epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Начная песня

Змрок на кручы заспеў рабінзона бабовага...

У Дняпро ручаінай сплывае туман.

Ўсе паехалі качак страляць на Падкову,

Абяцалі вярнуцца, ды нешта няма.

Пільна слухаю ветрык з далёкіх затокаў:

Можа, недзе Дняпром затуркоча матор.

Але ціха...

Плаўка не відаць у сутонні.

А над светам — шалёнства зіхоткае зор.

Перакрэсліўшы вудай смугу агнявую,

Я гляджу у свінцовы і грыфельны змрок...

Вось, здаецца, кругі...

Падсякаю ўсляпую...

Зноў узмах...

Зноў знікае ў прадонні плавок.

Каб не спудзіць спакою

з нядальных кшакаў,

З прыбярэжнай лазы, што цьмянее сцяной,

Ціха ўзносіцца пастка рыбацкага сака,

Ловіць зоры і іх апускае на дно.

Пэўна, лягу пад стог.

Хай з глыбіняў знямелых

У адвечным і самым бяскроўным з баёў

Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы

Да світання спадаюць у сэрца маё.


09.08.1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан