epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Над Аю-дагам — над Мядзведзь-гарою..."

Над Аю-дагам — над Мядзведзь-гарою —

Хрыбет увесь імглой завалакло.

Не ведаю, не знаю, што са мною.

Дзе ты, маё халоднае святло?!

Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах,

Маланкі незгасальныя гараць,

І як рванецца хоць адна ў абшары —

Да сэрца дрогне ўся Мядзведзь гара.

Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы,

Дай мне сябе, жывучая вада,

Каб піць цябе да скону, вечна, вечна,

Як мора п’е пахмуры Аю-даг.


29.03.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая