epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Маленне аб чашы

М. Прашковічу

 

Паплавок то спачне, то адплыне,

Свіцязь дрэмле ў зялёных гаях,

Нібы поўная чаша сіняя,

Малахітавая па краях.

Сонца нізкага спляснуты персік,

Пад вадою — стронгаў палі...

Чаша ўнізе і чаша ўверсе.

І — як мошка — я ў крышталі.

У чаўне на каленях тулюся.

Скача воддаль падзёнак сям’я

І канае з сонцам. І ў скрусе

З сонцам гасне душа мая,

І любоў да цябе, як мора,

Расцякаецца ў ціхай журбе

Ад Адама, што даў табе корань,

Да Адама, што ўславіў цябе.

Ад падзёнак у сінім дыме,

Ад апошняй былкі гарбоў —

Да пагодкаў тваіх, радзіма,

Дзесяцівяковых дубоў.

Беларусь мая, ты адзіная,

Перад кім на каленях стаю:

Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,

Лёгка — жыць у славу тваю.

Лёгка з песняй глядзець у вочы,

Цяжка — кроўю расіць чараты...

Ўрэшце, як сабе ты захочаш,

Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.

Калі прыйдзе на нівы нашы

Смерць з касою сваёю крывой —

Не мінай мяне гэтай вось чашай,

Што барвее заходняй крывёй.

Як магу я не йсці на пакуты

За цябе, за спакойны твой дым,

Я

Ўсяго толькі мошка,

Закутая

Ў светаносным бурштыне тваім?!.




Беларуская Палічка: http://knihi.com