epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Над полем месяц двухрогі..."

Над полем месяц двухрогі,

А мне ў цішыні палявой

Адна пралягла дарога:

Да вокан любай маёй.

Яна кахае другога,

І як ні падай да ног

Убранага кветкамі бога,—

Ён не ўратуе, бог.

Свяшчэннікі усёй паднябёснай

Кахання не вымаляць мне.

А суцешаць хіба што сосны

І роднага неба свінец.

Каб глядзеў я ў вочы іконе,

Як у вочы лепшай з дзяўчын,—

Узялі б мяне ў божае лона,

Ўзвялі ў апостальскі чын.

Каб бегаў я ў божую хату.

Так, як пад хату тваю,—

Мяне б серафімы крылатыя

Жывым пасялілі ў раю.


1984?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан