epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мы

О сусветнае, ўсёпераможнае маўчанне першай зямлі,

Калі выйшла яна з гарніла агню і пакуты,

Перайшла ад кіпення жыцця да імгнення сну і спакою,

Да імгнення.

Ў абдоймах прабыўшы ў агню

мільёны стагоддзяў,

Астывала ад іх, каб жыццё маўкліва зачаць.

О зямля пераможнай, бязмозглай і яраснай цягі,

Перамагаючай у змроку і выпарэннях,

Калі дзіка крычаць брантазаўры, звіваючыся між

хвашчамі

І дурманнымі папарацямі ліловай вадзе.

О зямля перамагаючай чалавечай пяшчоты,

Калі дойлід за смех Хатшэпсут з каменняў будуе

легенду,

Калі майстра мадон ад кахання ўмірае ў абдымках

каханай,

Калі я аддаю ўсе імгненні свае для яе.

Хто ж мы, маці-зямля?

Мы ўсе твае дзеці,

Мы нязменныя і, як ты, кожны час шматтварыя.

Мы з чакаючай гліны на родным полі,

маўклівай і туга ўпартай,

І з агню, што віруе пад ёю, з гнева і страсці,

І з пяшчоты, што дзіўна ляжыць у губах Неферціці.

Мы такія,

І будзем такімі — давеку.

Прабудзем —

Давеку.


12.02.1962

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая