epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мужык і дзіва аднавокае

П'яны мужык дыбаў з радзін у сястры. Ідзе, хістаецца, дарога ў яго вачах знікае, яліны ўпрысядкі скачуць. А яму гора мала: спявае песні. Толькі чуе раптам:

- Пачакай жа, мужык!

Аглядзеўся - што за трасца з хваробай. Анікога. Ледзь пайшоў далей - зноў:

- Ды пачакай жа ты!

Глянуў - і бачыць: сядзіць на двух ялінах дзіва аднавокае, гайдаецца на верхавінах, як на сенніку. Скокнула дзіва на зямлю і пачало перад мужыком расці. У таго й хмель знік:

- А што, мужык, калі б мне дзеля развагі з'есці цябе?

Мужык трохі падумаў і кажа.

- Развага, вядома, добра, толькі давай я лепш табе раней нешта пакажу.

- Ану, - кажа дзіва.

Мужык выцягнуў крэсіва, выбіў на «грыб» цяпло, сціснуў яго зубамі, агнём унутр і пачаў дзьмухаць. За зубамі ў яго трут цепліцца, зубы сталі ружовымі наскрозь, і з роту дым заклубіўся.

- Бач ты, - кажа дзіва аднавокае, - відаць, што ты чалавек разумны. Толькі ўсё адно я цябе з'ем.

Мужык засумаваў жыватом, але няма чаго рабіць - сарвалася справа.

- А дзе ты мяне есці думаеш? - пытае. - Я б лепей ля хаты жадаў быць з'едзеным. Тут недалёка, вярсты чатыры.

- Пайшлі, - кажа дзіва, - усё адно ўвесь азадак мохам аброс.

- Так ісці нецікава, - кажа мужык, - давай лепей адзін на другім па чарзе будзем ехаць. Ты сядай мне на шыю і датуль будзеш ехаць, пакуль усіх спеваў, якія ведаеш, не прапяеш, а потым я табе на шыю сяду, і ты мне будзеш везці, пакуль я ўсіх сваіх не прапяю.

- Добра, - кажа дзіва, - я першы палезу.

І з гэтым - скок яму на горб, сам цёплы, гарачы нават, як кот на прыпечку, мяккі. Вось мярзота!

Пачало дзіва аднавокае спяваць, але ж калі патрэбна нешта прыпомніць - яно не прыйдзе ў галаву. Так і тут, не йдуць песні на язык. Няма чаго рабіць, злез, не праехаўшы нават вярсты. А мужык, як толькі ўскочыў дзіву на горб, так і запеў усім вядомую песню «У папа быў сабака».

Ехалі, ехалі, дзіва хвалявацца пачало, што гэта, кажа, за песня гэткая бясконцая.

- Ого, - адпавядае мужык, - калі б ты ў маё становішча патрапіла - і не тое б заспяваў.

Агеньчыкі вёскі заміргалі. Як жа ж гэта ад дзівы аднавокага пазбыцца, - думае мужык.

- Хопіць, прыехалі, - кажа дзіва, - абдурыў ты мяне, мужык.

- Гм, - кажа той, - а ты, дзіва, чараваць можаш?

- Эге.

- Ну дык давай мы з табой вып'ем.

Дзіва, слова не кажучы, села на мужыковую шапку, а калі ўстала - там бутэлька гарэлкі ляжала і розная страва. Выпілі ўдвох, мужык і кажа:

- Залезці туды зможаш?

Дзіва падскочыла - і туды «шчупачком».

А мужык коркам бутэльку запхнуў і кажа: «Ведай, як з сялянствам размаўляць, падла».

І пайшоў да вёскі, а дзіва ў бутэльцы варухаецца, каравыя лапкі выпускае, як хрушч з сернічковай скрынкі. Мужык у вёску ўвайшоў, а ўсё прыадчыніць корак і запіхне назад лапку. А дзіва лямантуе:

- Я ўсё адно адсюль па кавалачках выдрапаюся.

І пачало сыпацца стуль кавалачкамі. Мужьік давай гэтыя кавалкі лавіць і зноў на месца піхаць. А сам мармыча:

- Вось дзіва! Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў. А ў вёсцы рух, прыбегла нейкая баба да суседкі і крычыць ёй:

- Хрысцінка, твой мужык па вуліцы йдзе п'яны-расп'яны і на чарцей палюе.

Выглянула тая, і сапраўды бачыць такое: стаіць яе муж на вулцы, разгойдваецца, твар п'яны, вочы без усякага сэнсу.

Трымае ў руцэ пустую бутэльку, а другою нешта ў паветры ловіць і запіхвае ў рыльца, асцярожна прыадчыняючы корак. А сам мармыча:

- Вось дзіва дык дзіва. Вачыма не бачыў, вушыма не чуў.

 


1952?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая