнеш без дзяцей, а грошы — усе! — пакінеш братам, якіх ненавідзіш. Ворагам. І яны будуць смяяцца й жэрці твой набытак.

Цялецкі. Пястжэцкі, ды вядзі ты яго. До!

Вецер. І праўда, досыць камедыі. Не атрымалася твая кумедзь, княжа. І не атрымаецца. Ты не бог. Бацька Антох сказаў бы, што ты чорт смалены з бурага балота, Лаўрэн — што ты шатанская сіла. Карпач — што ты паршук і шкарадзь. А я табе скажу, што ты й на чорта рылам не выйшаў. Чучала ты. Асклізлы шыцік, чарвяк з дзярма.

Ідзе да дзвярэй.

Гэтыя — яны здохнуць, людзі! А за намі... за намі святло нябёсаў. Даруй мне, люд, калі чым саграшыў табе. Дзякуй і табе, маці Агна.

Апусціўшы маску, Вецер пераступіў парог.

Радзівіл (з клёкатам у горле). Вядзі сабак, кат.

Кат. Княжа (распластаўся на зямлі). Княжа, не смею.

Радзівіл. Я сказаў. Ведаеш, чым пахне?

Кат. А хаця і самога да іх. Не смею.

Радзівіл. Капітан.

Капітан (дастае шпагу). Магу засячы і не міргну.

Радзівіл. Ну.

Капітан. Я ўсё ж воін, а не псяр.

Радзівіл. Пястжэцкі, ідзі аддай загад псярам. А то ў гэ-гэ-гэтых псяроў кішкі сла-слабыя.

Той пайшоў. Праз некаторы час за мурам сабачы брэх.

Цялецкі. Што буйвалы. Адзін пёс лоб у лоб мядзведзя бярэ.

Пёкур. А тут іх дваццаць на чатырох.

Радзівіл (нервова). Ды-ды-ды што, урэшце, цягнуць? Пястжэцкі!

Пястжэцкі падымаецца на галерэю.

Што там?

Пястжэцкі. Муляюцца псяры.

Радзівіл. Спушчай, іначай усіх на кол!

Бачко. Людзі! Сведчыце ўсе, калі каму казаць будзеце. Князь наш зараз абмочыцца са страху.

Ілья. Сынкі! Трымайцеся! Яны свой агонь самі замочуць.

Каршук. Жолнежы, узяць!

Радзівіл. Гэта той, гэта пасол! Варта!

Варта ідзе да левых сходаў, і ў гэты момант шалёны брэх і рык зграі.

Магда. Пусцілі! Пусці-і-ілі! Пусцілі сабак!

Варта спынілася. Агульнае замяшанне, спалоханы енк, стогны, лямант адчаю і плач сярод людзей. Брэх за мурам. Гучныя, перападам, басы: «Бам-бам! Там-бам!»

Радзівіл. Дзе яны?

Цялецкі. Няма.

Бачко, Ільі і Хмыза сапраўды няма. Стаяць толькі, як скамянелыя, Магда і Агна. А за мурам нястрымнае гаўканне, хрыпенне, брэх, віск, рык, клёкат праз забітыя поўсцю пашчы. І ачумелае, шалёнае гырканне неўтаймаванай бойкі, нібы дзве ваўчыныя гайні б’юцца не на жывот, а на смерць. І не звычайныя ваўкі, а казачныя, жалезныя.

Радзівіл. Вось яны, псы мае. Душы іх, ірві, шматай!

Магда. Б’юцца. Б'юцца! Псу хрыбет зламалі. Другому. Упаў нехта. Яшчэ два сабакі... Нехта другі ўпаў.

Сладастраснае, хцівае гырканне.

Пятага пса забіў нехта... Сёмага... Божа, нашто доўжыць мукі?!

Радзівіл. Дзесяты пёс. Яны мне перакалечаць зграю. А-а, адольваюць. Хапай іх! Ірві!

Жалезны брэх.

Як той жалезны воўк, які прарочыў узнікненне радзімы!

Пёкур (ціха). Жалезны воўк, які, мабыць, прарочыць развал радзімы.

Пястжэцкі. Адзін застаўся. Цікава, хто гэта?

Капітан. Дас іст мір айнерляй. Аднолькава. Паўсюль у свеце такая... такая (узняў палец) айнзамкайт. Самота.

Каршук. Вецер самотны.

Кат. Самотны Вецер.

Страшны сабачы рык.

Радзівіл. Узяў!

Голас Ветра. Клічу на страшны суд! Клічу. Клі... (Голас абарваўся.)

Радзівіл. Скончана.

Пёкур. Усё скончана.

Маўчанне. Усе стаяць, нібы ашаломленыя тым, што нарабілі.

Агна (ціха). Колькі мёртвых. Я забіла яго, Магда.

Магда. Ну, не плач, не плач.

Ціха плачуць адна ў адной на плячы.

Магда. Саба-акі.

Задаволены, залівісты брэх і бурчанне сабак за мурам.

Бывай, Лаўрэн. Я не абяцаю табе вернасці. Наадварот, я буду... з кім напрапалую. Толькі не з добрымі. Я... унь з такімі, як тыя. Калі некаму, крый божа, сёння пашанцуе выслізнуць. Ты даруй мне гэта, Лаўрэн. Гэта будзе мая мядзведжая шкура. Не твая, славутая ды грымучая, а мая, ганебная. Ну ды ўсё адно. Ты ім так проста не сыдзеш з рук. Даруй мне, Лаўрэн.

Радзівіл. Усё.

І тады Агна выпрасталася і рушыла да «панскіх» сходаў.

Агна. Не. Яшчэ не ўсё. Слухайце, вы. (Яна гаворыць наступнае звычайным голасам, але з такой стрыманай сілай, што ўсе нібы слупянеюць ад беспрычыннага пакуль што жаху.) Я прайду праз вас, як вогненны нож праз масла. (Варце.) З дарогі. Смерць ідзе. (Ціха.) Князь. Чуеш? Напярэдадні паўстання я паслала Ветра ў нару да пракажонага, і ён там вячэраў з ім.

Радзівіл. На-на-нашто?

Агна. Кепска ведала яго. Баялася ягонай слабасці, калі будзе па-ранейшаму любіць жыццё. Я памылялася ў ім, дурная. Спачатку ён не ведаў, ён не мог захварэць так хутка. І я не казала яму, не магла сказаць, бо ён плакаў бы, што не пашкадаваў жонку. А калі б сказала, радаваўся б, што ў яе была лёгкая смерць. А смерці нельга радавацца. І смерць не бывае лёгкай. Я не сказала, дурная...

Радзівіл. ...Ён па-падаў мне руку.

Агна. ...Але ён здагадаўся сам. Думаю, што да таго, як падаў табе руку. Ён не падлюга, мой хлопчык, ён не такі, як ты... І ён не захварэў тады. У яго не было на скуры чырвоных плям, што знікаюць, калі націснеш пальцам. А пасля з’яўляюцца белыя...

Радзівіл (справіўся і кажа наступнае з іроніяй). Ну так, яму пашанцавала.

Агна. Святкуеце? У вас не будзе свята. Ну так, яму пашанцавала. Вам не пашанцавала.

Радзівіл. Чаму?

Агна. Ён не захварэў. Затое я. Я ўсе гады насіла таму пракажонаму ежу, а апошнія месяцы дакраналася да яго і — чым жа ён вінен, што адзін? — я закрыла яму вочы, апускаючы ў магілу. Сын не мог яшчэ захварэць. Затое я (раздзірае на плячы сарочку)... Бачыце белую пляму? Як матыль... Праказа... Белы матыль смерці... Ён, Васіль, не атрымаў хваробы. Хвароба — гэта маё. А цяпер і ваша. Ну так, я ж аблізала ўсе вашы рукі, як прыніжаная валачашчая сука. І ты, князь, яшчэ казаў, што няма меры нашай нізасці. (І завыла.) Ну так, я сука. У мяне аднялі майго шчанюка.

Напятае маўчанне, і раптам галерэя ўзвыла. Усе шарахнуліся ад Агны. І застаўся ля парэнчаў адзін князь, а астатнія кішаць за ім, а над галовамі стаіць несамавітае, жывёльнае выццё і рык: «Дыму!», «Жару!», «Абпячы рукі!», Запаліць!», «Гарэлкі!», «Спірытусу сюды!» З’яўляецца бачонак са спірытусам, і яго вырываюць адзін у аднаго з рук, льюць на рукі, у рот, абліваюцца, б’юцца за струмень.

Пёкур. Спыніце віск... Сорамна...

Але віск і выццё гучаць і далей у гэтай штурханіне звар’яцелых.

Агна. І сука ашалела. І перакусала вас усіх. Чаго вы шарахаецеся? Чаго кідаецеся? Позна. (Яна гаворыць з ледзяным спакоем.) Ну так, ваша смерць не будзе такая хуткая, як у яго. І яна будзе лягчэйшая, я вам не хлусіла, я праўду казала. Праказа ж не баліць. Проста ў вас будзе адгніваць аблічча, нос, вушы, шчокі. Пальцы рук не будуць адчуваць болю — як ён адчуваў — і нават апёкаў — як балелі яны яму. А пасля, паступова, адгніюць і яны. А пасля ногі і іншае. Вы зажыва згнілі душою — цяпер згніеце і целам.

Усе прыкіпелі да месца, як саляныя слупы.

Вузлаватая праказа цягнецца дзевяць год. Гладкая — васемнаццаць. Я не скажу вам, якая яна ў вас. Бо нават той, каму пашанцавала не заразіцца зараз, будзе дзевяць, а то васемнаццаць год чакаць лянівай смерці. І ў кожную хвіліну дрыжаць ад жаху. Будзе засынаць і прачынацца з думкай аб ёй. І кожную раніцу першая думка будзе: «Божа, вось няўжо сёння... Бо-о-о-ожа, ратуй. Вось... Вось здаецца... Вось-вось...» А людзі і ўласныя дзеці будуць цурацца вас. Не, я не назапасіла вам лёгкай смерці. Будзь спакойны, сынок. (Узвысіла голас.) Яны памруць. Яны — памерлі ўжо.

Цяпер яны твар у твар, як на два боі: яна і Радзівіл.

Не торгайся, князь. Сука не лізала цябе. Табе будзе горш. Я ж акрамя ўсяго і ведзьма, прарочыца — ты не ведаў? Табе будзе нават горш за іх. Богам і зямлёй сваёй клянуся, што ўсё гэта збудзецца. Вось што будзе з табой. Адна жонка, з Сапегаў, ужо ўцякла ад цябе. Жанчыны любяць тыранаў, але толькі не скупых, не халодных і не нудных, як свіная чума. Уцячэ і другая. І трэцяя. І ўсе — з вялікаю ганьбай для цябе, напладзіўшы табе сотні ворагаў. Ты будзеш пасмешышчам нават у вачах бяссілых і садамітаў. І ні ад адной бабы ў цябе не будзе дзяцей, бо бог пракляне чэрава кожнай жанчыны на час, калі яна з табой. Не ведаю, ці хопіць у цябе сілы абгадзіцца ў чацвёрты раз?! І нішто з таго, што ты задумаў, не споўніцца. І ўсе будуць бегчы ад цябе, як бягуць з дома — нават калі дом гэты замак — пацукі ад пацука, якога злавілі, вымазалі дзёгцем і выпусцілі. І ты будзеш блукаць адзін бясконцымі замкавымі калідорамі і сутарэннямі, дзе шкілеты замучаных, і ніхто не падасць вады. Блукаць і смярдзець пры святле месяца. І ніводнай роднай душы... А мой хлопчык загінуў страшна, але сярод родных і любоўных. Бо мой хлопчык — Чалавек, а ты — пацук.

Радзівіл (амаль непрытомна). У-у-узя-аць!

Усе муляюцца ў страху.

Ды няўжо... ды няўжо ніхто?

Агна (кладучы руку на грудзі). Сустрэчы з табою... шукаць стану... Сэрца... яно такое вя-лі-кае...

Падае павольна, як падсечанае дрэва.

Вялікае.

Мёртвая цішыня. І толькі потым далятае аднекуль, як з таго свету, трубны голас ці то Ільі, ці то Дудара.

Голас. Маці. Пачуй нас. Не чуеш? Маці ветру. Маці ўрагану! Чорта яны нас узялі! Чорта лысага яны ўзялі і возьмуць нас!

Заслона

1982 г.


15.02.1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8, кн. 1. П'есы. Нарыс. - Мн.: Маст. літ., 1990. -591 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан