epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Наследаванне Сыракомлю

«Вясна будзе»,— людзі баюць.

Ды нашто нам росквіт той?

Мы адвыкнулі ад мая,

Нас не выручыць ніхто.

Ў скутай інеем краіне,

Ў мерзлай пушчы векавой

Толькі елкі цяжка стынуць

Мёртвай зеленню сваёй.

Ды палі ў снягах калеюць,

Ды на гора і на смех

Мох магільны зелянее

На капцах мужыцкіх стрэх.

Чэзнеш нівай непалітай,

Усялякі церпіш зброд.

Ці ўваскрэснеш? Ці жывы ты?

Ці забіты, мой народ?

Каб вясне прабіць дарогу,

Каб калісь вярнуўся рай,—

Слова праўды, слова бога

Мусіш слухаць, родны Край.

І тады адтануць гоні,

Цеплынёй дыхне ралля,

Раем зоймецца зялёным

Маці — родная зямля.

Пройдзе нівамі, лясамі

Бог свабоды залатой.

Калі мы не ўстанем самі —

Не падыме нас ніхто.

 

14 лістапада 1979 г.

18.35 Мінск


14.11.1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан