epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Нараканні Насрэдзіна Ахмет-Аха эфендзі

Нараканні Насрэдзіна Ахмет-Аха эфендзі1

 

Чым дапікнуў табе стары мула?

За што, алах, караеш і караеш?

У Бухары і ў Басры мора зла,

І пекла ў Мерве і ў Бахчысараі

Ніхто прыўзняць не хоча галавы,

Ў былых садах пануе запусценне.

Па ўсёй зямлі — ад Хіны да Хівы

Пануе зло без літасці й сумлення.

Нашто мне вочы есць айчыны дым?

Чаму да скону суджана нябогу

Не студню бачыць, што патрэбна ўсім,

А мінарэт, нацэлены у бога?!.

Вакол мяне душыцеляў гайня.

Каранам б’юць па чалавечых марах,

А ў кожнай суры — нізкая хлусня...

І нізасць рабская у кожным твары.

Цалуюць ногі, хоць ты іх пілуй,

Гнілым мулам і хцівым царадворцам,

Ліслівяць, хлусяць, льюць аслам хвалу,

Гной ішака ўсхваляюць светлым сонцам.

А, што ўжо там: на ўсіх вісіць ярмо.

Па ўсёй зямлі адна і тая ж пошасць.

Зусім аднолькава смярдзіць дзярмо

Ў раба й султана, ў гяўра і святошы.

Каго мне джаліць і каго караць?

Каго ўратуе шлях пакутны ў Мекку,

Калі на ўвесь народ, на ўвесь мой край

Ці два, ці тры з найменнем Чалавека?

Што горды здзек, што вольнай песні ўзлёт

Для чарады, чый лёс — бізун агідны.

Як мне далей любіць такі народ?..

Няшчасны мой...

Ўлюбёны...

Ненавідны...

1 Насрэдзін Ахмет-Аха эфендзі — вандроўны цюркскі філосаф XVII ст. Выкрывальнік раскошы і распусты.

Стаў фальклорным героем турэцкіх і татарскіх казак пад імем Ахмет Ахая.


красавік 1967; 03.12.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомая
Крыніца: невядомая