Уладзімір Караткевіч

«На Беларусі Бог жыве»

«На Беларусі Бог жыве» —

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод.

Тую праўду сцвярджае

Упартасць хваль,

І продкаў запавет,

І мовы залатая сталь,

І нашых дум сусвет.

Тую праўду сцвярджае

Ўсё зноў і зноў

Ўсім лёсам, —

Няхай спакваля, —

У хмарах дубоў,

У вясёлках агнёў

Купальская наша зямля.

І няхай давядзе мне

Іншая кроў,

Што брашу,

Як сабачы сын, —

А няма нідзе

Вярнейшых сяброў

І прыгажэйшых жанчын.

Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,

Гэты край —

Твой дом і сабор...

Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,

Адзінаццаць тысяч азёр.

Нам ёсць што піць,

З падмосткаў ліць,

Чым палі свае акрапіць,

А як давядзе, то ёсць нам дзе

І ворага ўтапіць.

І тая памяць жыве не ў царкве,

А ў кожнай жыве галаве:

«На Беларусі Бог жыве...» —

І хай сабе жыве.

А калі ён шле на нас кару і гнеў, -

Ну што ж, — мы з ім свае:

Ў вяршыні самых гонкіх дрэў

Маланка з неба б'е.

 

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў

Маланка ніколі не б'е.

 

І пра тое кожны пяе салавей

Росным кветкам у роднай траве:

«На Беларусі Бог жыве», —

І няхай да веку жыве.

 



Падрыхтавана: Hlot

Беларуская Палічка: http://knihi.com