epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мой век

Было ў ім усякага жыта:

Тысячы добрых гадзін,

І сонца, і шчасце, і літасць,

І космас — на ўсіх адзін.

А ўсё ж такі мне ён сасніцца

Ў агні пякельных начэй

Не добрай васковай пшаніцай,—

Плевеламі хутчэй.

За дрот валакуцца строем...

З «ведзьмаў» высмоктваюць кроў...

Дзяцей, старых і герояў

Бульдозер зграбае ў роў...

Вулканы Мінска і Кіева...

Трэблінкі — вар’яцкі сон...

Вусны жанчын, у якія

Асвенцімскі рвецца «цыклон».

Забітых халодныя горы...

Котлішчаў вечны спакой...

Дык што ж вы з такім дакорам?

Чаму з пагардай такой?

Што? Рыдаю над даўнімі болькамі?

Што? Валюся ў азёрах крыві?

Падаў...

Плакаў...

Ды толькі

Ў той час, як не бачылі вы.

І які той цяжар ні будзе,

Ён веры маёй не сагне:

Мяне пахаваюць людзі,

Лепшыя за мяне.

І якіх не было гекатомбаў,

Ў ім не згаснула праўды Свяча,

І я веру ў хрышчаны бомбамі

Мой крывавы, мой страшны час.

Ў ім цяжка раслося калоссям,

І на большым абшары зямлі

Раскашней паршыўцам жылося,

То адкуль жа Людзі былі?

Тыя, што за радзіму,

За людства, праўду і нас,

Тыя, што за адзіную

Паміралі літару «аз».

Ваявалі ўпарта са змеем,

Карчавалі ўпарта ляду,—

На іх у мяне надзея

Ў час апошні, калі адыду.

Няхай іх душа жывая

Пакуль што не знішчыла снег.

 

Яны мяне пахаваюць,

Лепшыя за мяне.


17.09.1969; 1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан