epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Маціцовыя слёзы

Ураджай пагарэў. З працадня — ані шэлега.

Вымі бедных кароў, як пустыя збаны...

На пясчанай касе ля Збароўскага берага,

Быццам рыбы галодныя, дрэмлюць чаўны.

За бязглуздасць чыюсьці, грабежную, хвацкую,—

Як было не адзін ужо раз, і не два,—

І сягоння бакамі адказвае Бацька,

Рыбы, дрэвы, нябёсы яго і трава.

Цені, белыя цені на водмелях сініх,

На плячы даўгазубыя граблі ляжаць.

Стогнуць спіны і ціха паўзе над пучынай,

Быццам дзіда, цяжкі, трохсажнёвы дзяржак.

Граблі шаблямі дно залатое скародзяць

І прыносяць «палюддзе» галодным чаўнам:

Ясных кропель алмазы, багновак бароды,

І бяззубак — па грыўні за кілаграм.

У катлах ненажэрных іх вывараць ноччу.

Чарапашак ад мяса аддзеліць «кульба».

Будуць запінкі для вячэрніх сарочак,

А начынне — свінням.

Па-братэрску дзяльба.

Дзеля гэтага з ранняй да позняй часіны,

З салаўінай пары да савінай пары,

Як трысцінкі трымцяць дзявочыя спіны,

І аленевы вочы глядзяць у віры.

І пакуль грабуць яны сонца з парогаў,

А з крыніц і глыбіняў вясёлак глыжы,—

Зыб ад глісераў белых абліжа ім ногі,

Грудзі-шкелцы бінокляў абсліняць чужых.

І за сіняй далёкаю павароткай,

Там, дзе знікне багатых глісераў зыб,

Людзі з граблямі выбух учуюць кароткі,

І бязгучныя стогны аглушаных рыб.

Быццам жэмчуг, на нашых адхонах суровых

Наліваюцца барвай насустрач дню,

Як вулканы, зырчаць маціцовыя горы,

А між імі, як лава, шалёнства агню.

І з адчаем слухаюць ракавін вушы

Як віруюць у пекле катлоў агнявых

Душы браццяў, нямыя бяззубкавы душы,

Пад мяшалкамі д’яблаў... Таксама нямых.

І ўвесь час пакуль мяса ад лат аддзіраюць

І дымее ў ночвах яно, як гара,

Качкі шэрагам шэрым стаяць і чакаюць,

Як пры Сталіне поліўкі ў лагерах.

Высыхаюць крыніцы, і іхнія слёзы

Дзень ці два ззяюць маціцай ў сонца агні

Перад вечнай разлукай з радзімай бярозавай,

Дзе цяпер ні бяроз, ні дубоў, ні крыніц.

О зямля мая ў сонцы, зітханнях і зыбу!

Дзе дуброў тваіх цёплыя халады?

Абясптушылі, бомбамі ўсю абязрыбілі,

А цяпер абяззубяць...

А што ж тады?!

Разнясі ім каўчэгі з хлуснёй і атрутай,

І даруй, тым, танюткім, як струны лазы,

Тым, з граблямі, у плаццях сваіх падаткнутых,

Што для хлеба ўзялі ў цябе човен слязін.

Бо штоночы, як толькі прытомнасць пакіне,

Мне адзін, мне адзін толькі трызніцца сон:

Даўгазубыя граблі, напятыя спіны,

І пад хусткамі белымі — твары з ікон.

 

1965 г. Шагол




Беларуская Палічка: http://knihi.com