epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Нават сцюжным зімовым вечарам..."

Нават сцюжным зімовым вечарам

Або увосень, як зліва лье,

Як цябе я на вуліцы стрэчу —

Падгінаюцца ногі мае.

 

Што казаць пра майскае ранне,

Калі ў росах салоўка б’е?

Што скажу я табе, каханы?..

Падгінаюцца ногі мае.

 

Што скажу са сваёй гаротай?

Хаты побач, а...

кроч не кроч,

Будзе тое ж:

салоўка, журбота,

Цыгарэты агеньчык ля плота

І маўчанне ў цёплую ноч.

 

Будзе тое ж:

начныя лукі

Без світання.

Салоўка пяе.

Пакахай жа, вазьмі на рукі —

Падгінаюцца ногі мае.




Беларуская Палічка: http://knihi.com