epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

«На Беларусі бог жыве»

«На Беларусі бог жыве»,—

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод.

Тую праўду сцвярджае

Упартасць хваль,

І продкаў запавет,

І мовы залатая сталь,

І нашых дум сусвет.

Тую праўду сцвярджае

Ўсё зноў і зноў

Ўсім лёсам,—

Няхай спакваля,—

У хмарах дубоў,

У вясёлках агнёў

Купальская наша зямля.

І няхай давядзе мне

Іншая кроў,

Што брашу,

Як сабачы сын,—

А няма нідзе

Вярнейшых сяброў

І прыгажэйшых жанчын.

Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,

Гэты край —

Твой дом і сабор...

Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,

Адзінаццаць тысяч азёр.

Нам ёсць што піць,

З падмосткаў ліць,

Чым палі свае акрапіць,

А як давядзе, то ёсць нам дзе

І ворага ўтапіць.

І тая памяць жыве не ў царкве,

А ў кожнай жыве галаве:

«На Беларусі бог жыве...» —

І хай сабе жыве.

А калі ён шле на нас кару і гнеў,—

Ну што ж,— мы з ім свае:

Ў вяршыні самых гонкіх дрэў

Маланка з неба б’е.

 

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў

Маланка ніколі не б’е.

 

І пра тое кожны пяе салавей

Росным кветкам у роднай траве:

«На Беларусі бог жыве»,—

І няхай давеку жыве.


05.07.1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан