epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Нявесце Каліноўскага

Недзе поруч ляжалі дарогі,

Кліч кахання ляцеў ад ніў,

Але ён не кахаў нікога,

Бо занадта радзіму любіў.

Варты лепшага ў свеце кахання,

Рана скончыўшы мужны палёт,

Русы хлопец золкім світаннем

На высокі ўзышоў эшафот.

Плач людскі барабаны крыюць,

І ад пошчаку глухне зямля.

На высокую гордую шыю

Успаўзае змяёю пятля.

З плачам жоравы пралятаюць.

Курганы і магільны жвір,

Непалітая ніва святая,

Плач жанчын, эшафот і Сібір.

Нікні гожаю галавою,

Па нязнанай страце ўздыхай.

Дарагая, ты стала ўдавою,

Не пабачыўшы жаніха.

Вашы кветкі ў лугах завялі,

Месяц марна згарэў над ракой,

Ты чакала яго, а стала

І нявестай і жонкай чужой.

І чамусьці ў сэрцы, як рану,

Я нясу твой нязбыты лёс,

Не даруючы ўсім тыранам

Непралітых табою слёз.


05.07.1960

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая