epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

На вуліцы Дэшчовай

Здзіславу Нядзелю

 

На вуліцы Дэшчовай — слата і шэрань,

І вокны,— як з неба,— гараць уначы.

І я не зведаў, нашто мая вера,

Нашто жыццё я стаўлю на шчыт?!

Нашто шукаю ў душы маёй — Слова?!

Праўда — нашто? І бой мой — нашто?

Нашто Касцюшкі капец над Дэшчовай

Так марна гарыць між цяпліц і платоў?!

Мэта, напэўна, і ёсць, і будзе,

І Вера, і Праўда, і Слова ёсць...

Вярнулі б вы толькі мне, добрыя Людзі,

Любоў да ўсяго і маю маладосць.

К нам прыходзяць...

І гінуць у скрусе...

Калі нават іх цёплай рукою бяру...

О божа, даруй маёй Беларусі!

І Польшчы!

І ўсім на свеце...

Даруй.

 

16 снежня 1971 г. Кракаў


16.12.1971

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан