epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Надзея лістападу

Лістапад маё сэрца забіў, забіў,

Я іду ў зімовую бель,

Згубіўшы ўсё, што магчыма згубіць,

Акрым вечнай веры ў цябе.

Я веру, ты недзе жывеш, жывеш,

Ты таксама пакуль што спіш,

Да леснічоўкі глухой ідзеш

Або ў ззянні сафітаў стаіш.

Магчыма сярод чужынскіх снягоў,

Магчыма ў родных лугах,

Магчыма ў доме сябра майго,

Як дух яго ачага.

І спяшаюцца ногі ў зімовую бель

Насустрач вясне і ільду.

Я іду ў сваю восень шукаць цябе.

Здолею — значыць знайду.

Ты — заранкі апошняя паласа,

Ты — рабіна ў асенніх палях,

Вецер надзеі ў маіх валасах,

Росы слёз на маіх нагах.

І мне нельга згубіць цябе.

Ў цемры вякоў

Атрымаць замест вуснаў жывых

Адчай Алімпа, дзе з вольных ваўкоў

Робяць дачных псоў вартавых.

Ў валасах маіх снежная восып руж,

У душы замест снежня — май.

Я знайду цябе, сонца, вазьму, забяру

Бо мяне без цябе няма.

Ты чуеш? Я грозную песню вяду,

І лясы забываюць свой сон.

Я іду — ты чуеш мяне? — я іду,

Твой меч, твой пярун, твой агонь.

Я іду, каб навекі абняць твой стан,

Я іду, як шчасце і жах,

Закаханы ў цябе асенні буран

З пялёсткамі ў валасах.


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая